Гаага па-афрыканску. Ці асудзяць былога прэзідэнта за забойства?
Блэз Кампаорэ прыйшоў да ўлады ў Буркіна-Фасо ў выніку дзяржаўнага перавароту, падчас якога былы прэзідэнт Тама Санкара і група яго паплечнікаў былі забітыя. І толькі праз 34 гады Кампаорэ прад’яўлена абвінавачанне ў гэтым забойстве.
Буркіна-Фасо — гэта былая Верхняя Вольта. У 1984 годзе краіна стала называцца Буркіна-Фасо, што перакладаецца з мясцовага дыялекту як «радзіма сумленных людзей». Такая паэтычна-пафасная назва краіны не выпадковая, паколькі яе прыдумаў не хто іншы, як Тама Санкара — тагачасны прэзідэнт, якога за свае рамантычна-рэвалюцыйныя погляды яшчэ пры жыцці называлі «афрыканскі Чэ Гевара».
Стыль Тама Санкара лепш за ўсё ілюструе тое, як у яго часы быў арганізаваны побыт прэзідэнта. Ён жыў на 450 долараў у месяц — аклад армейскага капітана, а прэзідэнцкі заробак у памеры 2000 долараў пералічваў у сіроцкі фонд. Быў прададзены ўвесь урадавы аўтапарк, які складаўся з «Мерседэсаў». Замест іх для патрэб міністраў былі набытыя машыны маркі «Рэно 5» — самыя танныя на той момант аўтамабілі ў краіне. Больш за тое, Санкара забараніў чыноўнікам карыстацца асабістымі шафёрамі і лётаць першым класам. Клеркі таксама павінны былі замяніць дарагія заходнія гарнітуры на традыцыйную вопратку, пашытую мясцовымі вытворцамі. Адным з першых новаўвядзенняў яго ўрада стала абнародаванне даходаў усіх дзяржаўных чыноўнікаў.
Урадавая праграма Тама Санкара ўключала комплекс мер па фарсіраванай мадэрнізацыі эканомікі і сацыяльнай сферы, эмансіпацыю жанчын і разрыў з архаічнымі традыцыямі, барацьбу з прывілеямі чыноўнікаў. Не дзіўна, што такі радыкалізм хутка прывёў да фарміравання ў асяроддзі арміі і вертыкалі ўнутранай апазіцыі, нефармальным каардынатарам якой стаў Блэз Кампаорэ — калісьці, дарэчы, аднадумец Санкара і нават другі чалавек у яго камандзе.
15 кастрычніка 1987 года Блэз Кампаорэ ўзначаліў чарговы дзяржаўны пераварот, падчас якога прэзідэнт Тама Санкара і з група яго паплечнікаў былі забітыя пры штурме прэзідэнцкага палаца. Сам Кампаорэ адразу абвясціў сябе новым кіраўніком дзяржавы і ўрада, дэвізам якога стаў лозунг пра выпраўленне перакосаў рэвалюцыі.
На справе гэта значыла адыход ад сацыялістычных пражэктаў на карысць звычайнай афрыканскай перыферыйнай дыктатуры, якая пад ціскам патронаў з заходніх сталіц мусіла імітаваць нейкі дэмакратычны працэс. У 1991 годзе ў краіне прайшоў рэферэндум, па выніках якога была прынятая новая Канстытуцыя. Новы Асноўны закон уводзіў два 7-гадовыя прэзідэнцкія тэрміны. 1 снежня таго ж года адбыліся прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымаў адзіны кандыдат. Гэтым кандыдатам, зразумела, быў дзеючы прэзідэнт, які набраў 86% галасоў. Апазіцыя тыя выбары байкатавала.
Наступныя прэзідэнцкія выбары 1998 года нагадвалі дэжа-вю. Гарант быў дзяжурна пераабраны, набраўшы 87,5% галасоў на фоне байкоту выбараў з боку вядучых апазіцыйных партый.
