КНДР паведаміла пра выпрабаванні крылатай ракеты вялікай далёкасці
Аб паспяховым выпрабавальным запуску Пхеньянам новай крылатай ракеты вялікай далёкасці заявіла паўночнакарэйскае дзяржаўнае інфармагенцтва KCNA.
У ходзе выпрабаванняў 11 і 12 верасня ракеты праляцелі 1500 км, пабілі зададзеныя мэты і ўпалі ў тэрытарыяльныя воды КНДР, паведаміла KCNA.
Раней, у сярэдзіне чэрвеня, на з'ездзе Працоўнай партыі КНДР яе кіраўнік Кім Чэн Ын заявіў, што яго краіна павінна быць гатовая "і да дыялогу, і да канфрантацыі з ЗША".
Незадоўга да гэтага Злучаныя Штаты і шэраг іншых краін заклікалі Пхеньян замарозіць сваю ядзерную праграму і вярнуцца за стол перамоваў. У 2018-2019 гадах Кім Чэн Ын правёў шэраг сустрэч з папярэднікам Байдэна на пасадзе прэзідэнта ЗША — Дональдам Трампам, — падчас якіх абмяркоўвалася будучыня ядзернага арсенала КНДР. Аднак гэтыя перамовы зайшлі ў тупік пасля таго, як паўночнакарэйскі ліда запатрабаваў адмены санкцый супраць яго краіны ў адказ на частковае згортванне Пхеньянам ядзернай праграмы.
Магчымы запуск эксперыментальнага ядзернага рэактара ў КНДР
У канцы жніўня 2021 года эксперты Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) у гадавой справаздачы выказалі здагадку, што КНДР магла зноў запусціць свой эксперыментальны ядзерны рэактар у навукова-даследчым цэнтры ў Ёнбене (правінцыя Пхёнан-Пукто).
"З пачатку ліпеня 2021 года з'явіліся адпаведныя прыкметы, уключаючы скід астуджальнай вады, спалучаны з працай рэактара", — адзначаецца ў дакладзе МАГАТЭ.
У цэнтры Ёнбен размешчаны завод па ўзбагачэнні ўрану і рэактар магутнасцю 5 МВт. Паводле ацэнкі экспертаў, за адзін год у ім можна атрымаць плутоній, колькасць якога будзе дастатковая для вырабу некалькіх ядзерных зарадаў. Рэактар пачалі дэмантаваць ў 2007 годзе — у адпаведнасці з дамовамі прадстаўнікоў "шасцёркі" (Расіі, Кітая, ЗША, Японіі, КНДР і Паўднёвай Карэі) аб прадастаўленні Паўночнай Карэі эканамічнай дапамогі ў абмен на згортванне яе ядзерных праграм.
Паводле dw.com