Прэзідэнт Эстоніі: ЗША не выйдуць з перамоўнага працэсу паміж Украінай і Расіяй
Пакуль ва Украіне ідуць баявыя дзеянні, працэс мірнага ўрэгулявання крочыць невялікімі тэмпамі. Прынамсі, Дональд Трамп нібыта пачуў Уладзіміра Зяленскага і даволі жорстка выказаўся наконт Пуціна. А Пуцін таксама паспрабаваў улагодзіць Трампа. Ідзе 1159-ты дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 174 боесутыкнення, піша ў ранішняй зводцы 27 красавіка Генштаб УСУ.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 68 штурмавых дзеянняў расіян паблізу Сухой Бэлькі, Елізаветаўкі, Новатарэцкага, Луча, Лісоўкі, Удалага, Успенаўкі, Андрэеўкі і іншых.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейсніў 29 атак у раёнах Дружбы, Леанідаўкі, Крымскага і Тарэцка.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 22 разы, спрабуючы ўклініцца ў абарону Украіны паблізу Надзеі, Грэкаўкі, Новага.
На Краматорскім і Новапаўлаўскім кірунках зафіксавана па 13 атак на кожным. На Купянскім і Арэхаўскім кірунках на кожным УСУ адбілі па 4 атакі расіян.
У Курскай вобласці Расіі УСУ спынілі 15 штурмавых дзеянняў арміі РФ. Расіяне нанеслі 20 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы пры гэтым 37 кіраваных авіяцыйных бомбаў.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся пад Пакроўскам. Армія РФ прасоўваецца пад Новапаўлаўкай, Курахава і Вялікай Навасёлкай, а таксама ў Курскай і Белгарадскай абласцях, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Войскі РФ у Курскай вобласці нядаўна прасунуліся ўздоўж вуліцы Гара ў цэнтры Горналю, сведчаць геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 26 красавіка. Начальнік Генштаба РФ Валерый Герасімаў заявіў, што войскі РФ нібыта выціснулі ўсе ўкраінскія сілы з Курскай вобласці, і нібыта захапілі Горналь. Расійскія «ваенкоры» абверглі словы Герасімава, паведаміўшы, што баі ішлі паблізу Алешні (на паўночны захад ад Горналю), Гуева (на поўдзень ад Суджы) і манастыра Святога Мікалая (на паўднёвы захад ад Гуева).
Войскі РФ, верагодна, нядаўна захапілі Папоўку на паўночным захадзе Белгарадскай вобласці, паказваюць геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 26 красавіка.
Сілы абароны Украіны прасунуліся на Пакроўскім кірунку. Апублікаваныя 26 красавіка геалакацыйныя кадры сведчаць, што УСУ прасунуліся на поўнач ад Мікалаеўкі (на паўднёвы ўсход ад Пакроўска).
Геалакацыйныя кадры ад 25 і 26 красавіка паказваюць, што расійцы прасунуліся на паўночны ўсход і паўночны захад ад Надзіеўкі (на ўсход ад Новапаўлаўкі) на Новапаўлаўскім кірунку.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 26 красавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на поўдзень ад Багаціра (на паўднёвы захад ад Курахава) падчас матарызаванага штурму з выкарыстаннем 18 матацыклаў і 10 грамадзянскіх аўтамабіляў.
Расійскія войскі нязначна прасунуліся ў напрамку Вялікай Навасёлкі — на паўднёвы ўсход ад Вольнага Поля.
* * *
У ноч на 27 красавіка 2025 года расіяне атакавалі 149 ударнымі БпЛА, з іх удалося збіць 57, яшчэ 67 названыя «лакацыйна страчанымі».
У Адэскім раёне пашкоджаны трохпавярховы жылы дом і аўтамабілі, пацярпела 35-гадовая мясцовая жыхарка.
У Паўлаградзе Днепрапятроўскай вобласці пашкоджаны два шматкватэрныя дамы, загінуў мужчына, пацярпела 14-гадовая дзяўчына.
* * *

* * *
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што расійскае войска рыхтуецца сістэматычна інтэграваць выкарыстанне матацыклаў у вайне супраць Украіны, каб «кампенсаваць дасьведчанасьць» украінскіх аператараў БПЛА.
