"Ісці па мінах". Як Расія высылае ўкраінцаў з акупаваных тэрыторый
Улады акупаваных РФ тэрыторый выкарыстоўваюць дэпартацыю ў якасці пакарання для ўкраінцаў, якія не ідуць на супрацоўніцтва і адмаўляюцца атрымліваць расейскае грамадзянства. Як гэта адбываецца, расказвае DW.

Дом культуры ў сяле Петрапаўлаўка Харкаўскай вобласці, якое было набыта ў лютым 2022 года па стане на восень 2023 года Аўтар: Ханна Сакалова / DWг
Калі ў сакавіку 2022 года армія РФ акупавала частку Запарожскай вобласці Украіны, Андрэй (імя зменена па меркаваннях бяспекі) працаваў дырэктарам у сельскай школе. Акупацыйныя ўлады планавалі пачаць новы навучальны год па расейскай праграме. Мужчына перавёў вучняў на дыстанцыйнае навучанне, а пасля летніх канікул адмовіўся ўзначальваць школу.
Акупацыйныя ўлады спрабавалі пераканаць Андрэя пайсці на супрацоўніцтва з імі. "Перад першым верасня прыязджалі ўзброеныя людзі ў балаклавах. Усяго было 11 такіх візітаў, — успамінае мужчына. — У верасні ў мяне адабралі тэлефоны і ноўтбук. Вывезлі ў стэп, пагражалі, перакручвалі затвор аўтамата за спінай. І пакінулі ў стэпе — уначы, за 10 кіламетраў ад вёскі".
"Прымусяць ісці па мінным полі"
Улетку 2023 года расейцы адабралі ў Андрэя і ягонай жонкі ўкраінскія пашпарты. "Гэта суправаджалася пагрозамі, што мяне вывезуць у Васільеўку і прымусяць ісці па мінным полі", — распавядае мужчына. Васільеўка — акупаваны РФ горад Запарожскай вобласці, дзе да канца 2022 года працаваў пункт пропуску, праз які можна было трапіць на падкантрольную Украіне тэрыторыю.
Па шматлікіх сведчаннях перасяленцаў, акупацыйныя ўлады закрылі гэты прапускны пункт, але працягвалі выкарыстоўваць яго для дэпартацыі ўкраінцаў — прымушаючы іх ісці па замініраванай тэрыторыі да ўкраінскіх пазіцый.

Замініраваная тэрыторыя ў в. Каменка. Фота: Vadim Ghirda/AP/dpa/picture alliance
Аб адным з такіх выпадкаў распавядае каардынатар напрамку дакументавання ваенных злачынстваў дабрачыннага фонду "Усход-СОС Наталля Каплун. Паводле яе інфармацыі, у снежні 2022 года расіяне асудзілі і дэпартавалі дырэктара сельскай школы ў Запарожскай вобласці з-за таго, што яна працягнула выкладаць ва ўкраінскай школе анлайн. Некалькі кіламетраў жанчына ішла пешшу на падкантрольную Украіне тэрыторыю.
Выпадкі дэпартацыі праз Васільеўку апісаны і ў дакладах маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека. Праваабаронцы распавядаюць гісторыю мужа і жонкі, якія былі заключаны ў турму і пасля дэпартаваныя за распаўсюд праўкраінскіх улётак. А таксама яшчэ адзін выпадак — работніка Запарожскай атамнай электрастанцыі (ЗАЭС). "На відэазапісе, выкладзеным у Інтэрнэт, было паказана, як расейская вайсковая паліцыя прывезла яго на блокпост у Васільеўцы і, відавочна, выслала з акупаванай тэрыторыі. З тых часоў яго не бачылі", — распавядаюць праваабаронцы.
Дэпартацыя да ўкраінскіх пазіцый праходзіла і з акупаванай тэрыторыі Харкаўшчыны. У прыватнасці, у дакладзе місіі апісана, як у жніўні 2022 года расейскія вайскоўцы затрымалі і вывезлі на блокпост пажарных — двух мужчын і адну жанчыну. "Паводле міжнароднага гуманітарнага права, дэпартацыя асоб, якія знаходзяцца пад абаронай, з акупаванай тэрыторыі забароненая, незалежна ад матываў", — адзначаюць праваабаронцы.
Прымусовая пашпартызацыя жыхароў акупаваных тэрыторый
Нягледзячы на пагрозы, расейцы не сталі вывозіць у Васільеўку дырэктара сельскай школы Андрэя. Яго сям'я сутыкнулася з наступнай праблемай — прымусовай пашпартызацыяй. У красавіку 2023 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ, згодна з якім жыхары Запарожскай, Херсонскай, Данецкай і Луганскай абласцей, акупаваных РФ, павінны да 1 ліпеня 2024 года атрымаць расейскі пашпарт або стаць на ўлік як "замежнікі". У адваротным выпадку яны могуць быць дэпартаваныя.

