СМІ: Падтрымка Украіны ў значнай ступені кладзецца на плечы Еўропы
Расія не збіраецца заканчваць вайну ва Украіне, пра што было сказана Дональду Трампу амаль адкрытым тэкстам. Аднак Трамп таксама не хоча ціснуць на Расію. Такім чынам, лідзіруючая роля ў «прымусе» Расіі да міру і заканчэнні вайны ва Украіне пераходзіць да Еўропы. І пэўныя захады ў гэтым кірунку ўжо плануюцца. Ідзе 1184-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 144 баявыя сутыкненні, піша Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 траўня.
Галоўным па-ранейшаму застаецца Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі 54 штурмавых дзеянні расіян ў раёнах Яблонаўкі, Зары, Шаўчэнка Першага, Новай Палтаўкі, Міралюбаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Дачэнскага, Котліна, Новасергіеўкі, Траецкага, Андрэеўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 19 атак расійцаў у раёнах Багатіру, Атраднага, Шаўчэнкі, Вясёлага, Раўнаполю, Зялёнага Поля і іншых.
На Ліманскім кірунку адбылося 17 баёў. Расіяне атакавалі ў раёнах Рэдкадубу, Грэкаўкі, Зялёнай Даліны, Альгоўкі, ў Серабранскім лесе і іншых.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 16 атак у раёнах Дыліеўкі, Дружбы, Тарэцка.
Па чатыры атакі адбылося на Купянскім і Арэхаўскім кірунках, па тры атакі — на Краматорскім і Гуляйпольскім кірунках.
У Курскай вобласці Расіі ўкраінскія войскі адбілі пяць атак расіянн. Армія РФ нанесла 17 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, ужыўшы пры гэтым 34 кіраваныя авіяцыйныя бомбы.
* * *
Уладзімір Пуцін можа планаваць захоп горада Сумы і часткі Сумскай вобласці, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У справаздачы эксперты звяртаюць увагу на нібыта наведванне Пуціным Курскай вобласці 20 траўня, дзе расійскі кіраўнік правёў сустрэчу з мясцовымі чыноўнікамі. Падчас сустрэчы да Пуціна звярнуліся з просьбай стварыць буферную зону на тэрыторыі Сумскай вобласці. Ён спытаў, наколькі глыбокай павінна быць гэтая буферная зона, і яму адказалі, што Расія павінна захапіць «прынамсі Сумы».
Сумы размешчаныя за 25 кіламетраў ад міжнароднай мяжы і буферная зона разам з горадам зрабіла б немагчымым выкарыстанне Сіламі абароны Украіны ствольнай артылерыі і тактычных дронаў для ўдараў па тэрыторыі Расіі, адзначаюць эксперты.
Таксама падчас перамоваў 16 траўня ў Стамбуле расійская дэлегацыя пагражала ўкраінскаму боку захопам Сумскай вобласці для стварэння «зоны бяспекі».
«Крэмль, імаверна, інсцэніраваў узаемадзеянне на сустрэчы 20 траўня, каб пазіцыянаваць Пуціна, як эфектыўнага лідара падчас вайны, які рэагуе на заклікі расійцаў у далейшым прасоўванні ў Сумскай вобласці і намякае на прэтэнзіі Расіі на большую частку ўкраінскай тэрыторыі», — мяркуюць эксперты.
Але ў ISW перакананыя, што расійскія войскі наўрад ці змогуць захапіць Сумы ў каротка- і сярэднетэрміновай перспектыве. Прычынай аналітыкі назвалі прадэманстраваную за апошнія тры гады няздольнасць арміі РФ хутка браць пад кантроль нават значна меншыя населеныя пункты. Расійскія войскі не дэманстравалі здольнасці акупаваць буйныя гарады нават з першых месяцаў поўнамаштабнага ўварвання — з ліпеня 2022 года, пасля захопу Лісічанска ў Луганскай вобласці, расійцы не змаглі ўзяць пад кантроль ніводнага ўкраінскага горада з даваенным насельніцтвам больш за 100 тысяч чалавек.
Пры гэтым у ISW адзначылі, што Лісічанск быў узяты ў выніку павольнага і знясільваючага наступу, які вычарпаў расійскі наступальны патэнцыял настолькі, што Пуцін вымушаны быў абвясціць мабілізацыю ў верасні 2022 года.
* * *
У ноч на 22 траўня расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Халоднагорскаму раёну Харкава, у выніку якога пашкоджаны восем прыватных дамоў. У двух чалавек — вострая рэакцыя на стрэс, паведаміў мэр Харкава Ігар Церахаў.
Таксама ўначы атакавалі беспілотнікамі Днепрапятроўскую вобласць, у выніку чаго пашкоджана прамысловае прадпрыемства, жылыя дамы і аўто, адбылося некалькі пажараў. Людзі не пацярпелі.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас тэлефоннай размовы з еўрапейскімі лідарамі ў панядзелак, 19 траўня, прызнаў, што расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін не гатовы да заканчэння вайны ва Украіне, бо мяркуе, што ён перамагае, напісаў The Wall Street Journal са спасылкай на трох чалавек, знаёмых з дэталямі размовы
«Гэта прызнанне... супярэчыць публічным заявам Трампа, дзе ён неаднаразова сцвярджаў, што Пуцін шчыра імкнецца да міру», — адзначае WSJ.
Нягледзячы на гэта, Трамп не пагадзіўся на патрабаванні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і еўрапейскіх лідараў узмацніць ціск на Расію.