26 красавіка Мінабароны Расеі апублікавала кадры, на якіх, імаверна, вайскоўцы 299-га (дэсантнага) палка 98-й дывізіі ПДВ РФ адпрацоўваюць тактыку наступу і абароны на матацыклах у групах па два-тры чалавекі на расійскім палігоне.
Гэта сведчыць, што расійскія войскі, верагодна, усё часцей будуць выкарыстоўваць матацыклы ў наступальных аперацыях ва Украіне летам і восенню 2025 года. Матацыклы дазваляюць расійскім вайскоўцам павысіць хуткасць і манеўранасць, што важна для пазбягання ўдараў украінскіх беспілотнікаў.
«ISW назірае рост тэндэнцыі расійскіх падраздзяленняў, якія праводзяць механізаваныя і камбінаваныя матарызаваныя штурмы і перавозяць пяхоту з матацыкламі і грамадзянскай тэхнікай па ўсёй лініі фронту, паколькі расійскае камандаванне працягвае адаптаваць сваю тактыку, каб кампенсаваць ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў і, верагодна, змякчыць абмежаванні расійскіх вайскоўцаў у тэхніцы з-за вялікіх страт бронетэхнікі летам і ў пачатку восені 2024 года», — гаворыцца ў справаздачы інстытута.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваім пасце ў сацсетцы Truth Social дапусціў, што Уладзімір Пуцін не хоча заканчваць вайну ва Украіне.
Амерыканскі лідар заявіў, што ў Пуціна не было ніякай прычыны абстрэльваць Украіну ў апошнія дні. У сувязі з гэтым узнікае падазрэнне, што кіраўнік Крамля не хоча завяршаць вайну, і з ім трэба звяртацца інакш.
«У Пуціна не было ніводнай прычыны за апошнія некалькі дзён абстрэльваць ракетамі грамадзянскія раёны, гарады і пасёлкі. Гэта прымушае мяне думаць, што ён, магчыма, не хоча заканчваць вайну, а проста водзіць мяне за нос, і з ім трэба размаўляць па-іншаму — праз "банкаўскія" або "другасныя санкцыі"? Занадта шмат людзей гіне!», — напісаў Трамп.
* * *
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп запэўніў прэзідэнта Эстоніі Алара Карыса, што ЗША не выйдуць з перамоўнага працэсу паміж Украінай і Расіяй, перадае ERR.
Прэзідэнт Эстоніі, які на пахаванні Папы Рымскага сядзеў побач з Трампам, распавёў, што спытаў у Трампа, як ідзе працэс мірнага ўрэгулявання, і папрасіў яго зрабіць усё магчымае, каб ЗША заставаліся пасярэднікам у перамовах паміж Украінай і Расіяй.
Паводле яго слоў, Трамп паабяцаў гэта і адзначыў, што бакі ўжо досыць блізкія да рашэння — пасля яго сустрэчы з Зяленскім.
* * *
Сенатар ЗША ад Рэспубліканскай партыі Ліндсі Грэм выказаўся пра гатоўнасць заканадаўцаў узгадніць дадатковыя санкцыі супраць РФ.
У сваёй нататцы ў сацсетцы х амерыканскі сенатар напісаў, што ён падаў двухпартыйны законапраект, які ўжо «мае амаль 60 суаўтараў». Гаворка ідзе пра ўвядзенне «другасных тарыфаў для любой краіны, якая купляе расійскую нафту, газ, уран або іншыя тавары».
«Сенат гатовы рухацца ў гэтым кірунку і зробіць гэта пераважнай большасцю, калі Расія не прыме справядлівы і трывалы мір», — падкрэсліў Грэм.
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін гатовы да перамоваў з Украінай без папярэдніх умоў, заявіў спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў.
Паводле яго слоў, адпаведная заява была зроблена на сустрэчы са спецпрадстаўніком Трампа Стывам Уіткафам. «Пуцін на сустрэчы з Уіткафам пацвердзіў гатоўнасць РФ да перамоваў з Кіевам без усялякіх папярэдніх умоў», — піша ТАСС са спасылкай на Пяскова.