Дасье ў карыкатурах: ва Украіне стартуе новы Майдан?
8 снежня а 14-й гадзіне паводле мінскага часу ў Кіеве пачалася акцыя, якая, як не выключаюць яе арганізатары, можа трансфармавацца ў Майдан супраць прэзідэнта Зяленскага і нават прывесці да яго звяржэння. Як Уладзімір Зяленскі праз паўгода пасля трыўмфальнай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах дайшоў да такога?
Перамога Зяленскага ў красавіку была сапраўды трыўмфальнай. Гэты трыўмф замацаваў поспех яго партыі Слуга народа (СН) на ліпеньскіх парламенцкіх выбарах. СН атрымала абсалютную большасць мандатаў — беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі краіны. Не дарма некаторыя ўкраінскія каментатары нават заклікалі называць поспех Зяленскага ў падручніках «электаральным Майданам». А тое, што выбары прайшлі абсалютна празрыста, разглядалася як лепшая рэклама дэмакратычнай мадэлі, прынамсі, для постсавецкай прасторы. Тэматычны малюнак нямецкага выдання Deutsche Welle.
«Зеленаманія» доўжылася прыкладна да сярэдзіны верасня. Першы сур'ёзны іміджавы ўдар новы прэзідэнт атрымаў ад амерыканцаў. Дэмакраты абвінавацілі Трампа ў тым, што той шантажаваў Зяленскага, заклікаючы расследаваць крымінальную справу супраць сям'і свайго канкурэнта на выбарах дэмакрата Джо Байдэна. У доказ сваёй нявінаватасці Трамп выклаў (без згоды Кіева!) фрагменты размовы з украінскім калегам. Падчас яе Зяленскі відавочна нагаварыў лішняга — мітусіўся перад Трампам, крытыкаваў еўрапейскіх партнёраў, абяцаў узяць пад кантроль пракуратуру.
Загладзіць скандал не ўдаецца дагэтуль, паколькі дэмакраты запусцілі працэс імпічменту, а Трамп у сваю чаргу за кошт «украінгейта» марыць пахаваць шанцы дэмакратаў на выбарах. На малюнку выдання Washington Post Дональд прапануе Зяленскаму вырыць дэмакратам магілу. Відавочна, што Зяленскі і яго каманда хочуць трымацца ад гэтай гісторыі як мага далей, аднак, падобна, ад Кіева ўжо мала што залежыць.
Аднак куды большую шкоду вобразу Зеленскага як не смешна нанеслі ягоныя партайгеноссе. Укамплектаваныя з незразумелых персанажаў фракцыя партыі «Слуга народа» і ўрад на яе базе нон-стоп дыскрэдытуюць свайго лідара. То міністр эканомікі прызнаецца, што ён «дэбіл», то ўсплывае інфармацыя пра тое, што адзін з дэпутатаў СН быў асуджаны за калектыўнае згвалтаванне малалетняй, то іншы «слуга народа» зладзіць схадняк крыміналу. Аднак пакуль усіх пераплюнуў кіраўнік камітэта па міжнародных справах Багдан Яроменка, які замаўляў куртызанку наўпрост у залі Рады. Рэагуючы на скандал, мастак выдання «Обозреватель» у жарт прапанаваў мадыфікаваць машынкі для дэпутацкага галасавання. ‘
Галоўная прычына атрафіі рэйтынгу Зяленскага (мінус 20 працэнтаў за два месяцы) безумоўна стала Зямельная рэформа, згодна з якой здымаецца мараторый на продаж зямель сельгаспрызначэння. Ідэя не карыстаецца падтрымкай: больш за 70% украінцаў выступаюць супраць гэтай меры паколькі баяцца перспектывы скупкі ўкраінскай зямлі замежнікамі. Аднак Зяленскі не прыслухаўся да настрояў народу. Плюс адмовіўся ад свайго абяцання правесці плебісцыт на гэтую тэму. У лістападзе законапраект быў пададзены ў Раду і ўжо прайшоў першае чытанне. Падрыхтоўка рэформы аўтаматычна выклікала хваляванні на сяле, да якіх далучылася партыя Юлі Цімашэнка. На думку ўдзельнікаў пратэсту, у выпадку рэформы Украіна будзе выглядаць як дзіравая камізэлька на малюнку Яўгена Гельда.
Аднак на сённяшні Майдан галоўным чынам людзі пойдуць пад транспарантам «Не капітуляцыі!». Пад «капітуляцыяй» маюцца на ўвазе магчымыя саступкі Зяленскага па пытанні Данбаса на нармандскім саміце 9 снежня. Апазіцыя мяркуе, што расійская дыпламатыя рыхтуе Зяленскаму пастку кшталту той, якая намаляваная на малюнку ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода.
Прыкрываючыся мірнымі намерамі, Масква даб'ецца шырокай аўтаноміі для Данбаса што, нібыта, запусціць працэс дэфрагментацыі і разбурэння ўкраінскай дзяржавы. Офіс Зяленскага запэўнівае, што 9 снежня не пракрочыць чырвоныя лініі. Але, падобна, што апазіцыя любы вынік саміту ўспрыме як «здраду», інакш бы яе лідары не рыхтаваліся да такіх маштабных пратэстаў. У Кіеў накіраваныя дэлегацыі актывістаў з правінцыі, ідуць зборы сродкаў на намёты, кухні і г.д.
Пасля мітынгу на Майдане 8 снежня плануецца «вахта» пад офісам прэзідэнта ў выглядзе намётавага мястэчка з перспектывай блакады ўсяго ўрадавага квартала. Пакуль у такі сцэнар верыцца з цяжкасцю, паколькі рэйтынг Зяленскага ўсё яшчэ высокі (52 адсоткі), а апазіцыя не мае адзінага лідара. Аднак, як паказвае найноўшая гісторыя Украіны, у такіх выпадках нічога выключаць нельга.