Паміраць за інтарэсы Крамля — не тая мэта ў жыцці, дзеля якой беларусаў нараджалі бацькі
Ян Мельнікаў трапіў на вайну ва Украіне яшчэ ў 2014 годзе. Пасля смерці Міхаіла Жызнеўскага на Майдане зразумеў, што не мае маральнага права ляжаць на канапе, калі ў суседняй краіне адбываецца такое.
Ян Мельнікаў прыгадвае: «Я зразумеў, што мушу быць з гэтымі людзьмі, каб дапамагчы абараніцца ад дыктатара. Бо хто, як не мы, беларусы, разумеем, што гэта такое — жыць пад прыгнётам?.. 23 студзеня 2014 года я ўжо быў на Майдане».
Пра тое, як ён сустрэў новы этап вайны, Ян распавёў «Хартыі». Прапануем некаторыя фрагменты размовы
— Паміж украінцамі і беларусамі максімальна «іскрыла» ў першыя дні вайны. Як ставіліся да вас простыя ўкраінцы, калі даведваліся, што вы — беларус, які ваюе за Украіну.
— Украінцы, з якімі я ваяваў, ведаюць мяне не першы год. Калі наша група прыбыла ў той жа Васількоў, мы прыехалі ў будынак разбітай казармы лётнага вучылішча, занялі пазіцыі, забарыкадаваліся, чакалі падыходу сіл, размаўлялі і расказвалі, што мы — беларусы. Касцяк тых сіл, які ўдзельнічаў у першых выездах, ваяваў ва Украіне з 2014, 2015, 2016 гадоў. Гэта былі хлопцы, якія прайшлі АТА. Нам усе дзякавалі і радаваліся, што вось мы — сапраўдныя беларусы. Казалі: «Дзякуем, што вы ёсць».
— Як украінскія вайскоўцы ацэньваюць узровень падрыхтоўкі беларусаў?
— Калі мы праводзілі нейкія аперацыі саматугам, штурмавалі варожыя пазіцыі, малымі групамі заходзілі і выконвалі задачу, маючы аднаго-двух параненых, захоўваючы жыцці нашым байцам, украінцы дзівіліся нашай матывацыі і ўзроўню падрыхтоўкі.
Яны разумеюць, што ў нас вельмі высокі ўзровень матывацыі дзеянняў, бо мы самі добраахвотна прыехалі ў самую гарачую мясціну і фактычна самі сабе выбіраем кірунак працы.
Таму да беларусаў — толькі павага. Было такое, што з намі людзі фатаграфаваліся і казалі: «Пакажу жонцы, а то яна кажа, што ўсе беларусы дрэнныя...»
Мне падаецца, што полк Каліноўскага сёння — страшны сон для рэжыму Лукашэнкі. У 2017 годзе мы і падумаць не маглі, што беларусы за пяць гадоў здольныя стварыць сілы, якія могуць змагацца з падраздзяленнямі карных органаў.
— Як вы думаеце, ці могуць беларускія вайскоўцы быць адпраўлены на вайну ва Украіну?
— Смешна казаць пра тую нешматлікую колькасць беларусаў, якая можа быць там задзейнічана. Колькі гэта тысяч? З усімі ўзводамі забеспячэння — гэта дваццаць тысяч, акругліць да гэтай лічбы. Небаяздольныя, неабстраляныя людзі, якія паняцця не маюць, што такое баявыя дзеянні. Гэта вайскоўцы, у якіх няма ніякай матывацыі да ўдзелу ў вайне.
Можна колькі хочаш ставіць знак роўнасці паміж Беларуссю і Расіяй, бо мы разумеем, што па факце сёння наша краіна — сатэліт Крамля, але прапаганда, якая спрабуе настроіць грамадства на варожасць да ўкраінцаў, на варожасць паміж нашымі нацыямі, краінамі, не такая, як у Расіі. У РФ сапраўды працуе машына прапаганды: расійцы вераць, што «ўкраінцы — ворагі», якія «хочуць іх знішчыць». У іх ёсць нейкае тлумачэнне дзеянняў, у нашых вайскоўцаў такой пазіцыі няма.
У нас ёсць у падраздзяленні былыя беларускія афіцэры найбольш баяздольных часцей, якія дагэтуль маюць кантакты з людзьмі з 36-й брыгады, спецназам з Мар'інай Горкі, віцебскімі дэсантнікамі. Яны кажуць, што большая частка маладых афіцэраў і салдат-«тэрміновікаў» глядзяць на магчымы ўдзел з пытаннем: «А што мы там забыліся?»
Сапраўды, беларусы нічога не забыліся ва Украіне. Думаю, што Лукашэнка і Пуцін выдатна разумеюць, што ўзровень матывацыі ў беларускіх падраздзяленняў нулявы…
Я б сказаў, што беларусам тут няма чаго рабіць. Паміраць за інтарэсы Крамля — не тая мэта ў жыцці, дзеля якой іх нараджалі бацькі. Трэба задаваць сябе правільныя пытанні: ці ёсць пагроза для Беларусі? Ці верыце вы ў тую прапаганду пра «ўдар па чатырох кірунках і прэвентыўны ўдар»?..
Мы будзем максімальна садзейнічаць, каб вывесці беларусаў з баявых дзеянняў і пасля заканчэння вайны вярнуць дадому героямі, якія адмовіліся ад удзелу ў злачыннай вайне, а не злыднямі і забойцамі з турэмнымі тэрмінамі.
— Наколькі сёння рэальнае вызваленне Беларусі сіламі палка Каліноўскага?
— Пра гэта пакуль рана гаварыць… Калі Украіна зможа выйсці на адміністрацыйныя межы 1991 года, а Расія не зможа далей чыніць новых атак, зноў заходзіць на ўкраінскую зямлю, будзе няздольнай да правядзення наступальных дзеянняў — гэта стане першым знакам таго, што Расія больш не дапаможа Лукашэнку. Усе сілы Масквы будуць заняты ўрэгуляваннем міжнацыянальных і этнічных канфліктаў.
Як толькі Расія аслабне ў ваенным і геапалітычным плане, пачнуцца міжусобіцы, запалае Каўказ, пачнецца перадзел зон уплыву, і Крамлю будзе не да Беларусі, не да Лукашэнкі… Мой прагноз — Лукашэнка не пратрымаецца і паўгода пасля перамогі Украіны ў гэтай вайне.
— Кім вы бачыце сябе ў свабоднай Беларусі?
— Яшчэ ў 2014-2015 гадах я заўсёды казаў, што хачу быць выкладчыкам гісторыі і займацца з моладдзю. У Беларусі вялізная праблема з нацыянальнай самасвядомасцю. Ва Украіне я зразумеў, як важна мець ідэнтычнасць. Увесь поспех пачынаецца з таго, што вы як народ краіны адчуваеце сябе адным цэлым. У нас з гэтым праблемы. Беларусі патрэбна нацыянальнае адраджэнне, якое было няўдалым ў 90-х, таму ў дваццатых-трыццатых мы павінны зрабіць акцэнт менавіта на нацыянальным адраджэнні.
Думаю, што гэта тая прыступка, з якой пачнецца наш эканамічны дабрабыт, незалежнае войска, што будзе несці службу ў інтарэсах абароны нашых суверэнных меж. Павінна прыйсці разуменне, што мы таксама суб'ект геапалітыкі, а не аб'ект дзеяння нашых суседзяў.