Памятаеце парадзіху з Марыупаля са знакамітага фота? Цяпер яна ў закладніках у расійцаў

Расійскія вайскоўцы ўзялі ў закладнікі парадзіху з Марыупаля Мар'яну Вышамірскую, фота якой з разбамбаванай марыупальскай радзільні ў сакавіку абляцелі свет. Cваякі прасілі вывезці дзяўчыну з нованароджаным на падкантрольную Украіне тэрыторыю, аднак зрабіць гэтага не ўдалося, распавядае «Обозреватель».

1646990803_6947_w1v05.jpg

Пра лёс дзяўчыны паведамілі валанцёры, якія спрабавалі выратаваць маладую маму з немаўляткам. Цяпер, як паведамляецца, акупанты выкарыстоўваюць Мар'яну, спрабуючы апраўдаць сваё злачынства.

«Да нас звярнуліся яе родныя з просьбай дапамагчы выехаць на падкантрольную Украіне тэрыторыю, таму што яе расійцы планавалі выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах. Не атрымалася, улічыце, што яна з дзіцем у закладніках», — адзначаюць валанцёры.

Раней расійскія прапагандысты паказалі відэа са знакамітай парадзіхай. Як адзначаюць украінскія журналісты, нарэзкай са слоў узятай у закладнікі жыхаркай знішчанага Марыупаля, якая стала ахвярай абстрэлу радзільні, расійцы спрабавалі пацвердзіць, што ў бальніцы размяшчалася база «Азова». Пры гэтым у відэа заўважана шмат склеек.

Раней расійская прапаганда выстаўляла дзяўчыну мадэллю, якая сваю цяжарнасць імітавала дзеля хайпу.