Мэр Вільні: «Жыве Беларусь!». Фотарэпартаж з Дня аднаўлення дзяржаўнасці Літвы
106 гадоў таму, 16 лютага 1918 года, Рада Літвы склала і падпісала «Акт аб незалежнасці», які абвясціў аднаўленне дэмакратычнай літоўскай дзяржавы. Нягледзячы на тое, што галоўным святам краіны, безумоўна, з’яўляецца Дзень незалежнасці ад савецкай акупацыі, да падзей 16 лютага літоўцы ставяцца не менш трапятліва і адказна. Выходзім на выходны шпацыр па Вільні!
Перш за ўсё адпраўляемся паглядзець Віленскую тэлевізійную вежу, на якую штогод узнімаюць найвялікшы дзяржаўны сцяг краіны! Па шляху да тэлевізійнага цэнтра заўважаем, што тралейбусы, аўтобусы ды вулічныя ліхтары ўпрыгожаны сцяжкамі і даволі стылёвымі кампазіцыямі ў гонар свята. Дарэчы, праезд у горадзе цалкам бясплатны, што таксама вельмі прыемна. Некалькі пасажыраў у тралейбусе апранутыя ў колеры нацыянальнага сцяга, у іншых — тэматычныя шалікі, пальчаткі, брошкі на заплечніках. За акном праезджае шмат аўто з нацыянальнай сімволікай, настрой у людзей вельмі гарны, шмат усмешак і шчаслівых твараў. Праз лабавое шкло віднеецца вялізны сцяг, што лунае па-над шматпавярхоўкамі.
Падыходзячы бліжэй да тэлевежы, найвялікшы ў краіне літоўскі трыкалор, які займае плошчу 540 квадратных метраў, выглядае яшчэ больш уражліва і яскрава. Кіроўцы спыняюць аўтамабілі наўпрост пасярод дарогі, каб сфатаграфавацца на фоне тэлецэнтра. Мужчына на байку з налепкамі сцяжка Украіны і трызуба просіць зрабіць здымак, каб «і яго, і матацыкл, і сцяг было бачна!»
Увечары, пасля заходу сонца, уключаецца камп'ютарызаваная сістэма асвятлення тэлевежы, і яе фасад асвятляецца колерамі трыкалора.
Едзем у цэнтр, дзе пачынаецца цвік праграмы — запаленне 16 вогнішчаў у гонар Дня аднаўлення дзяржаўнасці Літвы. Вакол кампазіцый збіраюцца вялікія натоўпы людзей, лунае неверагодная колькасць літоўскай і ўкраінскай сімволікі, будынкі прымаюць жоўта-зялёна-чырвонае аблічча.
Пасля заходу вайскоўцы з Літвы, Латвіі і Эстоніі вітаюць усіх гасцей свята, распавядаюць пра падзеі гэтага важнага дня і, нарэшце, падпальваюць «вогнішчы свабоды» па ўсім праспекце Гедыміна. Горад імгненна пакрываецца дымам, языкі полымя паднімаюцца ўсё вышэй. Людзі збіраюцца ў купкі, спяваюць гімн Літвы і народныя песні: дзеці, падлеткі, бабулі і дзядулі, усе разам. Па тварах бачна, што некаторыя адзначаюць гэты дзень не як свята, а пашаны, смутку і памяці.
Падпаленне «вогнішчаў свабоды»
Сярод натоўпу бачым і мэра Вільні Валдаса Бенкунскаса, які з радасцю фатаграфуецца з гараджанамі на фоне вогнішчаў.
«Жыве Беларусь!», — кажа спадар у адказ на пытанне, адкуль мы.
Палены дагаралі да самай ночы, а 11 вечара на Гедыміна дагэтуль заставаліся людзі, што разам спявалі песні вакол крыніцы цяпла.
Асобна пакінем і вельмі важную цытату прэм’ер-міністаркі Літвы Інгрыды Шыманіце з нагоды свята аднаўлення дзяржаўнасці:
«Кожнае пакаленне праходзіць праз сваю ўласную барацьбу за свабоду і павінна адказаць на ўнікальныя выклікі. Жорсткае ўварванне Крамля ва Украіну, якое аднавілася два гады таму, ясна паказала, што ў сённяшнім свеце ўсё яшчэ робяцца вельмі агрэсіўныя спробы атакаваць свабоду, дэмакратыю і таптаць правы чалавека. У тым, што сёння ўкраінцы адважна змагаюцца не толькі за сваю радзіму, але і за ўвесь свабодны свет і яго будучыню. Працягваючы руку дапамогі Украіне, мы ўмацоўваем таксама асновы і нашай свабоды, змагаемся за нашу будучыню, за тое, каб Літва ніколі не ператварылася ў руіны і лабірынт акопаў», — сказала прэм'ер-міністарка.