Літва заяўляе, што беларускі верталёт МІ-24 парушыў яе паветраную прастору
24 жніўня беларускага амбасадара Валерыя Бараноўскага выклікалі ў МЗС Літвы і ўручылі яму ноту пратэсту, перадае Еўрарадыё.
Як паведамляецца на сайце МЗС Літвы, 23 жніўня ў 18:50 беларускі верталёт Мі-24 каля Медзінінкяя парушыў дзяржаўную мяжу Літоўскай Рэспублікі.
У ноце змяшчаецца заклік патлумачыць акалічнасці інцыдэнта і не дапускаць паўтору такіх парушэнняў.
Зранку 24 жніўня Мінабароны Беларусі паведаміла, што з боку Літвы напярэдадні быў запушчаны зонд з васьмі паветраных шароў "з антыдзяржаўнай сімволікай". На яго знішчэнне былі паднятыя баявыя верталёты МІ-24. Паводле Мінабароны, "палёт паветраных шароў быў спынены без прымянення зброі".