На Алу Пугачову напісалі данос, спявачку просяць праверыць на дыскрэдытацыю арміі РФ
Спявачку і народную артыстку СССР Алу Пугачову просяць праверыць на прадмет дыскрэдытацыі расійскай арміі. Пра гэта 20 верасня паведамілі расійскія прапагандысты з РІА «Новости» са спасылкай на крыніцу.
Паводле іх звестак, адпаведная заява паступіла ў
падмаскоўную паліцыю. СМІ пішуць, што гэта звязана з яе постам у сацсетках, дзе
яна прасіла Мінюст РФ прызнаць яе замежным агентам услед за мужам, Максімам Галкіным.
Выданне «Осторожно, новости» ўдакладняе, што скаргу ў органы падала нейкая жыхарка Падмаскоўя, якая ўбачыла пост Пугачовай у Telegram і вырашыла, што тая абражае расійскае войска. «Таму яна просіць праверыць выканаўцу на прадмет супрацьпраўнай дзейнасці, ці атрымлівае яна "замежную падтрымку". А таксама на публічныя дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю выкарыстання ВС РФ», — распавядае выданне.
За «дыскрэдытацыю арміі» ў Расіі прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.
Нагадаем, Ала Пугачова і Максім Галкін не падтрымалі расійскую агрэсію ва Украіне. Спачатку сям'я разам з дзецьмі выехала за мяжу, але потым Прымадонна вярнулася ў Маскву, дзе сярод іншага наведала пахаванне апошняга савецкага генсека Міхаіла Гарбачова.
Паведамлялася, што супраць Галкіна, акрамя прызнання замежным агентам, таксама ўзбудзілі крымінальную справу, у межах якой парадыста могуць пазбавіць нерухомасці ў Расіі.