Дональд Трамп заявіў, што яму «не падабаюцца» бамбардзіроўкі Украіны
Расія працягвае прасоўвацца ва Украіне — але вельмі маруднымі тэмпамі і з вельмі вялікімі стратамі: менш чым за тры тыдні армія РФ страціла 25 тысяч чалавек. Тым часам пакуль не бачна ніякага прагрэсу ў спробах спынення агню. Ідуць 1139-я суткі вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Усяго, за мінулыя суткі зафіксавана 165 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 53 атакі расіян непадалёк Калінавага, Удалага, Срэбнага, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Катляроўкі, Андрэеўкі, Багданаўкі, Вадзянга Другога, Котліна, Успенаўкі.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 22 разы, спрабуючы рушыць наперад паблізу Новаегараўкі, Новага, Ямпалаўкі, Надзеі і ў напрамках Новаміхайлаўкі, Торскага.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 18 атак у раёнах Дачнага, Дыліеўкі, Тарэцка і Леанідаўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі дзевяць расійскіх штурмаў, на Купянскім кірунку за суткі зафіксавана восем атак.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі УСУ адбілі 35 атак расіян. Армія РФ нанесла 16 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 27 кіраваных авіябомбаў.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся паблізу Баравой. Армія РФ прасоўваецца каля Купянска, Тарэцка, Пакроўска і Курахава, а таксама ў Курскай і Сумскай абласцях, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 5 і 6 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся ў паўночна-ўсходняй частцы Гуева Курскай вобласці і паўднёвай частцы Басоўкі Сумскай вобласці. Расійскі «ваенкор» сцвярджаў, што пад Гуева ў Курскай вобласці працягваюцца баявыя дзеянні.
6 красавіка спікер Северскай групоўкі войскаў УСУ Вадзім Міснік паведаміў, што войска РФ перамяшчае асабісты склад ушчыльную да паўночнай мяжы Украіны з Расіяй, але няма ніякіх прыкмет таго, што войскі РФ ствараюць у гэтым раёне «магутную» групоўку сіл.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 5 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся ў паўднёвай частцы Каменкі (на паўночны ўсход ад Купянска) Луганскай вобласці, а УСУ прасунуліся на захад ад Макееўкі (на паўднёвы ўсход ад Баравой).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 5 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся ўздоўж вуліцы Энгельса ў паўночнай частцы Тарэцка.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 6 красавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся ўздоўж вуліцы Усходняй у паўночна-ўсходняй частцы Удалага (на паўднёвы захад ад Пакроўска) і на поўнач ад Андрэеўкі (на захад ад Курахава).
* * *
Тэмпы расійскага прасоўвання ва Украіне штомесяц зніжаюцца з лістапада 2024 года, пацвярджаецца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).
У публікацыі амерыканскіх аналітыкаў прыведзеная ацэнка брытанскай выведкі аб тым, што войскі РФ прасунуліся на тэрыторыі Украіны на 143 квадратныя кіламетры ў сакавіку 2025 года. Паводле звестак ISW, расійскія сілы ва Украіне атрымалі прыкладна 627 квадратных кіламетраў ва Украіне ў лістападзе 2024 года, і 203 квадратныя кіламетры ў сакавіку 2025 года. Спецыялісты ISW мяркуюць, што Мінабароны Вялікабрытаніі, імаверна, выкарыстоўвае іншую метадалогію або крыніцы для ацэнкі прасоўвання расійцаў ва Украіне, але справаздача МА Злучанага Каралеўства «ўзгадняецца са звесткамі ISW аб памяншэнні штомесячнага прасоўвання Расіі ў перыяд з лістапада 2024 года да сакавіка 2025 года».
Зніжэнне тэмпаў прасоўвання расійцаў у ISW звязваюць з паспяховымі контратакамі УСУ на фронце. У апошнія тыдні сілы абароны Украіны правялі лакалізаваныя контратакі на Пакроўскім і Тарэцкім кірунках, аднаўляючы страчаныя пазіцыі ў гэтых раёнах, і спрыяючы запаволенню прасоўвання расійцаў, адзначаюць экспэрты.
