Страты Расіі ў вайне з Украінай перавысілі 900 тысяч чалавек
Страты Расіі ў вайне з Украінай перавысілі 900 тысяч чалавек — па звестках украінскага боку. Расійскі бок статыстыкі па стратах не прадстаўляе. Вайна ва Украіне працягваецца, і няма ніякіх сігналаў, што Пуцін згодны яе спыніць хаця б часова. Эксперты раяць Дональду Трампу ўзяць у рукі бізун, як ён і абяцаў. Ідуць 1122-я суткі ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота: РБК-Украіна
За мінулыя суткі, 20 сакавіка, на фронце адбылося 166 баявых сутыкненняў. Больш за ўсё расійцы ціснулі на Пакроўскім кірунку, там абаронцы Украіны адбілі 53 штурмавыя дзеянні агрэсара ў раёнах населеных пунктаў Панцеляймонаўка, Александропаль, Зялёнае Поле, Тарасаўка і не толькі, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ 21 сакавіка.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 25 атак непадалёк населеных пунктаў Дачнае, Дружба і Тарэцк.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 22 разы ў кірунках Новага, Новаміхайлаўкі і паблізу Ямпалаўкі, Капанак і Надзеі.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы напрацягу мінулага дня здзейснілі 15 атак у бок Шаўчэнкі і ў раёнах Вольнага Поля, Канстанцінопаля і Разліву.
У Курскай вобласці Расіі армія РФ здзейсніла 18 атак на пазіцыі ўкраінскіх войскаў.
* * *
У ноч на 21 сакавіка аналітыкі праекта Deepstate паведамілі аб прасоўванні расійцаў у населеным пункце Запарожжа Данецкай вобласці і Курскай вобласці РФ.
* * *
Расійская армія спынілася на Пакроўскім кірунку. «Бывае, што мы вызваляем нейкі населены пункт, бывае, што Расія акупуе. Але агулам прасоўвання, якое там было месяцы паўтары-два таму, калі яны там трымалі даволі сур'ёзны тэмп, ужо няма», — кажа ваенны эксперт Павел Нарожны.
Эксперты называюць дзве прычыны, чаму расійцы спыніліся на Пакроўскім кірунку. Першая — пэўную колькасць свайго кантынгенту арміі РФ прыйшлося перакінуць у Курскую вобласць, перш за ўсё — аператараў дронаў. І другая — стомленасць.
«Галоўная прычына ў тым, што яны вельмі актыўна атакавалі, пачынаючы з лістапада па канец студзеня. Праз гэтыя атакі яны стачылі свае функцыянальныя падраздзялення і вельмі моцна выдыхліся», — дадае эксперт.
* * *
Сілы абароны Украіны прасунуліся ў Белгарадскай вобласці. Разам з тым фіксуецца прасоўванне расійскіх войск паблізу Тарэцка, Пакроўска, Вялікай Навасёлкі, а таксама ў Курскай вобласці, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Як паказваюць геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 19 сакавіка, УСУ прасунуліся на паўночны захад ад Прылесся (на паўночны захад ад Белгарада ўздоўж міжнароднай мяжы). Расійскія «ваенкоры» апублікавалі карты, якія пацвярджаюць прасоўванне УСУ ў полі на паўднёвы захад ад Дзямідаўкі (на поўнач ад Прылесся).
Таксама расійскія блогеры сцвярджалі, што УСУ прасунуліся да наваколля Ліпцаў (на паўднёвы захад ад Прылесся), але не захапілі Ліпцы або Дзямідаўку. Пры гэтым у ISW адзначаюць, што пацвярджэнняў такіх заяў пакуль няма.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 19 сакавіка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на поўначы Рубаншчыны (на захад ад Суджы) і ў лясістай мясцовасці на паўднёвы ўсход ад Гогалеўкі (непасрэдна на захад ад Рубаншчыны).
Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец заявіў, што УСУ контратакуюць пад Двурэчнай (на поўнач ад Купянска) у Луганскай вобласці.
Геалакацыйныя кадры ад 19 сакавіка паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на паўночны захад у паўночнай частцы Тарэцка. Пуцінскія войскі спрабуюць перарэзаць украінскае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне паблізу Тарэцка і захапіць кантроль над дарогамі, па якіх УСУ заязджаюць у Тарэцк і выязджаюць з яго. Адзін расійскі блогер сцвярджаў, што нядаўняе прасоўванне войскаў РФ паблізу былога піянерскага лагера «Бярозка» ў заходняй частцы Тарэцка ўскладніць спробы УСУ эвакуяваць і папоўніць пазіцыі з дапамогай грузавых беспілотнікаў і бронетэхнікі.
Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на Пакроўскім кірунку да трасы Т-0504 Пакроўск — Канстанцінаўка на захад ад Вадзянога Другога (на ўсход ад Пакроўска) і да вуліцы Новая на поўначы Шаўчэнкі (на поўдзень ад Пакроўска).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 19 сакавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся ўздоўж вуліцы Стэпавая ва ўсходняй частцы Навасёлкі (на паўднёвы захад ад Вялікай Навасёлкі). Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец 20 сакавіка паведаміў, што прасоўванне расійцаў у кірунку Вялікай Навасёлкі значна замарудзілася. Ён адзначыў, што падраздзяленні 40-й і 336-й марскіх пяхотных брыгад РФ становяцца менш баяздольнымі праз значныя страты асабовага складу.