У самаабвешчанай т.зв. "ЛНР" агітуюць насельніцтва атрымліваць расійскія пашпарты Фота: dpa/AP/picture alliance
"Яшчэ з пачатку 2023 года пачалося нагнятанне, каб людзі як мага хутчэй памянялі пашпарты на расейскія, — успамінае Андрэй. — Самым вялікім ударам стала тое, што Баліцкі (кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі ў Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі. — рэд.) забараніў прымаць у шпіталях людзей з украінскімі пашпартамі". Акрамя таго, пенсіянерам, якія атрымалі расейскія пашпарты, выплачвалі большыя пенсіі, чым тым, у каго ўкраінскія дакументы, дадае мужчына. "Заработная плата грамадзян з украінскім пашпартам была на 30% менш, чым грамадзян з расійскім пашпартам. Таму паступова насельніцтва пачало браць гэтыя пашпарты", — заключае Андрэй.
Хоць расейцы забралі ў яго і ягонай жонкі ўкраінскія пашпарты, яны не хацелі атрымліваць расейскае грамадзянства. "Да снежня 2023 года мы яшчэ спрабавалі нейкім чынам выжыць без расейскіх пашпартоў. Але станавілася ўсё цяжэй — нават для таго, каб выехаць за межы вёскі, неабходна было мець хоць нейкія дакументы", —распавядае Андрэй, які ўжо дасягнуў пенсійнага ўзросту. Урэшце, муж і жонка падалі дакументы на расейскія пашпарты, але атрымалі адмову без тлумачэння прычыны.
Затрыманне і допыты
Новы ўказ прэзідэнта РФ таксама прадугледжвае дэпартацыю з акупаваных тэрыторый "замежнікаў", чыя" экстрэмісцкая дзейнасць" пагражае нацыянальнай бяспецы. "Улічваючы шырокае вызначэнне тэрміна "экстрэмісцкая дзейнасць" у расійскім заканадаўстве, асобы могуць падвяргацца рызыцы дэпартацыі з-за выказвання праўкраінскіх поглядаў ці крытыкі афіцыйных расійскіх наратываў адносна вайны", — аналізуе місія ААН па правах чалавека.
Верагодна, менавіта таму акупацыйныя ўлады вырашылі дэпартаваць Андрэя і ягоную жонку. У красавіку гэтага года да іх у чарговы раз прыехалі ўзброеныя людзі. "Яны прад'явілі нам дакумент і заявілі: у вас ёсць гадзіна для таго, каб сабрацца, і вы будзеце дэпартаваныя, — успамінае мужчына. — Я пачаў чытаць дакумент — там было напісана, што я, такі, здзейсніў адміністрацыйную правіну ў выглядзе незаконнага пранікнення на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі як асоба без грамадзянства".

Расійская ваенная тэхніка ў акупаваным Мелітопалі. Фота: Alexei Konovalov/TASS/dpa/picture alliance
Мужа і жонку павезлі ў Бярдзянск, распавядае Андрэй. Ужо на месцы ім надзелі на галаву чорныя пакеты і адвялі ў будынак, дзе ў асобных пакоях утрымліваліся і іншыя людзі. Андрэй і яго жонка правялі там наступныя шэсць дзён. Затым сужэнцаў павезлі ў Мелітопаль, у будынак Упраўлення ўнутраных спраў. Туды ж даставілі яшчэ дваіх мужчын з Мелітопаля і Полагаў. "Адзін быццам бы быў неасцярожны з тэлефоннымі паведамленнямі — паведаміў сваёй сяброўцы, дзе размешчаная расейская тэхніка. А другі таксама не пайшоў на супрацоўніцтва", — распавядае Андрэй.
У Мелітопалі затрыманых дапытвалі супрацоўнікі ФСБ, кажа Андрэй. "Была прапанова запісаць відэаролік, што так рабіць не трэба. Як менавіта? Што я не пайшоў на супрацоўніцтва, што дзеці засталіся без настаўнікаў, што школа не працуе, — распавядае мужчына. — Мяне пыталіся: "Ты разумееш, чаму мы цябе высяляем?" Я кажу: "Калі шчыра, то не. Кажуць, праз такія, як ты, быў сарваны адукацыйны працэс у новых рэгіёнах Расеі".
Дэпартацыя ў Грузію
Мужа і жонку і яшчэ дваіх мужчын пасадзілі ў машыну. Андрэй баяўся, што іх павязуць у Васільеўку і прымусяць ісці па замініраванай дарозе. Ён спадзяваўся трапіць у Калацілаўку — адзіны прапускны пункт паміж РФ і Украінай. Аднак на наступны дзень дэпартаваныя апынуліся ў Верхнім Ларсе, на мяжы паміж РФ і Грузіяй. Там ім вярнулі пашпарты і тэлефоны і загадалі ісці ў Грузію. "Грузіны сустрэлі нас насцярожана, — успамінае Андрэй. — Як мне потым распавялі валанцёры ў Грузіі, перад тым як сысці з Херсона, расейцы вывозілі турму. І зняволеных, якія не пайшлі ў ПВК "Вагнер", адправілі ў Грузію".
Сужэнцы паехалі ў Тбілісі, дзе валанцёры пасялілі іх у гасцініцу. Праз тыдзень, пасля афармлення дакументаў для выезду за мяжу, яны вярнуліся ва Украіну і цяпер спрабуюць уладкавацца на новым месцы. "Выдаткі, вядома, вельмі вялікія. Але, пакуль лета, нам хоць бы ёсць у чым хадзіць", — кажа Андрэй. Пакідаючы свой дом, муж і жонка спакавалі ўсяго два заплечнікі.

