Дасье ў карыкатурах: Халява ад Байдэна
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў «Амерыканскі план выратавання» — антыкрызісны пакет памерам 1,9 трыльёна долараў. Гэта найбуйнейшы ў гісторыі ЗША пакет дапамогі эканоміцы, наступствы рэалізацыі якога адгукнуцца ўсім краінам.
З прыняццем дакумента амерыканцаў чакаюць выплаты да 1400 долараў на чалавека. Усяго грошы атрымаюць прыкладна 90% хатніх гаспадарак. Беспрацоўным дададуць яшчэ 300 долараў штотыдня. Грамадзянам ЗША пашыраць падатковыя льготы на дзяцей да 3600 долараў на кожнага дзіцяці, а малазабяспечаным грамадзянам дапамогуць з арэнднай платай за жыллё. Як бачым, дапамога сапраўды салідная. Не дзіўна, што радавы грамадзянін, як правіла, успрымае байдэнаўскі План як нечаканую халяву. У такім духу падае План і карыкатурыст The Boston Globe.
На самай справе, дапамога ахвярам эпідэміі і крызісу ў эканоміцы другарадная задача Байдэна. Стаўка робіцца на тое, каб амерыканцы пачалі марнаваць сродкі, стымулюючы эканамічную актыўнасць. Прычым рост эканомікі чакаецца такім імклівым, што ўзровень беспрацоўя павінен будзе зваліцца ніжэй за 5% да канца бягучага года (цалкам камфортны паказчык). Уліванні грошай дазволяць эканоміцы ЗША выйсці на траекторыю вышэй дакрызіснай да чацвёртага квартала 2021 года. Графічна ідэю Байдэна адлюстраваў мастак газеты Gulf News. На яго малюнку вялізны мех грошай дапамагае пазбавіцца ад рэцэсіі.
Таксама многія адзначаюць сацыяльны падтэкст курсу Байдэна. Калі Трамп спрабаваў стымуляваць эканоміку за кошт зніжэння падаткаў для багатых, то Байдэн прапануе гальванізаваць рост за кошт дапамогі бедным. Спецыялісты лічаць, што План знізіць долю бедных у краіне з 12,3% да 8,3%. Гэта азначае, што статусу «бедны амерыканец» пазбавяцца 12 млн чалавек. У гэтым плане байдэнаўскі План безумоўна рэзкі левы паварот амерыканскай адміністрацыі ў традыцыі Франкліна Рузвельта і Ліндана Джонсана. Не дзіўна, што кансерватыўныя карыкатурысты любяць маляваць Байдэна ў выглядзе марыянеткі сацыялістычнай фракцыі Дэмпартыі. Напрыклад, мастак Washington Times лічыць, што сацыялісты акупавалі мозг прэзідэнта.
Тое, што робіць Байдэн — эксперымент, які не мае сабе роўных з часоў Другой сусветнай вайны. Таму заканамернае пытанне пра магчымыя негатыўныя наступствы. Перш за ўсё, баяцца, што грошы пойдуць на куплю тавараў з Кітая, дзе вытворчасць даўно выйшла з каранціну. Гэта значыць Штаты будуць інвеставаць у эканоміку чужой краіны, якую ў дадатак лічаць сапернікам. У канчатковым выніку выдзеленыя сродкі толькі ўзмоцняць дысбаланс гандлю з КНР. Таму актуальны малюнак з кітайскай газеты China Daily, аўтар якога лічыць, што цяперашняя амерыканская эканомка здольная вырабляць толькі долары.
Па-другое, эканамічная палітыка дэмакратаў непазбежна вядзе да далейшага росту дэфіцыту бюджэту, дзяржаўнага доўгу, знешняга доўгу і дэфіцыту знешняга гандлю ЗША, што дазваляе чакаць далейшага паслаблення долара на сусветных рынках. Гэта непазбежна, на думку эканамістаў, прывядзе да росту інфляцыі таксама ў бедных краінах. Калі інфляцыя ўкарэніцца ў эканоміцы, барацьба з ёй можа атрымацца цяжкай і балючай, паколькі цэнтральным банкам прыйдзецца павышаць працэнтныя стаўкі, правакуючы рэцэсію і беспрацоўе. Таму шмат хто лічыць, што дэмакраты ў Кангрэсе безразважна раздавалі мільёны, не думаючы пра наступствы. На гэтую тэму малюнак выдання Counterpont.
Нарэшце небяспека для Амерыкі і для свету складаецца ў тым, што яе эканоміка на фазе росту можа «перагрэцца». Рост попыту відавочна адразу выкліча бум на біржах. На фондавым рынку будзе і далей дзьмуцца бурбалка. У нейкі момант гэты рост трэба будзе спыняць, але тады пачнецца самая сапраўдная ломка. Рынак, які не можа расці без друкавання грошай, асуджаны на немінучае падзенне. Застанецца зноў друкаваць трыльёны?
Не дзіўна, што, на на думку брытанскага Statesman, рызыкі байдэнаўскага плана можна параўнаць з палётам на месяц на парахавой ракеце.