Якім краінам пагражаюць перавароты? Дасье ў карыкатурах
Нядаўні пераварот у Нігеры, па меркаванні шматлікіх экспертаў, усяго толькі прадвеснік серыі новых пераваротаў. Хто яшчэ ў свеце можа стаць ахвярай ваенных путчаў?
Аказваецца, у паліталогіі існуе нават цэлы напрамак даследаванняў для вызначэння краін, якім пагражаюць ваенныя путчы. Відавочна, што галоўныя кандыдаты знаходзяцца ў Афрыцы.
Напрыклад, суседняя з Нігерам Нігерыя. Справа ў тым, што афрыканскія дзяржавы, якія ўваходзяць у арганізацыю ЭКОВАС, вылучылі новым уладам Нігера ультыматум, патрабуючы неадкладнага вяртання да ўлады былога прэзідэнта. У авангардзе інтэрвенцыі павінна ісці Нігерыя, якая мае самае вялікае войска ў рэгіёне.
Між тым палітолагі лічаць, што любое ўмяшанне ў справы паўночнага суседа, які імкнецца пазбавіцца ад путаў каланіялізму, сустрэне ў Нігерыі як мінімум шырокую апазіцыю сярод шэрагу этнасаў. Пагаворваюць, што вайскоўцы ў сваю чаргу могуць таксама ўзняць бунт.
Зрэшты, нельга таксама забываць, што цяперашні нігерыйскі прэзідэнт Бола Цінубу толькі ўвесну гэтага года прыйшоў да ўлады і да гэтага часу карыстаецца вялікай папулярнасцю, пра што сведчыць мясцовая карыкатура.
Наступным рэгіёнам, дзе перавароты гістарычна не з'яўляюцца рэдкасцю, з'яўляецца Лацінская Амерыка. Рызыкі застаюцца дасюль. Напрыклад, у Венесуэле, дзе вельмі слабая палітычная культура. Апошні раз салдаты спрабавалі (праўда, няўдала) зрынуць прэзідэнта ў 2002 годзе. Зрэшты, роля арміі ў жыцці грамадства да гэтага часу вельмі прыкметная. Фактычна ад лаяльнасці жаўнераў залежыць стабільнасць чавісцкага рэжыму Нікаласа Мадура. Падчас масавых пратэстаў 2019-га генералы падтрымалі Мадура (глядзі тэматычную карыкатуру). Аднак ніхто не ведае, якую пазіцыю вайскоўцы зоймуць заўтра.
Традыцыйна любяць уладкоўваць перавароты пакістанскія вайскоўцы. З моманту свайго стварэння ў 1947 годзе Пакістан тройчы быў ахвярай пераваротаў. У выніку краіна правяла некалькі дзесяцігоддзяў пад ваенным праўленнем (1958 — 1971, 1977 — 1988, 1999 — 2008). Гэта без уліку таго, што вельмі часта фармальна грамадзянскія ўрады з'яўляліся марыянеткамі генералаў. Гэта актыўна высмейвалі карыкатурысты.
Парадаксальным чынам у групу рызыкі патрапіла постсавецкая прастора, дзе апошні раз вайскоўцы былі арганізатарамі перавароту ў 1994 годзе (мяцеж спецназа ў Азербайджане). Усё змяніў чэрвеньскі бунт «Вагнера». Нягледзячы на тое, што мяцеж вагнераўцаў Крамлю ўдалося лакалізаваць, многія лічаць, што гэта яшчэ не фінал. Створанае Пуціным войска патэнцыйна можа павярнуць штыкі супраць улады. Тэматычная карыкатура брытанскага часопіса The Economist.
У апошні час хапае спекуляцый наконт таго, што галоўнакамандуючы ўкраінскім войскам Валерый Залужны, нібыта, можа неканстытуцыйнымі сродкамі адхіліць ад улады прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Прычынай путчу могуць быць спрэчкі адносна стратэгіі ваенных дзеянняў. Зрэшты, як мінімум на думку расійскіх карыкатурыстаў, апошняе слова будзе за Захадам.
Наступны гарачы пункт планеты — Паўднёва-Усходняя Азія. У такіх дзяржавах, як Камбоджа, Інданезія і Філіпіны, узброеныя сілы зноў адыгрываюць усё большую — нават дамінуючую — ролю ў палітыцы. Гэтая рэгіянальная тэндэнцыя завяршылася ў лютым 2021 года, калі ўзброеныя сілы М'янмы захапілі ўладу ў краіне. Аднак гэты пераварот быў толькі найболей яркай прыкметай адраджэння ваенна-палітычнай улады ў рэгіёне. Не выключана, што мясцовыя нацыі чакае той жа лёс, што і народ М'янмы. Як мы бачым на гэтым малюнку, прысвечанаму дыктатуры ў Мн’яме, доля гэта невясёлая.
Вось такая геаграфія магчымых пераваротаў. Зрэшты, тым, хто збіраецца стаць лідарам хунты, трэба заўсёды памятаць — тыя, хто прыйшлі да ўлады падчас перавароту, самі ў любы момант могуць стаць ахвярай.