Дарога на КПП Верхні Ларс паміж Грузіяй і Расіяй (28 верасня 2022 года). Многія расейцы беглі ў Грузію пасля абвяшчэння мабілізацыі. Фота: Daro Sulakauri/Getty Images
Гэтыя чацвёра жыхароў акупаванай Запарожскай вобласці — не адзіныя, каго акупацыйныя ўлады дэпартавалі ў Грузію. Паводле інфармацыі архірэя ПЦУ, мітрапаліта Данецкага і Марыупальскага Сяргея Гарабцова, вясной гэтага года з акупаванага Данбаса "выправадзілі" ў Грузію двух святароў ПЦУ — Айца Хрыстафора Хрымлі з Каменкі і айца Андрэя Чуя з Данецка. Як сцвярджае мітрапаліт, святары адмовіліся супрацоўнічаць з расіянамі, з-за чаго восенню 2023 былі арыштаваныя і абвінавачаныя ў праўкраінскай дзейнасці.
Дэпартацыя ў Грузію апісаная І ў дакладзе місіі ААН па правах чалавека. Паводле яе інфармацыі, у перыяд з канца 2023-га да пачатку 2024 года акупацыйныя ўлады затрымалі і даставілі на мяжу паміж РФ і Грузіяй прынамсі чатырох чалавек. "Іх затрымалі за выказванне праўкраінскіх поглядаў у прыватных размовах, публічныя спевы ўкраінскіх песень і нашэнне адзення ва ўкраінскім стылі", — гаворыцца ў дакладзе.
У той жа час Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі не адказала на запыт карэспандэнта DW, ці валодаюць там інфармацыяй пра выпадкі дэпартацыі ў іх краіну ўкраінцаў з акупаваных тэрыторый, а таксама ці існуе паміж Грузіяй і РФ або Украінай дамоўленасць з гэтай нагоды. А ў міністэрстве па рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны адказалі, што не могуць даць інфармацыю, бо яна належыць да катэгорыі "для службовага карыстання".
Адказныя за дэпартацыю
Акрамя таго, публічна вядома аб дэпартацыі ўкраінцаў з акупаваных тэрыторый яшчэ ў адну краіну — Латвію. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе Запарожскай абласной пракуратуры па абвінавачванні двух грамадзян РФ — кіраўнікоў акупацыйнага "Галоўнага ўпраўлення МУС у Запарожскай вобласці" і "Упраўлення па міграцыі ГУ МУС у Запарожскай вобласці". "Па іх рашэнні патрыятычна настроены жыхар Полагаў быў беспадстаўна затрыманы і незаконна зняволен. Пасля гэтага яго прымусова перавезлі ў памежны пункт Латвіі і загадалі пешшу ісці ў бок мяжы", — прыводзяць версію следства ў пракуратуры.
Аднак у офісе генеральнага пракурора не змаглі назваць колькасць спраў, адкрытых у дачыненні да расейцаў і ўкраінцаў, якія маюць дачыненне да дэпартацыі жыхароў акупаваных тэрыторый. "У цяперашні час атрыманыя ў ходзе следства даныя не канчатковыя. Рэальная колькасць дэпартаваных, прымусова пераселеных украінскіх грамадзян магчыма будзе вызначыць пасля завяршэння ваенных дзеянняў", — дадалі ва ўстанове.
Акупацыйныя ўлады працягваюць дэпартаваць украінцаў з акупаваных тэрыторый, адзначае місія ААН па правах чалавека. "16 красавіка 2024 года Федэральная служба бяспекі РФ у Запарожскай вобласці паведаміла, што жанчыну з Мелітопаля "выправадзяць" і забароняць ёй уезд у РФ на 20 гадоў за нібыта спробы збору інфармацыі аб перамяшчэнні расейскіх сіл, — гаворыцца ў дакладзе праваабаронцаў. — 16 красавіка прызначаны Расеяй суд у Марыупалі таксама пастанавіў дэпартаваць грамадзяніна Украіны за нібыта распаўсюд ісламісцкай літаратуры са спісу забароненых экстрэмісцкіх выданняў Міністэрства юстыцыі РФ".
Расія падоўжыла тэрмін знаходжання на акупаваных тэрыторыях для ўкраінцаў без расійскага пашпарта да 31 снежня. Наступная хваля дэпартацый можа пачацца ўжо з наступнага года.
Адказныя за дэпартацыю