Гімн трэба спяваць правільна

Злачынствам лічыцца прыпыняць гімн пасля таго, як яго пачалі спяваць, нельга выконваць на матыў гімну нейкую іншую лірыку. Барані вас Божа размаўляць падчас выкання «Маршу валанцёраў» па тэлефоне. 



22250_32_1218198359_79455.jpg

У снежні пабачыла свет пастанова Кітайскай камуністычнай партыі, паводле якой уводзяцца новыя правілы выканання «Маршу валанцёраў» — так называецца гімн КНР. Гэта пастанова з’явілася на сайце афіцыйнага кітайскага агенцтва «Сіньхуа».

Цяпер для выканання дзяржгімну патрэбна не толькі адпаведная атмасфера, аднак таксама спецыяльны гардэроб, і больш таго — у выканаўцы павінна быць «адчуванне энергіі». У пастанове пералічваюцца канкрэтныя выпадкі, калі спеў гімну лічыцца непажаданым. Напрыклад, забараняецца выконваць «Марш валанцёраў» падчас вяселляў, пахаванняў, танцаў, камерцыйных мерапрыемстваў і г.д. Нават са стадыёнамі не ўсё проста. Дазваляецца выкарыстоўваць гімн толькі на спартовых аб’ектах, дзе ідзе барацьба за годнасць Кітаю і ёсць гаранты бяспекі для гледачоў. Злачынствам лічыцца прыпыняць гімн пасля таго, як яго пачалі спяваць, нельга выконваць на матыў гімну нейкую іншую лірыку. Барані вас Божа размаўляць падчас выкання «Маршу валанцёраў» па тэлефоне. Згаданая пастанова абяцае, што парушальнікі будуць «несці адказнасць», хаця канкрэтная мера пакарання не пазначана.

Такое рашэнне пекінскія чыноўнікі тлумачаць логікай. Маўляў, неяк дзіўна, калі падчас вяселля маладажоны пачынаюць цягнуць: «Страляй у ворага і маршыруй» (словы гімна). Не менш дзіўным выглядае выкананне на цырымоніі пахавання песні, якая пачынаецца са слова «Паўстань!». Таксама ў афіцыйных каментарах гаворыцца, што новыя правілы павінны прыпыніць імпарт амерыканскай традыцыі, калі гімн можа выконваць у любой аранжыроўцы. Напрыклад, за акіянам шмат аматараў слухаць гімн у лірычнай версіі Уітні Хьюстан або ў рок-апрацоўцы Джымі Хендрыкса.

Аднак, на думку большасці каментатараў, за пастановай пра гімн стаіць глабальны інтарэс Пекіну. Перш за ўсё ўрад намагаецца ўзняць статус «Маршу валанцёраў». Справа ў тым, што ёсць некалькі мелодый — прэтэндэнтаў на статус гімну кітайцаў. Першы варыянт пабачыў свет, яшчэ калі ў Паднябеснай кіравала манчжурская дынастыя. Пазнаёміўшыя з дыпламатычным цырыманіялам на Захадзе, кітайская імператрыца вырашыла імпартаваць рытуал выканання гімну. У 1896 годзе мелодыя «Tune of Li Zhongtang» была абвешчаная гімнам Кітаю. У аснове тэксту — сярэднявечны панегірык на адрас каралеўскага дому, таму ў ім сустракаюцца такія словы, як «Сын неба едзе на возе, які пафарбаваны ў пяць фарбаў, і запрэжаны шасцю драконамі».

У сувязі з рэвалюцыяй і грамадзянскай вайной у пытаннях гімну ў кітайцаў узнікла сапраўдная анархія. Як мінімум шэсць мелодый (плюс «Інтэрнацыянал», якім карысталіся камуністы) выконваліся ў якасці гімну.

З музычным хаосам пакончыў Чан Кайшы — лідар Кітайскай Рэспублікі і старшыня партыі «Гаміньдан». У 1943 годзе ў разгар Другой сусветнай вайны Чан Кайшы спыніў свой выбар на песні «Тры прынцыпы народу» (усяго яму на разгляд прапанавалі 139 варыянтаў). Тэкст песні напісалі аж 4 аўтары. Цікава, што сярод чальцоў «Гаміньдана» была фракцыя, якая выступала за тое, каб базай лірыкі для гімну быў адзін з выступаў Сунь Ятсена — заснавальніка рэспублікі і «Гаміньдана». У выніку ад такой ідэі адмовіліся, хаця ў тэксце ўсё роўна прысутнічае партыйная тэма. «Стварэнне нашай партыі дазволіла стварэнне Рэспублікі», — так пачынаецца гімн Чан Кайшы.

Але хутка пасля зацвярджэння афіцыйнага гімну Кітайскай рэспублікі, камуністы правялі свой адбор гімна. У выніку, пераможцам аказаўся той самы «Марш валанцёраў». Дарэчы, абодва гімна напісаныя адпаведна правілам класічнай кітайскай паэзіі.

Паводле камуністычнага міфу, аўтару давялося пісаць тэкст на паперы ад пачку з-пад тытуню: маўляў, іншага годнага для запісу прадмета ў турме, куды яго кінулі за пратэст супраць «Гаміньдана», пад рукой не аказалася. Хаця ўвогуле песня была напісаная супраць Чан Кайшы, яна была вельмі папулярная сярод удзельнікаў антыгаміньданаўскага супраціву. У 1949 годзе камуністы, якія ўзялі Пекін, абвясцілі «Марш валанцёраў» часовым гімнам абвешчанай там жа Кітайскай народнай рэспублікі (КНР).

Прыблізна праз 15 гадоў Маа Цзэдун даў старт культурнай рэвалюцыі, ідэолагі якой заклікалі да татальнай рэвізіі мінулага. У прыватнасці, хунвейбіны звярнулі ўвагу на тое, што падчас вайны «Марш валанцёраў» быў папулярным не толькі сярод сялян і рабочых, але таксама і сярод буржуазіі. У выніку Цянь Ханя (аўтара словаў) прызналі рэвізіяністам і адправілі на нары. Праўда, турма чакала яго ў любым выпадку, паколькі менавіта з крытыкі яго п’есы пачалася культурнай рэвалюцыя. У 1969 годзе Цянь Хань памёр за кратамі, так і не дачакаўшыся рэабілітацыі.

У гэты час гімнам КНР стаў вядомы матыў «Чырванее Усход». Толькі ў 1978 годзе «Марш валанцёраў» зноў прызналі гімнам, хаця ў яго тэксце цяпер згадваецца Вялікі кормчы Маа Цзэдун. У 1985 годзе на хвалі крытыкі культу асобы Маа Народныя зборы КНР прынялі рашэнне вярнуць гімну арыгінальны тэкст Цянь Ханя. У 2004 годзе «Марш валанцёраў» нарэшце стаў афіцыйнай мелодыяй камуністычнага Кітаю.

І вось цяпер кітайскія ўлады вырашылі вызначыць, як правільна спяваць дзяржаўны гімн. На думку заходніх каментатараў, антураж, пры якім этычна або не спяваць гімн, уладам Пекіна мала цікавы. Як адзначае французская газета «Le Monde», галоўная задача ўзмацнення жорсткасці правілаў выканання «Марш валанцёраў» — мабілізаваць кітайцаў вакол нацыяналістычнай ідэі, атрыбутам якой з’яўляецца дзяржаўны гімн. Лічыцца, што на дадзеным этапе патрыятычны пафас патрэбны кітайскім камуністам, каб апраўдаць падаўленне сепаратысцкіх выступаў у Ганконгу.