Мільён у спадчыну. Кіраўнік УСУ аддаў гэтыя грошы на патрэбы войска
Днямі стала вядома, што галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны генерал Валерый Залужны атрымаў у спадчыну з ЗША 1 мільён долараў — і перадаў усе гэтыя грошы на патрэбы ўкраінскай арміі. Хто завяшчаў грошы Залужнаму?
Здабыткам грамадскасці стала абсалютна ўнікальная гісторыя. Амерыканец украінскага паходжання завяшчаў галоўнакамандуючаму УСУ Валерыю Залужнаму 1 мільён долараў. Усю атрыманую суму генерал ахвяраваў на УСУ. Кім быў таемны мецэнат, піша korrespondent.net.
Валерый Залужны ахвяраваў усю атрыманую спадчыну ўкраінскім вайскоўцам непублічна, і, калі б не «The New York Times», пра гэта ніхто б не даведаўся. Амерыканскія СМІ расказалі кранальную гісторыю са спасылкай на сям'ю амерыканца Рыгора Сцепанца і ваенную прэс-службу.
Рыгор Сцепанец быў вядомым навукоўцам у СССР, але з-за грамадзянскай пазіцыі пераследваўся КДБ, а ўжо пасля падзення жалезнай заслоны, ва ўзросце 51 года здолеў пакінуць СССР — пераехаў у ЗША і пабудаваў паспяховую кар'еру.
Навуковец з Microsoft Рыгор Сцепанец памёр 24 кастрычніка 2022 года ў горадзе Рэдманд (штат Вашынгтон, ЗША). Менавіта тут размешчана штаб-кватэра кампаніі «Microsoft», дзе той доўгі час працаваў. У горадзе жыве шмат заможных людзей, якія працуюць у тэхналагічных кампаніях. Рыгор Сцепанец працаваў у «Microsoft» з канца 1980-х гадоў.
Нарадзіўся ён у красавіку 1938 года ў Вінніцы. Бацька Рыгора Сцепанца загінуў падчас Другой сусветнай вайны і наступлення нямецкай акупацыйнай арміі ў кастрычніку 1941 года. Рыгора з маці эвакуіравалі на Урал, дзе яны перажылі голад. Пасля вайны сям'я вярнулася ў Вінніцу, дзе выжыць у новыя галодныя гады ім дапамог дзядзька Рыгора. Як інвалід вайны (быў паранены і страціў нагу) ён атрымліваў ваенны паёк і дзяліўся з сям’ёй.
Вышэйшую адукацыю ў галіне матэматыкі і хіміі Рыгор Сцепанец атрымаў у Маскве, дзе ў 1956 годзе стаў студэнтам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. Абараніў кандыдацкую працу па фізічнай хіміі. Валодаў украінскай, рускай, нямецкай, італьянскай і англійскай мовамі.
Працаваў у Геафізічным навукова-даследчым інстытуце ў Маскве. Страціў працу пасля таго, як падпісаў ліст у падтрымку дысідэнтаў: Сцепанца звольнілі па сфальсіфікаванай прычыне, ён зведаў пераслед КДБ.
Расійскі праваабаронца Аляксандр Чаркасаў, старшыня Рады праваабарончага цэнтра «Мемарыял», пацвердзіў, што за гісторыяй Сцепанца «схавана адна старая маскоўская дысідэнцкая гісторыя». З тых часоў паўнавартасна працаваць украінец не мог і падаў заяўку на атрыманне выязной візы, аднак яму адмовілі.
Толькі пасля прыходу Міхаіла Гарбачова да ўлады ў СССР Рыгор Сцепанец дамогся дазволу з'ехаць з Савецкага Саюза.
У 1989 годзе ён прыехаў у ЗША і пачаў працаваць у штаб-кватэры «Microsoft» у Рэдмандзе. Маючы досвед працы старшым сістэмным праграмістам і аналітыкам, стаў распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння.
У Рыгора Сцепанца засталіся дачка, унук і праўнук. Як распавялі выданню сваякі Сцепанца, «любоў Рыгора да Украіны можна было параўнаць толькі з яго любоўю да раслін і дрэў».
Кіраўнік УСУ Залужныперавёў грошы, якія нечакана зваліліся на яго, у поўным аб'ёме на спецрахункі Нацбанка для збору сродкаў на патрэбы войска. Гэта пацверджана SWIFT-паведамленнем банка ад 5 студзеня 2023 года.
«Я ўсё сваё жыццё аддаў Узброеным сілам. І не меў ніякіх сумневаў, што абавязаны зрабіць са спадчынай. Апошняя воля пана Рыгора, відавочна, палягала ў тым, каб падтрымаць у маёй асобе ўкраінскае войска. Удзячны ўсім, хто дапамагае Узброеным сілам Украіны. І ўдзячны сваёй сям'і за разуменне», — адзначыў Залужны ў каментары «УП».
Былы народны дэпутат Украіны Барыслаў Бяроза паведаміў, што Сцепанец таксама завяшчаў яшчэ па 2 мільёны долараў двум украінскім універсітэтам — Нацыянальнаму ўніверсітэту Кіева-Магілянская акадэмія і Украінскаму каталіцкаму ўніверсітэту.
Паводле www.pravda.com.ua, korrespondent.net