«Хоць гэтая спроба не прывяла да ўвядзення новых санкцый, еўрапейцы ўсё ж убачылі пэўны пазітыў. Працэс дапамог растлумачыць для ўсіх, уключаючы Трампа, пазіцыю Пуціна: ён не гатовы спыніць вайну. Для Еўропы гэта стала пацвярджэннем таго, што падтрымка Украіны ў значнай ступені кладзецца на іх плечы. Са слоў крыніц, у Еўропе мяркуюць, што адміністрацыя Трампа не будзе спыняць экспарт амерыканскай зброі, пакуль яе будуць аплачваць Еўропа ці Украіна», — піша WSJ.
Падчас асобнай размовы з Макронам, Мерцам, Мелані і прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам Трамп абвясціў, што накіруе дзяржсакратара Марка Рубіё і спецпасланніка Кіта Келага на будучыя перамовы ў Ватыкане. Падчас размовы еўрапейскія лідары настойвалі, што вынікам любых перамоваў у Ватыкане павінна стаць безумоўнае спыненьне агню. Але Трамп зноў устрымаўся, заявіўшы, што яму не падабаецца слова «безумоўнае». Ён заявіў, што ніколі не выкарыстоўваў яго, хоць насамрэч ужыў гэта слова ў сваім пасце ў сацсетцы Truth Social 8 траўня, калі заклікаў да 30-дзённага спынення агню.
* * *
Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін паведаміў Трампу пра распрацоўку мемарандума, які ў будучыні можа прывесці да дамовы пра мір ва Украіне. Але ўлады РФ, падобна, прыдумалі прычыну, каб сарваць падпісанне гэтага дакумента, адзначае РБК-Украіна.
У каментары СМІ па гэтым пытанні дырэктар прававога дэпартамента МЗС РФ Максім Мусіхін заявіў даўні прапагандысцкі лозунг, што для падпісання дакумента неабходная «новая ўлада» ва Украіне. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нібыта нелегітымны.
«Важна тое, чый подпіс (на дакументах - рэд.), таму што цяпер цяперашні іх кіраўнік ужо даўно страціў нават унутраную легітымнасць, не тое што знешнюю. Адпаведна, могуць быць праблемы з рэчаіснасцю любой дамовы, якая падпісваецца такой асобай», — сказаў ён.
«Трэба, каб украінскі народ у вольным волевыяўленні вызначыў свайго новага кіраўніка. Тады будзе легітымны падпісант. А цяпер ідзе гаворка пра нейкія ўнутраныя патрабаваньні ўкраінскай Канстытуцыі. Па ідэі, калі фармальна глядзець, гэта ў кіраўніка парламента (на сёння Руслана Стэфанчука - рэд.) нейкія паўнамоцтвы па падпісанні. Ці дазволяць яму гэта рабіць унутры ўласнай краіны — вялікае пытанне», — заявіў расійскі чыноўнік.
Расія неаднаразова паўтарала свой прапагандысцкі лозунг пра нібыта нелегітымнасць украінскай улады. Аднак гэтыя заявы з'яўляюцца абсалютнай хлуснёй.
* * *
На наступным тыдні ў Ватыкане могуць адбыцца новыя «тэхнічныя» перамовы паміж Украінай і Расіяй, паведаміў прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб.
З ягоных слоў, Злучаныя Штаты не адмовіліся ад сваёй ролі пасярэдніка ва ўрэгуляванні вайны Расіі супраць Украіны, але пры гэтым «пасярэднікаў стала больш: раней толькі ЗША выступалі ў гэтай ролі, цяпер і Еўропа ўдзельнічае».
На яго думку, сітуацыя складваецца ўдала, паколькі Еўропа спадзяецца далучыцца да абмеркаванняў аб спыненні агню ва Украіне і магчымым міры.
* * *
На наступным тыдні Украіна звернецца да Еўрапейскага Саюза з просьбай прыняць новыя маштабныя меры для ізаляцыі Расіі – уключаючы арышт актываў, увядзенне другасных санкцый супраць пакупнікоў расійскай нафты і змены ў працэдуры галасавання за санкцыі, піша Reuters.
Украінскі ўрад плануе прадставіць ЕС «Белую кнігу» з прапановамі радыкальнай санкцыйнай палітыкі блока ў дачыненні да Расіі. Сярод ключавых рэкамендацый — арышт расійскіх актываў з наступнай перадачай іх Украіне, увядзенне другасных санкцый супраць пакупнікоў расійскай нафты, і замежных кампаній, якія дапамагаюць Крамлю абыходзіць дзейныя абмежаванні.
«Другасныя санкцыі, якія могуць ударыць па ключавых пакупніках расійскай нафты — такіх як Індыя і Кітай, — лічыцца беспрэцэдэнтным для Еўропы, якая да гэтага часу ўстрымлівалася ад падобнай жорсткай пазіцыі», адзначае Reuters.
У 40-старонкавым дакуменце адзначаецца, што адміністрацыя Трампа фактычна выйшла з працэсу каардынацыі міжнародных санкцыйных намаганняў. І хоць ЕС не здольны цалкам кампенсаваць санкцыйны ўплыў ЗША праз дамінаванне долара ў сусветным гандлі, эксперты мяркуюць, што непахісная пазіцыя Еўропы зможа стрымаць вяртанне інвестараў у Расію нават ва ўмовах паслаблення ціску з боку ЗША.
«Еўропа мае значна больш козыраў, чым вы можаце сабе ўявіць», – лічыць эксперт па пытаннях расійскай энергетыкі ў цэнтры Дэвіса ў Гарвардзе Крэйг Кэнэдзі.