Што лічыць перамогай над Расіяй?

Украінцы падзяліліся думкамі наконт пытання, што лічыць перамогай над Расіяй. Такія вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага сацыялагічнай службай Цэнтра Разумкова з 19 па 25 студзеня.

Фота: Getty
Images

Фота: Getty Images

85% украінцаў вераць, што Украіна выйграе вайну, але разыходзяцца ў тым, як мусіць выглядаць перамога над Расіяй. Прынамсі, пра гэта кажуць вынікі апытання сацыялагічнай службы Цэнтра Разумкова, піша www.pravda.com.ua.

  • Сярод тых, хто верыць у перамогу, 38% апытаных лічаць, што гэта выгнанне расійскіх войскаў з усёй тэрыторыі Украіны і аднаўленне меж па стане на студзень 2014 года;

  • 27% палічылі б перамогай знішчэнне расійскай арміі і спрыянне паўстанню/развалу ўнутры Расіі; 

  • 13% апытаных палічылі б перамогай аднаўленне статус-кво ад 23 лютага 2022 года; 

  • 7% называюць перамогай выгнанне расійскіх войскаў з усёй тэрыторыі Украіны, акрамя акупаванага Крыма; 

  • нарэшце 4% пад перамогай разумеюць спыненне вайны, нават калі расійскае войска застанецца на тэрыторыях, захопленых у выніку поўнамаштабнага ўварвання (пасля 24 лютага 2022 года).

У цэлым у перамогу Украіны ў гэтай вайне вераць 85% апытаных (ад 78% жыхароў усходу краіны да 88,5% жыхароў заходняга рэгіёна), а не вераць 8,5% (ад 5,5% на захадзе да 13% на ўсходзе краіны).

Што тычыцца тэрмінаў перамогі над Расіяй, то сярод тых, хто верыць у перамогу, 20% лічаць, што яна адбудзецца да канца гэтага года (адметна, што ў лютым-сакавіку 2023 года 50% лічылі, што перамога наступіць да канца 2023 года).

40% апытаных лічаць, што гэта наступіць праз 1-2 гады (у лютым-сакавіку 2023 года так лічылі толькі 26%).

На тое, што гэта зойме ад 3 да 5 гадоў, разлічваюць 14% (7%, адпаведна, так думалі ў лютым-сакавіку 2023 года), больш за 5 гадоў — 3% (1%, адпаведна, у лютым-сакавіку 2023 года).

У тым, што перамога адбудзецца «наўрад ці ў маім жыцці», перакананы 1% і 0,4% адпаведна.

Пабольшала і тых, хто не ведае, калі менавіта можна чакаць перамогі (22% і 15% адпаведна). 

 

Цэнтр Разумкова (вынікі апытання)

Цэнтр Разумкова (вынікі апытання)


Як ладзілася апытанне?

Апытанне праводзілася Цэнтрам Разумкова з 19 па 25 студзеня 2024 года вочным метадам у 22 абласцях і Кіеве (у Запарожскай, Мікалаеўскай, Харкаўскай, Херсонскай абласцях — толькі на падкантрольных ураду Украіны тэрыторыях, дзе не вядуцца ваенныя дзеянні).

Усяго было апытана 2000 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 гадоў. Тэарэтычная хіба выбаркі не перавышае 2,3%.

Нагадаем: паводле апытання YouGov для больш шырокага даследавання «Войны і выбары: як еўрапейскія лідары могуць падтрымліваць грамадскую падтрымку Украіны», падтрымка Украіны застаецца шырокай сярод еўрапейцаў, але амаль праз два гады пасля поўнамаштабнага ўварвання толькі 10% лічаць, што Украіна можа перамагчы Расію.