Пасля няўдалага каментара пра выбух у Дняпры Аляксей Арастовіч падаў у адстаўку
Аляксей Арастовіч падаў у адстаўку з пасады дарадцы кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, прыклаўшы да паведамлення фатаграфію заявы.
«Напісаў заяву аб сыходзе з пасады. Хачу паказаць
прыклад цывілізаваных паводзін. Прынцыповая памылка, значыць, у
адстаўку», — адзначыў ён.
Заява, фота якой апублікаваў Арастовіч, напісана на імя
кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Андрэя Ярмака. «Прашу звольніць мяне з
пасады дарадцы офіса (па-за штатам) па ўласным жаданні», — гаворыцца ў ім.
Прычынай такога рашэння стаў няўдалы каментарый Арастовіча наконт ракетнай атакі расійцаў на Днепр, у выніку якога быў разбураны шматпавярховы дом.
У эфіры ў Марка Фейгіна Арастовіч сказаў, што ракета, якая ўпала на шматпавярховік, была збітая сіламі ўкраінскай супрацьпаветранай абароны. Пазней выявілася, што гэта не так, бо ва ўкраінская СПА няма тэхнічных магчымасцяў, каб тарпедаваць расійскія ракеты Х-22. Арастовіч за свае выказванні выбачыўся. Аднак слова, як кажуць, не верабей.
Справа ў тым, што словы Арастовіча падхапіла крамлёўская прапаганда, якая пачалася распаўсюджваць наратывы, што гэта Украіна насамрэч вінаватая ў трагедыі ў Дняпры. Маўляў, расійскія вайскоўцы выпускалі ракеты па стратэгічных аб'ектах Украіны, і каб не СПА, то і не было б падзення ракеты на жылы дом і не было б чалавечых ахвяр.
Вядома, гэта было б маніпуляцыяй, нават калі б версія Арастовіча спраўдзілася. Бо найперш ахвяр не было б, калі б РФ не атакавала Украіну ракетамі — і ўвогуле каб не нападала на суседзнюю краіну.
У самой Украіне словы Арастовіча таксама выклікалі хвалю абурэння. З заклікамі да яго адстаўкі — у некаторых выпадках і да праверкі з боку СБУ — выступілі палітыкі з апазіцыйнага лагеру, у тым ліку дэпутаты Вярхоўнай рады.
Ці будзе прынята адстаўка Арастовіча, пакуль невядома. Але эфіры ў Фейгіна, якія збіраюць мільённыя прагляды, пэўна прыцягнуцца.
Паводле апошніх дадзеных, у выніку трагедыі ў Дняпры загінулі 44 чалавекі (у тым ліку чатыры дзіцяці), 79 чалавек параненыя.