Трамп можа сустрэцца з Зяленскім у гэтую пятніцу ў Вашынгтоне
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп няўпэўнена паведаміў, што ў гэтую пятніцу да яго можа завітаць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ва Украіне гэтае паведамленне пакуль не пацвярджаюць. У той жа час Расія купляе зброю ў Паўночнай Карэі — і, напэўна, не для таго, каб проста яе купіць.

Ідзе 1099-ты дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў ёй рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Расійская армія актыўна атакуе пазіцыі сіл абароны каля Пакроўска, у Курскай вобласці Расіі і Новапаўлаўскім кірунку. За суткі адбылося 98 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 лютага.
На Пакроўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 25 атак расійцыў ў раёнах Прамяня, Тарасаўкі, Котлінага, Пясчанага, Андрэеўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны спынілі 11 расійскіх атак.
На Ліманскім кірунку расійскія войскі здзейснілі 9 атак, спрабуючы прарваць абарону каля Торскага, Ямполаўкі.
На Северскім і Купянскім кірунках расійцы атакавалі па 7 разоў на кожным. Па пяць атак адбіта на Тарэцкім і Арэхаўскім кірунках.
У Курскай вобласці Расіі УСУ адбілі 16 штурмавых атак расійцаў.
* * *
Сілы абароны Украіны прасунуліся пад Купянскам, але расійцы працягваюць атакі на Купянскім кірунку і ў Курскай вобласці, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 25 лютага, паказваюць, што расійцы прасунуліся ў цэнтры Паграбкоў у Курскай вобласці Расіі.
Геалакацыйныя кадры ад 25 лютага паказваюць, што УСУ прасунуліся на поўнач ад Купянска — на захад ад трасы Р-79 Двурэчная — Купянск. Расіяне прасунуліся на паўночны захад ад Табаеўкі — на паўднёвы ўсход ад Купянска.
25 лютага Генштаб УСУ апублікаваў карту, на якой пазначана, што войскі РФ прасунуліся на паўднёвы захад ад Цернаў на Ліманскім кірунку.
Расійскія крыніцы сцвярджалі, што войскі РФ нібыта захапілі Белагораўку. Звязаны з Крамлём расійскі блогер заявіў, што пуцінскія войскі захапілі большую частку Белагораўкі, але не ўвесь населены пункт. «Ваенкор» сцвярджаў, што УСУ ўтрымліваюць пазіцыі на ўскраінах населенага пункта, што працягваюцца баі ў заходняй частцы Белагораўкі, а паўночная частка горада з'яўляецца спрэчнай «шэрай зонай».
Дэсантна-штурмавыя войскі УСУ паведамляюць, што ўкраінскія падраздзяленні ўзялі пад кантроль населены пункт Котліна непадалёк ад Пакроўска. УСУ выбілі ворага за межы вёскі і не далі таму замацавацца.
* * *
З вечара 25 лютага расійцы атакавалі Украіну 177-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі-імітатарамі розных тыпаў; 110 дронаў атрымалася знішчыць, яшчэ 66 былі лакацыйна страчаныя, паведамляюць паветраныя сілы ВСУ. У Бучанском раёне Кіеўскай вобласці расійскі дрон трапіў у двухпавярховы жылы дом: адзін чалавек загінуў. Яшчэ двое атрымалі раненні ў іншым пасёлку, у якім — не паведамляецца.
* * *
Расійскае Мінабароны заявіла, што ў ноч на 26 лютага нібыта знішчыла над рэгіёнамі РФ і часова акупаваным Крымам 128 беспілотнікаў. Расійскія Telegram-каналы пішуць, што выбухі чулі ў Туапсэ і Анапе Краснадарскага краю РФ. Аэрапорт Сочы закрывалі праз атаку БПЛА. Мясцовыя жыхары паведамляюць, што дроны атакавалі Туапсінскі марскі гандлёвы порт.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, верагодна, прыбудзе ў Вашынгтон у пятніцу, 28 лютага, для асабістай сустрэчы. Паводле яго, падчас перамоваў можа быць падпісана пагадненне па здабычы карысных выкапняў.
«Я чуў, што ён (Зяленскі – рэд.) прыязджае ў пятніцу (28 лютага – рэд.). Вядома, я не супраць, калі ён захоча. І калі ён захоча падпісаць яго разам са мной-калі ласка... Я разумею, што гэта вялікая здзелка, вельмі вялікая... Магчыма, здзелка на трыльён долараў. Гэта можа быць што заўгодна, бо гаворка ідзе пра рэдказямельныя металы і іншыя рэсурсы», — заявіў Трамп.
На пытанне журналіста пра тое, што Украіна атрымае наўзамен, Трамп адказаў, што гэта «350 мільярдаў долараў у выглядзе вялікай колькасці абсталявання і вайсковай тэхнікі і права змагацца далей».
Афіцыйнага пацвярджэння з боку ўкраінскага ўрада пакуль няма.
* * *
Паўночная Карэя можа павялічыць пастаўкі зброі ў Расію. Частка ўзбраенняў Пхеньян перадае краіне-агрэсару спецыяльным суднам праз мора, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У аўторак, 25 лютага, у Маскву прыбыла дэлегацыя Працоўнай партыі Паўночнай Карэі. Візіт праходзіць па запрашэнні кіруючай партыі «Адзіная Расія» на фоне паведамленняў аб тым, што Пхеньян можа пастаўляць у Расію большую колькасць зброі. Паводле інфармацыі пасольства Расіі ў КНДР, дэлегацыі абмяркуюць пашырэнне супрацоўніцтва паміж «Адзінай Расіяй» і Працоўнай партыяй Карэі ў адпаведнасці з Дагаворам аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве паміж Расіяй і Паўночнай Карэяй, які набыў моц у снежні 2024 года.
Паўднёвакарэйскае СМІ Korea JoongAng Daily 24 лютага паведаміла, што сабраныя Planet Labs PBC камерцыйныя спадарожнікавыя здымкі паказваюць 110-метровае судна, якое ўваходзіць і выходзіць з паўночнакарэйскага порта Расон ля мяжы з Кітаем і Расіяй. У ISW перакананыя, што Паўночная Карэя, імаверна, выкарыстала порт Расон для перадачы боепрыпасаў ва Уладзівасток у лістападзе 2023 года.
* * *
Міністр фінансаў Францыі Эрык Ламбар лічыць, што Злучаныя Штаты падтрымаюць еўрапейскія сілы для забеспячэння міру ва Украіне пасля заключэння пагаднення аб спыненні агню. «Мы хочам, каб гэтае перамір'е гарантавалася еўрапейскімі войскамі з амерыканскай падтрымкай. З гэтай нагоды прэзідэнт Трамп сказаў, што ён пагодзіцца», — заявіў Ламбар.
Раней на гэтым тыдні Ламбар і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон наведалі Вашынгтон, каб абмеркаваць Украіну і гандаль са сваімі амерыканскімі калегамі, прэзідэнтам Дональдам Трампам і міністрам фінансаў Скотам Бессентам.
24 лютага Трамп публічна падтрымаў размяшчэнне еўрапейскіх войскаў для сачэння за патэнцыйным «спыненнем агню» ва Украіне і дапусціў, што ЗША могуць даць ім пэўную падтрымку. Зрэшты, па даных СМІ, Трамп не даў нейкіх канкрэтных абавязальніцтваў па падтрымцы еўрапейскага кантынгенту.