У 2000 годзе Кампаорэ нечакана пагадзіўся на лібералізацыю — у Канстытуцыю была ўнесена папраўка пра скарачэнне прэзідэнцкага тэрміна з 7 да 5 гадоў. Як стала зразумела пазней, рэформа спатрэбілася выключна для таго, каб стварыць прававы казус і дазволіць Кампаорэ балатавацца ў чарговы раз. Вынік — у 2005 годзе Кампаорэ быў у чарговы раз пераабраны з 80% галасоў падтрымкі.
Такую порцыю галасоў атрымаў ён і на выбарах у 2010-м. Аднак гэтым разам у сістэме выявіўся дэфект. На наступны дзень пасля «элегантнай перамогі» выбухнулі хваляванні вайскоўцаў, прычым не дзе-небудзь, а ў казарме прэзідэнцкага палка, размешчанай непасрэдна ў рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы ў сталіцы краіны. З улікам таго, што патрабаванні жаўнераў былі выключна матэрыяльнага характару, выступ неяк лакалізавалі, хаця шмат цывільных, якія падтрымалі жаўнераў, былі забітыя.
Прэзідэнт не пачуў сігналу, і ў кастрычніку 2014 года быў ухвалены праект новай рэдакцыі Канстытуцыі, згодна з якой колькасць магчымых прэзідэнцкіх тэрмінаў меркавалася павялічыць з двух да трох. Законапраект аб унясенні змен у Канстытуцыю быў адпраўлены на разгляд Нацыянальнай асамблеі, якая магла ўхваліць папраўкі без правядзення рэферэндуму.
Напярэдадні пасяджэння Асамблеі акцыі грамадзянскага непадпарадкавання ў сталіцы і іншых буйных гарадах перараслі ў масавыя беспарадкі і сутыкненні з паліцыяй. Напалоханы ўрад абвясціў пра адклiканне законапраекта, аднак пратэсную хвалю спыніць было немагчыма. Адначасова захісталася сілавая вертыкаль. 30 кастрычніка кіраўнік Генштаба абвясціў пра роспуск урада і парламента, увядзенне надзвычайнага становішча і правядзенне дэмакратычных выбараў. Пад ціскам ваенных, якія імкнуліся захаваць кантроль над сітуацыяй, Кампаорэ пагадзіўся датэрмінова сысці ў адстаўку і хуценька падаўся ў эміграцыю.
Ці не адразу пасля падзення старога парадку пачалі гучаць заклікі, каб пакараць экс-гаранта хаця б завочна. Судовыя працэсы сапраўды праз нейкі час пачаліся, аднак адвакаты Кампаорэ елі свой хлеб недарма. Так, у 2016-м яны дамагліся, каб Вярхоўны Суд зняў з яго абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе. Пасля затармазілася расследаванне па абвінавачанні ў санкцыі на сілавое падаўленне акцый пратэсту ў кастрычніку 2014 года (у выніку сілавых дзеянняў загінулі 24 чалавекі, больш за 600 атрымалі раненні). Цяпер пачынаецца справа па забойстве Тама Санкара. 14 красавіка былому прэзідэнту Буркіна-Фасо прад’яўлена абвінавачанне на гэты конт.
Гэта, натуральна, не азначае аўтаматычнага пакарання для Кампаорэ, які, калі верыць інтэрнэту, знаходзіцца ў суседняй рэспубліцы Кот-д’Івуар. Не кажучы пра тое, што шмат хто з жыхароў Буркіна-Фасо даўно забыўся пра мінулае, пераключыўся на новыя фішкі і ўвогуле нярэдка лічыць, што ўрад штучна ўздымае тэму адказнасці Кампаорэ, каб адводзіць увагу ад сваіх хібаў. Аднак дасюль у краіне хапае і тых, хто патрабуе справядлівасці. А некаторыя з іх, як піша прэса, увогуле лічаць, што судзіць трэба ўсіх, хто з 1987 па 2014 гады хоць нейкім чынам працаваў на рэжым.