Германія часова спыніла сертыфікацыю газаправода «Паўночны паток — 2»
Федэральнае агенцтва Германіі па сетках («Bundesnetzagentur») часова спыніла працэдуру сертыфікацыі газаправода «Nord Stream 2 AG» як незалежнага аператара перадачы, піша «Свабода».
«Пасля пільнага вывучэння дакументацыі "Bundesnetzagentur" прыйшло да высновы, што сертыфікаваць аператара газаправода "Паўночны паток —
2" можна будзе толькі ў тым выпадку, калі гэты аператар будзе арганізаваны ў
юрыдычнай форме адпаведна нямецкаму заканадаўству», — адзначаецца ў
паведамленні.
Цяпер кампанія-аператар «Паўночны паток — 2» базуецца ў
Швейцарыі. У Германіі створана яе даччыная кампанія для кіравання нямецкай
часткай газаправода. Паводле Федэральнага агенцтва, гэтая даччыная кампанія
мусіць яшчэ стаць уладальніцай і аператарам нямецкай часткі газаправода, і
толькі пасля гэтага павінна выканаць патрабаванні незалежнага аператара,
згодна з законам аб энергетычнай прамысловасці Германіі.
«Працэдура сертыфікацыі застанецца прыпыненай, пакуль асноўныя
актывы і чалавечыя рэсурсы не будуць перададзены даччынай кампаніі і
Федэральнае агенцтва не зможа праверыць, ці завершана дакументацыя, якую
даччыная кампанія мусіць падаць паўторна. Калі гэтыя патрабаванні будуць
выкананыя, Федэральнае агенцтва зможа аднавіць сертыфікацыю ў апошнія чатыры
месяцы, як гэта прадугледжана ў законе, і падрыхтаваць праект рашэння, і
перадаць яго ў Еўрапейскую камісію для заключэння», — патлумачылі ў Федэральным
агенцтве Германии па сетках.
Пра часовае спыненне працэдуры «Bundesnetzagentur» загадзя паінфармавала Федэральнае міністэрства эканомікі і энергетыкі (BMWi) і Еўрапейскую камісію.