Хто вы, пані Галабародзька?

Лідарства на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне Уладзіміра Зяленскага заканамерна справакавала павышаны інтарэс да яго жонкі Алены. Менавіта ў яе ў дадзены момант больш за ўсіх шанцаў стаць першай лэдзі краіны.

Уладзімір Зяленскі з жонкай Аленай. Фота tv.ua

Уладзімір Зяленскі з жонкай Аленай. Фота tv.ua

Праўда, трэба прызнаць, што шанцы ў Пятра Аляксеевіча Парашэнкі (ПАП) яшчэ ёсць. Яго прыхільнікі ўвесь час узгадваюць, што ў гісторыі былі выпадкі, калі абсалютныя аўтсайдары (напрыклад, Ельцын з 5-цю працэнтамі на старце кампаніі 1996-га) у выніку перамагалі фаварытаў.

Аднак той жа Ельцын выйшаў у другі тур з 36-цю працэнтамі, а не з 16-цю, як Парашэнка, чый працэнт набраных галасоў сярод палітолагаў лічыцца ніжэйшым за псіхалагічны парог. Добрым індыкатарам стала перамога Зяленскага ў Вінніцкай вобласці — вотчыне клану Парашэнкі. Уразіў грамадства і правал дзеючага прэзідэнта сярод вайскоўцаў, якія знаходзяцца на фронце, бо менавіта на тэме войска асабліва піярыўся гарант.

Украіна паступова рыхтуецца не толькі да 6-га прэзідэнта, але і праяўляе інтарэс да другой паловы будучага гаранта, якая, відавочна, будзе адыгрываць вельмі важную ролю ў іміджы новай адміністрацыі.   

Безумоўна, новую першую лэдзі (калі яна ўсё ж будзе) пачнуць параўноўваць з Марынай Парашэнка. Амаль не вядомая да прыходу мужа на пасаду прэзідэнта, Марына Парашэнка за апошнія пяць гадоў стала пазнавальнай фігурай дзякуючы сваёй мегаактыўнасці. Яна займаецца падтрымкай праектаў у сферы адукацыі, узначальвае савет Дабрачыннага фонду імя Пятра Парашэнкі, а з 2018 года яшчэ і Украінскі культурны фонд. Апроч гэтага, першая лэдзі таксама была вядучай спартовай праграмы на тэлебачанні.

Апазіцыя неаднаразова троліла пані Парашэнка. Нагадвалі ёй і тое, што яна — дачка намміністра аховы здароўя Украінскай ССР, спадчыну якога штодня праклінае Пётр Парашэнка. А напярэдадні выбараў з’явіўся кампрамат наконт таго, што рабіла Марына ў дзень, калі на Майдане былі забітыя каля ста чалавек. Высветлілася, што ў гэты час яна займалася пакупкай нейкага «серабрыстага экрану». Праўда, эфект, які аказаў гэты кампрамат на настроі электарату, ацаніць цяжка. 

Калі Пётр Парашэнка часта з’яўляецца на публіцы ў суправаджэнні жонкі, то Уладзімір Зяленскі, наадварот, лічыць за лепшае не выстаўляць напаказ сямейнае жыццё і практычна не каментуе асабістыя адносіны. Вядома, што Зяленскі жыве ў шлюбе з 2003 года. Пара пазнаёмілася яшчэ ў студэнцкія гады дзякуючы відэакасеце з фільмам «Асноўны інстынкт». Гэтую касету Уладзімір пазычыў у Алены на вуліцы, каб пазнаёміцца. Пасля высветлілася, што яны вучыліся ў паралельных класах адной і той жа школы ў Крывым Рогу, але тады чамусьці так і не сустрэліся.

420c8b551f906c78ea97fa410f51c1f5.jpg


Цяпер сям’я выхоўвае дваіх дзяцей: дачку Аляксандру (14 гадоў) і сына Кірыла (6 год). Алена — архітэктар паводле адукацыі, аднак ні дня не працавала па спецыяльнасці. Яна адразу ўлілася ў працу гумарыстычных праектаў мужа ў якасці сцэнарыста. Фактычна, гэта ўся інфармацыя пра другую палову Зяленскага. Алена не прысутнічае ў сацсетках і выключна рэдка з’яўляецца ў кампаніі мужа.

Амаль невядомыя яе палітычныя настроі. У сваім адзіным інтэрв’ю, якое выйшла напярэдадні 8 Сакавіка на сайце iod.media, яна распавядае выключна пра асабістыя адносіны, працу, дзяцей, хобі і г.д. З іншага боку, палітычныя арыенціры яе мужа таксама незразумелыя. Журналісты неаднаразова лавілі Уладзіміра Зяленскага на дыяметральна супрацьлеглых па сэнсе заявах.

Нельга не ўзгадаць яшчэ адзін момант. Як вядома, выбарчы імідж Зяленскага шмат у чым пабудаваны на вобразе Васіля Галабародзькі — героя папулярнага серыялу «Слуга народу». На экране ў героя Зяленскага няма жонкі. Ён, паводле сюжэту, разведзены, хаця яго былая жонка працуе ў яго камандзе.

 Уладзімір Зяленскі з жонкай Аленай. Фота Марына Галоўнева, Ivona.bigmir.net

 Уладзімір Зяленскі з жонкай Аленай. Фота Марына Галоўнева, Ivona.bigmir.net

Так ці інакш, першы выхад Алены ў якасці без пяці хвілін жонкі патэнцыйнага кандыдата атрымаўся паспяховым. 31 сакавіка, у дзень першага туру выбараў, яна з мужам знаходзілася ў яго выбарчым штабе, калі па тэлебачанні пачалі агучваць вынікі экзіт-полаў. Навіна пра тое, што Зяленскі набірае больш за 30 працэнтаў, стала сенсацыяй нават для прысутных. У наплыве шчаслівых эмоцый кандыдат пацалаваў сваю жонку. Відэа з пацалункам Зяленскага пабіла рэкорды ў Instagram: усяго за гадзіну яно набрала 34,2 тысячы праглядаў.

Аднак трэба разумець, што доўга раман магчымага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з грамадствам не працягнецца. Занадта шмат праблем у краіне, каб іх можна было хутка вырашыць. Да таго ж трэба ўлічваць, што ў Зяленскага не будзе сваёй фракцыі ў парламенце. А без падтрымкі парламенцкай большасці прэзідэнт не зможа ні прызначыць прэм'ер-міністра, ні сфармаваць урад. Адпаведна, Зяленскі рызыкуе стаць у вачах народу прэзідэнтам, які нічога не можа зрабіць, з усімі адпаведнымі наступствамі для яго рэйтынгу.

Але пра гэта думаць яшчэ рана. Зяленскаму спачатку трэба выйграць у другім раўндзе. Хоць Парашэнку шмат хто ўжо спісаў, няма сумневаў, што ён яшчэ пазмагаецца.