Сенат Польшчы прыняў рэзалюцыю аб прызнанні рэжыму ў Расіі тэрарыстычным

У дакуменце таксама змяшчаецца заклік да міжнароднай супольнасці падтрымаць Міжнародны крымінальны суд, які расследуе датычнасць канкрэтных асоб да здзяйснення злачынстваў ва Украіне.

954dd7bc_1e08_400f_a6a5_1634a2ccc8e1_w1023_r1_s.webp


Як адзначаюць польскія СМІ, усе прысутныя сенатары прагаласавалі за рэзалюцыю аб прызнанні ўлады РФ тэрарыстычным рэжымам.

Сенат у рэзалюцыі падкрэсліў, што 24 лютага 2022 года ўзброеныя сілы Расійскай Федэрацыі развязалі «жорсткую вайну з Украінай». «Яе мэта — сцерці з карты суверэнную краіну і знішчыць украінскую нацыю», падкрэсліваецца ў дакуменце.

У рэзалюцыі таксама сказана, што «гераічная абарона незалежнасці грамадзянамі Украіны выклікала захапленне ўсяго свабоднага свету».

«Украіна — самае важнае месца сёння, якое абараняе дэмакратыю і свабоду. Расійскія акупанты тэрарызуюць жыхароў украінскіх гарадоў, бамбяць грамадзянскія аб’екты: дзіцячыя сады, школы, тэатры і жылыя масівы. Бандыты ў расійскай форме катуюць і забіваюць ваеннапалонных і мірных жыхароў на акупаваных тэрыторыях. Выкрадаюць украінскіх дзяцей, каб выхаваць з іх янычараў рэжыму. Яны дэпартуюць, перасяляюць і адпраўляюць грамадзян Украіны на далёкую перыферыю Расіі», гаворыцца ў прынятай польскім сенатам рэзалюцыі.

Раней парламенты Эстоніі і Латвіі прызналі Расію «дзяржавай — спонсарам тэрарызму». А Парламенцкая асамблея Савета Еўропы па выніках тэрміновых дэбатаў па тэме «Новае абвастрэнне агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны» прыняла рэзалюцыю, у якой абвясціла рэжым РФ тэрарыстычным.

Украіна заклікае краіны свету прызнаць Расію тэрарыстычнай дзяржавай. У адміністрацыі ЗША заяўлялі, што не гатовыя падтрымаць прызнанне Расіі спонсарам тэрарызму, паколькі Белы дом лічыць, што такое прызнанне цалкам спыніць магчымасці супрацоўніцтва з Расіяй у крытычных галінах. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон таксама выказаўся супраць.