Кіраўнік Пентагона шакаваны нізкай боегатоўнасцю арміі ЗША
Міністр абароны ЗША Джэймс Мэціс заявіў на слуханнях у Кангрэсе, што ён шакаваны нізкай боегатоўнасцю амерыканскай арміі. Ён лічыць, што войску ЗША спатрэбяцца гады стабільнага фінансавання для выпраўлення сітуацыі.
Увечары ў панядзелак Мэціс выступіў на слуханнях у камітэце Палаты
Прадстаўнікоў па узброеных сілах, дзе абмяркоўваўся амерыканскі абаронны бюджэт
на 2018 год.
Кіраўнік Пентагона заявіў, што ўзброеныя сілы ЗША маюць патрэбу ў стабільным фінансаванні. "Ні адзін вораг не нашкодзіць нашай боегатоўнасці так, як скарачэнне выдаткаў", — сказаў Мэціс.
"Я пайшоў з арміі праз тры месяцы пасля таго, як секвестр уступіў у сілу. Праз чатыры гады я вярнуўся ў міністэрства — і быў шакаваны тым, што я ўбачыў адносна нашай гатоўнасці ваяваць", — заявіў міністр.
Паводле яго слоў, для выпраўлення сітуацыі ўзброеным сілам ЗША спатрэбяцца гады стабільнага фінансавання.
Мэціс пракаментаваў і блакаду Катара. Ён назваў сітуацыю ў гэтай краіне вельмі складанай. Пры гэтым міністр дадаў, што фінансаванне тэрарыстычных груповак "не адпавядае агульным інтарэсам".
У адказ на пытанне пра Расію, Мэціс заявіў, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін выбраў для Масквы ролю "стратэгічнага суперніка". "Цяпер я не бачу ніякіх прыкмет таго, што Пуцін хоча мець з намі добрыя адносіны", — сказаў кіраўнік Пентагона.
На слуханнях таксама выступіў старшыня аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў арміі ЗША генерал Джозэф Данфорд. Ён заявіў, што пяць найбуйнейшых выклікаў для ЗША цяпер — гэта Расія, Кітай, Іран, КНДР і экстрэмісцкія арганізацыі.
Данфорд сказаў, што Расія па-ранейшаму спрабуе абмежаваць магчымасці ЗША па выкананні сваіх абавязацельстваў у NАТО, у тым ліку нарошчваючы патэнцыял у кіберпрасторы і космасе.
У сярэдзіне лютага Мэціс заяўляў, што ЗША цяпер не гатовыя супрацоўнічаць з Расіяй у ваеннай сферы. Ён заклікаў Маскву выконваць абавязацельствы, якія Расія ўзяла на сябе ў рамках пагаднення з NАТО.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, у сваю чаргу, не раз папракаў ЗША і NАТО ў пашырэнні сістэмы СПА ў Еўропе.
Паводле ВВС