Пасол Беларусі: «Талібы не абавязкова нясуць зло»
Пасол Беларусі ў Таджыкістане і Афганістане Алег Іваноў у інтэрв'ю АНТ паразважаў пра ролю талібаў у гісторыі Афганістана і стаўленне новай улады да мясцовых жыхароў.
«Вось вы падумайце, узброеных атрадаў талібаў — напэўна, на 30 тысяч чалавек. Прычым як іх паказваюць у мас-медыя — гэта сланцы, аўтаматы Калашнікава 30-гадовай даўніны. І ім супрацьстаіць 200-тысячная армія, узброеная сучаснай бранятэхнікай, авіяцыяй... магчыма вось такое пераможнае шэсце па краіне, калі б гэтых талібаў не падтрымлівала насельніцтва? Вядома, не», — сказаў амбасадар Беларусі.
Таксама дыпламат сказаў некалькі словаў пра вобраз талібаў, які існуе ў СМІ.
«На жаль, у большай ступені Заходняя прапаганда доўгія гады малявала талібаў толькі чорнай фарбай, як, напэўна, большасць рэлігійных плыняў на ўсходзе. Гэта проста дэманізацыя руху. Разумееце, не могуць дэманы 30-мільённую краіну на працягу 2-3 тыдняў забраць».
Алег Іваноў паспрабаваў прыгадаць і добрыя бакі талібана:
«Я, напрыклад, не згодны, што талібы абавязкова нясуць зло, разбурэнні, наркатрафік і гэтак далей. Якраз калі талібы былі ва ўладзе ў канцы дзевяностых — так, было вельмі шмат няправільнага з нашага пункту гледжання. Але тым не менш наркавытворчасць знізілася ўдвая. А за апошнія 20 гадоў у 10 разоў вырасла. Вы ведаеце, калі ўрад Гані лавіў наркакурʼера, наркагандляра — гэта суд, адвакаты, турма... Талібан проста расстрэльвае на месцы».