* * *
З вечара 20 сакавіка расійцы атакавалі Украіну 214-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў. 114 дронаў атрымалася знішчыць, яшчэ 81 былі лакацыйна страчаныя, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
У выніку расійскай атакі пацярпелі Адэская, Хмяльніцкая, Сумская і Кіеўская вобласці.
Варта зазначыць, што ў час нападу ў Адэскай вобласці знаходзіўся прэзідэнт Чэхіі Петэр Павел.
* * *

* * *
Уладзімір Пуцін працягвае наладжваць унутраную аўдыторыю Расіі на падрыхтоўку да зацяжной вайны ва Украіне, а не да ўстойлівага міру, заснаванага на кампрамісе, пішуць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW). Яны адзначаюць, што за тыдні Пуцін і іншыя чыноўнікі ўзмацняюць мэсэджы аб тым, што Расія чакае працяглай вайны ва Украіне і міру толькі на ўмовах Крамля.
У прыватнасці яны звяртаюць увагу на сустрэчу Пуціна з бізнесменамі падчас з'езда Расійскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Крыніцы і журналісты, якія знаходзіліся на гэтай сустрэчы, сцвярджаюць, што Пуцін папярэдзіў расійскіх бізнесоўцаў аб павольных і цяжкіх перамовах аб спыненні вайны, і параіў прадстаўнікам бізнесу «не быць наіўнымі», улічваючы той факт, хто і якія пытанні будзе абмяркоўваць. Пуцін таксама публічна заявіў, што Расіі не варта чакаць ад Захаду хуткай адмены санкцый.
У ISW адзначылі, што Крэмль ужо даўно транслюе расійскія патрабаванні аб тэрытарыяльных саступках і саступках у сферы бяспекі за межамі цяперашняй лініі фронту. Уладам РФ гэта трэба, каб апраўдаць ваенныя намаганні перад унутранай аўдыторыяй.
«Пуцін і іншыя крамлёўскія чыноўнікі, імаверна, працягнуць пераконваць унутраную аўдыторыю ў тым, што вайна ва Украіне застаецца зацяжной аперацыяй, і што Расія не дасягне міру ва Украіне хутка», — мяркуюць аналітыкі.
Паводле справаздачы ISW, крамлёўскія чыноўнікі працягваюць узмацняць наратывы, якія паказваюць на тое, што Пуцін застаецца адданым сваёй даўняй мэце - заваёве Украіны. І спрабуе выкарыстаць маючыя адбыцца перамовы аб спыненні агню, каб дамагчыся апераджальных саступак з боку Украіны і ЗША.
* * *
Трампу пара ўжыць да Пуціна бізун, заявіў у каментары «Укрінфарму»былы амбасадар ЗША ва Украіне Стывен Пайфер.
Паводле яго слоў, прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Дональд Трамп ужо зрабіў расійскаму дыктатару Пуціну шмат «падарункаў» з нагоды вайны ва Украіне, але яго мірны план па завяршэнні вайны так і не сустрэў згоды ў Маскве. Дыпламат кажа, што Пуцін не пагадзіўся на 30-дзённы прыпынак агню, але пагадзіўся спыніць атакі толькі на энергетычную інфраструктуру. Акрамя таго, Пуцін высунуў шэраг умоў для поўнага спынення агню.
«Гэта не было адказам „так“ з боку Пуціна на прапанову ЗША», — падкрэсліў Пайфер.
Ён таксама адзначыў, што няма прыкмет таго, што расійцы адмовіліся ад сваіх максімалісцкіх патрабаванняў, якія азначаюць капітуляцыю Украіны. Экс-амбасадар падкрэсліў, што калі Пуцін не пойдзе на кампраміс, пагадненне немагчыма будзе заключыць.
«Прыйшоў час увесці новыя больш жорсткія санкцыі супраць дзяржавы-агрэсара, тым самым вымусіўшы Маскву да канструктыўных дамоўленасцяў па ўсталяванні міру ва Украіне», — сказаў ён.
«Час Трампу дастаць бізун — напрыклад, узмацніць санкцыі супраць Расіі, а таксама папрацаваць з G7, каб арыштаваць актывы расійскага Цэнтрабанка і канвертаваць іх у фонд падтрымкі Украіны», — адзначыў Пайфер.
* * *
Па даных The Telegraph, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон разглядае магчымасць стварэння місіі для абароны Украіны падчас патэнцыйнага будучага мірнага пагаднення пад эгідай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Макрон падняў тэму альтэрнатывы ААН на саміце Еўрапейскага савета ў чацвер разам з Антоніу Гутэрышам, генеральным сакратаром ААН у пытаннях бяспекі, які быў госцем сабраных лідараў ЕС. Аднак, як адзначае выданне, такія перспектывы выглядаюць прывіднымі, паколькі «любыя міратворчыя сілы ААН маюць патрэбу ва ўхваленні Рады Бяспекі ААН», у якую ўваходзіць Расія, і мае там права вета.