* * *
У ноч на 7 красавіка аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў на ўсходзе Украіны. Паводле звестак аналітыкаў, расійцы прасунуліся каля населенага пункта Заходняе на Купянскім кірунку Харкаўскай вобласці, у Лісоўцы на Пакроўскім кірунку і ў Разліве на Новапаўлаўскім кірунку Данецкай вобласці.
Акрамя таго, у DeepState адзначылі, што ў раёне Лімана ў Данецкай вобласці расійскія войскі працягваюць прасоўванне. Сітуацыя на ўчастку Новае-Екацярынаўка-Неўскае працягвае абвастрацца. Расійскія войскі маюць перавагу на гэтым участку фронту і ажыццяўляюць актыўныя наступальныя дзеянні.
* * *

* * *
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон адрэагаваў на абстрэл Расіяй Крывога Рога і Кіева, і асудзіў РФ за ігнараванне прапаноў аб замірэнні.
Макрон адзначыў, што з моманту, калі Украіна прыняла прапанову прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб поўным 30-дзённым спыненні агню, прайшоў амаль месяц. І ў той час, «пакуль мы разам з усімі нашымі партнёрамі працуем над забеспячэннем міру, Расія працягвае весці вайну і робіць гэта з новай сілай».
Французскі лідар падкрэсліў, што ўдары РФ павінны быць спыненыя. І ў выпадку, калі Масква будзе і далей адмаўляцца ад міру, павінны рушыць «рашучыя дзеянні».
* * *
У МЗС Польшчы ў сувязі з працягам расійскіх нападаў на Украіну і забойствам цывільных заявілі, што мэтай Расіі з'яўляецца далейшая вайна, а не мір. «Польшча рашуча асуджае далейшыя напады Расіі на Украіну. Расія павінна панесці адказнасць за смерці ўкраінцаў і разбурэнне грамадзянскай інфраструктуры. Апошнія дзеянні Масквы дэманструюць, што яе мэтай з'яўляецца далейшая вайна, а не мір», — паведамляе польскае ведамства ў сацсетцы Х.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яму «не падабаюцца» бамбардзіроўкі Украіны, але Вашынгтон працягвае размаўляць з прадстаўнікамі Расіі для таго, каб скончыць расійска-ўкраінскую вайну, паведамляе Associated Press.
«Мы размаўляем з Расіяй. Мне не падабаюцца бамбардзіроўкі, бамбардзіроўкі працягваюцца і працягваюцца, і кожны тыдзень гінуць тысячы маладых людзей. Мы хацелі б, каб яны спыніліся», — сказаў амерыканскі лідар.
З моманту пачатку мірных перамоваў пад кіраўніцтвам ЗША колькасць расійскіх удараў па Украіне павялічылася на 50%.
* * *
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ сумняецца, што кіраўніцтва РФ зможа дыктаваць Вашынгтону ўмовы ў пытанні аб спыненні агню ва Украіне. Затое Крэмль сапраўды павінен паказаць рэальнае жаданне спыніць вайну, заявіў ён у інтэрв'ю CBS News.
Са слоў Рутэ, у рамках намаганняў ЗША, каб пакласці канец расійска-ўкраінскай вайне, на мінулым тыдні быў «мяч відавочна на баку расійцаў».
«Яны рухаюцца недастаткова хутка, маё ўражанне, уключаючы ўражанне, якое я маю ад маіх амерыканскіх суразмоўцаў, што Расія сапраўды павінна зрабіць больш, каб пакласці канец гэтай вайне», — сказаў ён.
Генсек NATO адзначыў, што ЗША «сапраўды спрабуюць, крок за крокам, дайсці да сітуацыі, калі гэтая вайна можа скончыцца. Але, вядома, Расія — расійцы таксама павінны танцаваць танга, а цяпер, здаецца, гэтага не робяць, а далей будзе цяжка», — сказаў ён.