Financial Times: Расія — самы небяспечны з нашых суседзяў
На думку сурэдактара Financial Times Марціна Вульфа, зусім не «Ісламская дзяржава», а Расія ўяўляе найбольшую знешнепалітычную пагрозу для Захаду, і ва ўзнікненні гэтай пагрозы збольшага вінаваты сам Захад. Ён піша: «Расія — гэта пазадак былой супердзяржавы, які валодае ядзернай зброяй, і яшчэ страшнейшая яна, на мой погляд, таму, што ёю кіруе амаральны аўтакрат».
Вульф не сумняецца, што з халоднай вайны Захад выйшаў пераможцам. Адбылося гэта таму, што ён адкрыў людзям шлях да лепшага жыцця — «гэта была магчымасць, за якую шмат хто ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ўхапіліся абедзвюма рукамі». Сам Захад пры гэтым вельмі часта не дацягваў да ўласных стандартаў свабоды і законнасці, але гэтыя стандарты «застаюцца арыенцірамі. У пачатку 1990-х яны былі арыенцірамі для шмат каго з расійцаў. Як вялікі прыхільнік рускай культуры і мужнасці рускіх я, магчыма, наіўна спадзяваўся, што краіна знойдзе спосаб прабіцца праз аскепкі сваёй абрынуўшайся ідэалогіі, дзяржавы і імперыі. Я ведаў, што гэта будзе цяжка. Трэба сказаць, мне хацелася, каб Расія абрала заходнія каштоўнасці, не толькі дзеля нас, але і дзеля самой сябе. Занадта дэпрэсіўная была альтэрнатыва — новы віток дэспатыі».
«Менавіта такі зыход быў вызначаны Барысам Ельцыным — ён прызначыў сваім пераемнікам былога палкоўніка КДБ Уладзіміра Пуціна. На сённяшні дзень [расійскі] прэзідэнт — гэта папулярны дэспат. Але ён дэспат. Акрамя таго, ён спадчыннік праекта мадэрнізаванай аўтакратыі, які прасоўваў былы кіраўнік КДБ і савецкі лідэр Юры Андропаў. Як адданы слуга дзяржавы, ён мяркуе, што толькі вынік мае значэнне. Хлусня — гэта ўсяго толькі адзін з інструментаў кіравання дзяржавай», — працягвае аглядальнік.
На яго думку, «частка адказнасці за такі трагічны зыход ляжыць на Захадзе. Ён не праявіў неабходнай паспешнасці і своечасова не аказаў Расіі падтрымку, якая патрабавалася ёй у пачатку 1990-х. Замест гэтага ён недарэчным чынам кінуў усе сілы на тое, каб высветліць, хто будзе плаціць па савецкіх пазыках. Ён маўкліва ўхваліў рабунак расійскага здабытку ў інтарэсах вузкага кола людзей. Але важней за гэтых абставінаў было нежаданне расійскай эліты выправіць тое, што паслужыла прычынай краху [СССР], і потым пачаць з чыстай старонкі. Толькі аддаўшы сабе справаздачу ў рэальнасці манструозных сталінскіх механізмаў тэрору і хлусні, яна мела шанец пабудаваць нешта новае».
«Што ў выніку атрымаецца менавіта такая дзяржава — гэта заўсёды было даволі прадказальна, — гаворыцца ў артыкуле. — Гэта дзяржава лічыць, што яе атачаюць ворагі. Замежныя адносіны ёй здаюцца гульнёй з нулявой сумай: чужы поспех — гэта няўдача для Расіі. З гэтага пункту гледжання, калі Украіне ўдасца прыйсці да дэмакратыі і росквіту (згодны, перспектыва вельмі аддаленая), то гэта будзе [для Расіі] страшны сон».
Як піша Вульф, «часам бачанні расійскай эліты мяжуюць з пародыяй. Адна з прычын, па якой палітычны саюз з Еўропай шмат каму ў Маскве ўяўляецца немагчымым, складаецца ў тым, што Еўропа адыходзіць ад хрысціянскіх і «традыцыйных» стандартаў (чытай: прызнае гомасэксуальнасць), але я ж памятаю, што ў Савецкім Саюзе, распад якога аплаквае Пуцін, хрысціянства бязлітасна пераследвалася. Можна ўспомніць і пра тое, што расійскай эліце гэтая заходняя батлейка вельмі падабаецца. Захад нічым не пагражае Расіі. Наадварот, Захад вельмі добра разумее, што добрыя адносіны з гэтай краінай — прадмет яго кроўнай цікавасці. Але не так проста заплюшчыць вочы на ўварванне (так, гэта менавіта ўварванне, хай гэта слова шмат каму і не да спадобы)».
«Ці ёсць выйсце з гэтага складанага становішча? — задаецца пытаннем аўтар. — Усе варыянты (новыя санкцыі, масіраваная эканамічная — а можа быць і ваенная — падтрымка Украіны ці проста марнаванне) спалучаныя з рызыкамі. Захаду варта пачаць з таго, каб непрадузята ацаніць Расію, з якой яму цяпер даводзіцца суіснаваць. Сённяшняя Расія адчувае сябе ахвярай гістарычнай несправядлівасці і не прымае ключавыя заходнія каштоўнасці. Акрамя таго, яна адчувае сябе дастаткова моцнай для таго, каб дзейнічаць. Цяперашні расійскі лідэр расцэньвае гэтыя настроі, якія валодаюць магутным патэнцыялам, як спосаб утрымацца ва ўладзе. Падобныя кіраўнікі былі і да яго. Расія пад яго ўладай — гэта небяспечны сусед. Захаду трэба адкінуць апошнія з тых ілюзій, якія засталіся ў яго пасля заканчэння халоднай вайны».