Спецслужбы Захада вінавацяць Кітай ва ўтойванні інфармацыі пра каронавірус
Кітай наўмысна знішчаў звесткі пра выбліск каронавіруса ва Ухані. Да такой высновы прыйшлі спецслужбы ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Аўстраліі і Новай Зеландыі.
Кітай наўмысна хаваў або знішчыў доказы выбліска каронавіруса SARS-CoV-2. Пра гэта ў нядзелю, 3 траўня, паведаміла лонданская газета The Daily Telegraph са спасылкай на 15-старонкавы даклад, падрыхтаваны разведвальным альянсам «Пяці вачэй», у які ўваходзяць спецслужбы ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Аўстраліі і Новай Зеландыі .
У дакуменце гаворыцца, што ўрад Кітая, «ствараючы пагрозу для іншых краін», хаваў любыя навіны аб з'яўленні каронавіруса, прымушаючы лекараў да маўчання або выкрадаючы іх, знішчаючы дадзеныя пра вірус у лабараторыях і адмаўляючыся прадастаўляць біяматэрыялы замежным навукоўцам, якія працавалі над стварэннем вакцыны.
На думку аўтараў дакладу, Пекін яшчэ ў пачатку снежня 2019 года меў доказы перадачы інфекцыі ад чалавека да чалавека, аднак адмаўляў гэты факт аж да 20 студзеня. Згодна з дакументам, 3 студзеня Нацыянальны камітэт аховы здароўя Кітая даў указанне знішчыць ўзоры каронавіруса і не друкаваць інфармацыю пра невядомую інфекцыю.
Эксперыменты з каронавірусам
З дакладу вынікае, што ўрад Аўстраліі навучаў і фінансаваў групу кітайскіх навукоўцаў з лабараторыі, якая займалася генетычнымі мадыфікацыямі смяротных каронавірусаў, якія могуць перадавацца ад кажаноў да чалавека і не паддаюцца лячэнню.
Навукоўцы таксама правялі даследаванні па сінтэзе каронавірусаў, падобных SARS, каб усталяваць, ці могуць яны перадавацца ад кажаноў да сысуноў. Гэта даследаванне, праведзенае ў лістападзе 2015 года сумесна з універсітэтам штата Паўночная Караліна, паказала, што вірус, падобны на SARS, можа перадавацца наўпрост ад кажаноў да чалавека і не паддаецца лячэнню.
Рознагалоссі ў заходніх спэцслужбах
Як адзначае Daily Telegraph, паміж спецслужбамі, якія ўваходзяць у альянс «Пяць вачэй», паўсталі рознагалоссі з нагоды паходжання каронавіруса SARS-CoV-2. У той час як аўстралійская разведка лічыць, што вірус з'явіўся на рынку ва Ухані, што адпавядае афіцыйнай версіі ўладаў КНР, амерыканская выведвальная супольнасць, куды ўваходзяць 17 ведамстваў, у тым ліку ЦРУ і ФБР, пакуль не вызначылася з канчатковымі высновамі пра паходжанне віруса, аднак скептычна ставіцца да аўстралійскай версіі.
dw.com