Самалёт з Масквы, пратэсты і затрыманні ў аэрапорце ў Тбілісі
У Тбілісі прыляцеў першы з 2019 года самалёт з Масквы. Яго ўжо чакалі пратэстоўцы.
Самалёт расійскай авіякампаніі "Азімут" здзейсніў першы пасля чатырохгадовага перапынку прамы рэйс Масква – Тбілісі. Ён вылецеў з аэрапорта “Унукава” і прызямліўся ў грузінскай сталіцы ў 13:17 па Тбіліскім часе.
Першы рэйс у Тбіліскім аэрапорце сустракаюць акцыяй пратэсту. На месцы збіраюцца апазіцыйныя актывісты. У аэрапорце мабілізаваная паліцыя, паведамляе карэспандэнт «Эхо Кавказа».
Самалёт ужо чакала група пратэстоўцаў са сцягамі Грузіі, Украіны і ЕС. Сярод іншага яны крычалі: "Вам тут не рады!". Паліцыя ўжо затрымала шэсць пратэстоўцаў ля аэрапорта, паведамляюць СМІ. Аднак, нягледзячы на затрыманні, пратэсты не спыніліся.
Першым рэйсам з Масквы ў Тбілісі прыляцела дэлегацыя пракрамлёўскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Сярод іх — старшыня грамадскай арганізацыі «Салідарнасць у імя міру» Мераб Чыкашвілі, дырэктар грузіна-расійскага грамадскага Цэнтра імя Прымакова Дзмітрый Лорткіпанідзэ, сябра арганізацыі «Салідарнасць у імя міру» Міхаіл Жгенці, сябра «Сацыялістычнага руху Грузіі» Тэмур Піпія, кіраўнік Цэнтра грузінска-расійскай дружбы Валерый Кварацхелія, экс-дэпутат парламента Грузіі Тэмур Маісурадзэ, бізнесовец Мамука Піпія.
«Ад майго імя, ад імя маёй арганізацыі і большасці грамадзян Грузіі хачу падзякаваць прэзідэнту Расійскай Федэрацыі Уладзіміру Пуціну за падпісанне ўказа і задавальненне нашай просьбы. Гэта была просьба народа, і ўсе мы добра ведаем, што значыць гэты подпіс», — сказаў расійскім журналістам Мераб Чыкашвілі.
Нагадаем, 10 траўня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін зняў забарону на палёты ў Грузію для расійскіх авіякампаній, а таксама скасаваў візавы рэжым для грузінскіх грамадзян з 15 траўня. Паміж краінамі адсутнічаюць дыпламатычныя адносіны — іх пасля вайны 2008 года разарвала Грузія.
Расія раней тройчы перарывала авіязносіны з Грузіяй. Апошні раз гэта адбылося летам 2019 года праз пратэсты ў Тбілісі, якія пачаліся пасля выступлення ў грузінскім парламенце дэпутата Дзярждумы РФ Сяргея Гаўрылава. Ён заняў крэсла спікера і гаварыў па-руску. Грузінская апазіцыя сарвала пасяджэнне, Гаўрылаў пакінуў Грузію пад аховай.
Пасля пачатку вайны ва Украіне кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў некалькі разоў пахваліў урад Грузіі за іх рашэнне не далучацца да санкцый супраць Расеі. Ён сказаў, што цяперашнія грузінскія кіраўнікі «праяўляюць адказны падыход», які абапіраецца на карэнныя інтарэсы свайго народа, і «адмаўляюцца ад такога кшталту захадаў».
Паводле www.ekhokavkaza.com, ВВС, Tbilisi life, сацсетак