Каронавірус: Брытанія зачыняецца на жорсткі каранцін. Жыхарам загадана заставацца дома
Прэм’ер-міністр Брытаніі Борыс Джонсан абвясціў пра сур’ёзныя абмежаванні, якія ўводзяцца ў Брытаніі ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса. Па словах Джонсана, з гэтага часу брытанцы абавязаныя знаходзіцца дома, выходзячы на вуліцу толькі ў крайніх і выразна абумоўленых выпадках.
З нядзелі ў Англіі ад каронавіруса памерла яшчэ 46 чалавек ва ўзросце ад 47 да 105 гадоў, ва ўсіх былі дадатковыя праблемы са здароўем. Па чатыры чалавекі памерлі таксама ў Шатландыі і Уэльсе. У агульнай складанасці ў краіне зроблена 83945 аналізаў на каронавірус і пацверджана 6724 выпадкаў заражэння.
«Жыццёва неабходна запаволіць распаўсюджванне віруса. Таму што такім чынам мы паменшым колькасць людзей, якія маюць патрэбу ў бальнічным доглядзе ў кожны канкрэтны момант, дамо сістэме аховы здароўя магчымасць даць рады і выратаваць больш жыццяў», — сказаў прэм’ер-міністр.
Пачынаючы з вечара панядзелка, выходзіць з дому будзе дазволена толькі для пакупак за прадуктамі і таварамі першай неабходнасці, фізічных практыкаванняў (не часцей чым раз на дзень і ў адзіноце або разам з чальцамі сям’і), па медыцынскай неабходнасці або для паездак на працу, якая прызнана жыццёва неабходнай.
Крамы, за выключэннем тых, дзе прадаюцца прадукты і тавары першай неабходнасці, будуць зачыненыя. Забараняюцца таксама любыя грамадскія сходы ў колькасці больш двух чалавек, калі гэта не чальцы адной сям’і.
Паліцыі дадзены ўказанні штрафаваць тых, хто не будзе выконваць гэтыя правілы, а таксама патрабаваць ад людзей разысціся.
«Вельмі простае распараджэнне: пачынаючы з гэтага вечара, вы абавязаны заставацца дома, — сказаў Джонсан. — Таму што гэта крытычна важна: мы павінны спыніць распаўсюд хваробы паміж хатнімі гаспадаркамі. Таму будзе дазволена выходзіць з дому толькі з вельмі пэўнымі мэтамі: купля самага неабходнага, адно фізічнае практыкаванне на дзень, напрыклад, прабежка, шпацыр або ровар, у адзіночку ці з чальцамі сям’і; па медыцынскую дапамогу ці дзеля дапамогі таму, хто ў ёй мае патрэбу, а таксама паездкі на працу і назад — але толькі ў выпадку, калі абсалютна неабходна, і працаваць немагчыма з хаты. Усё».
Тэлезварот Борыса Джонсана трансляваўся з яго кабінета на Даўнінг-стрыт, 10.
«Ні адзін прэм’ер-міністр не хацеў бы апынуцца на гэтым месцы і ўводзіць такія меры. Я разумею, якую шкоду гэта ўсё нанясе жыццям, бізнесу і працы людзей», — сказаў Джонсан.
Па словах Джонсана, з гэтага часу будуць зачыненыя спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, а таксама рэлігійныя ўстановы. Адмяняюцца і ўсе цырымоніі, уключаючы вяселлі, хросты, за выключэннем пахаванняў.
Джонсан паабяцаў рэгулярна пераглядаць прынятыя меры.
«Праз тры тыдні мы паглядзім і, магчыма, прыслабім гэтыя меры, калі абставіны дазволяць», — дадаў ён.
Паводле слоў прэм’ер-міністра, усе гэтыя меры неабходныя для таго, каб даць рады з найбуйнейшай за апошнія дзесяцігоддзі пагрозай, перад тварам якой апынулася нацыя.
«Без велізарных нацыянальных намаганняў па стрымліванні гэтага віруса надыдзе момант, калі ні адна сістэма аховы здароўя ў свеце не дасць рады з ім. Проста не хопіць апаратаў штучнага дыхання, не хопіць месцаў у рэанімацыі, не хопіць лекараў і медсёстраў, — падкрэсліў Борыс Джонсан. — І, як мы ўжо бачылі на прыкладзе іншых краін, у якіх таксама выдатныя сістэмы аховы здароўя, надышоў вельмі небяспечны момант».
«Прасцей кажучы, калі адначасова цяжка захварэе занадта шмат людзей, сістэма аховы здароўя з гэтым не дасць рады, а гэта значыць, што хутчэй за ўсё памрэ больш людзей, і не толькі ад каронавіруса, але і ад іншых хвароб», — падвёў сумны вынік Джонсан.
У апошні час на Вялікабрытанію аказваўся ўсё большы ціск з тым, каб яна рушыла ўслед прыкладу іншых краін і распарадзілася аб закрыцці большасці крам, а таксама жорстка кантралявала выкананне патрабаванняў па сацыяльнай ізаляцыі, паколькі ёсць асцярогі, што людзі ігнаруюць урадавыя рэкамендацыі.
Прэм’ер-міністр сказаў таксама, што выдатна разумее, якія страты ўсе гэтыя абмежавальныя меры прычыняюць паўсядзённаму жыццю людзей, бізнесу і працы, але падкрэсліў, што ў дадзены момант лёгкіх рашэнняў проста няма.
«Наперадзе цяжкія часы, праўда і тое, што мы, на жаль, страцім нямала жыццяў», — сказаў ён. Пры гэтым Джонсан адзначыў, што бачыць ясны выхад ва ўзмацненні сістэмы аховы здароўя за кошт вяртання ў строй былых медыкаў, паскарэнні даследаванняў па стварэнні лекаў і вакцыны ад віруса і ў закупцы мільёнаў набораў для аналізаў.
Паводле Бі-Бі-Сі