Будучы канцлер Германіі не выключае далучэння Украіны да ЕС і NATO
Але для гэтага спачатку павінна скончыцца вайна ва Украіне, лічыць Фрыдрых Мерц. Тым часам Дональд Трапм, падобна, губляе цярпенне з-за нежадання Расіі ісці на мірныя ўгоды. А Расія працягвае атакаваць Украіну «Шахедамі», прычым робіць гэта па-новаму. Ідуць 1145-я суткі вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За ўчора ва Украіне зафіксавана 120 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 31 штурмавое і наступальнае дзеянне расіян ў бок Калінава, Елізаветаўкі, Успенаўкі, Лісоўкі, Котліна, Новасергіеўкі, Траецкага, Катляроўкі, і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 18 разоў, спрабуючы прасунуцца наперад паблізу Надзеі, Кацярынаўкі, Зялёнай даліны, Зарэчнага, Торскага і іншых населеных пунгктаў.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак у раёнах Дачнага, Дыліеўкі, Шчарбінаўкі і Тарэцка.
На Краматорскім кірунку зафіксавана 11 боесутыкненняў ў раёне Часавага Яра, у напрамку Прадцечына і на захад ад Андрэеўкі.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі адбылося 23 баявыя сутыкненні рознай інтэнсіўнасці. Акрамя гэтага расіяне нанеслі 71 авіяцыйны ўдар па сваёй тэрыторыі з ужываннем 133 кіраваных авіяцыйных бомбаў.
* * *
Расийскія войскі прасунуліся каля двух населеных пунктаў Данецкай вобласці і ў Курскай вобласці Расіі. Пра гэта ў ноч на нядзелю, 13 красавіка, паведаміў аналітычны праект DeepState. «Вораг прасунуўся каля Ямпалаўкі і Валянцінаўкі», — гаворыцца ў паведамленні.
* * *
У ноч на 13 красавіка Расія атакавала Украіну 55 ударнымі БпЛА. Паветраныя сілы паведамляюць, што збілі 43 БПЛА і 12 «лакацыйна страчаны».
У паветранай прасторы сталіцы Украіны і вакол Кіева было зафіксавана 30 варожых БПЛА. 19 з іх знішчаныя сродкамі СПА. Пацярпелых і разбурэнняў у выніку расійскіх паветраных нападаў у межах Кіева не дапушчана, піша Кіеўская адміністрацыя.
* * *

* * *
Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) прааналізавалі, як расійскае войска эксперыментуе і змяняе тактыкі з запускамі ўдарных беспілотнікаў тыпу «Шахед» ва Украіне з мэтай знясіліць і здушыць украінскую супрацьпаветраную абарону.
У апошнія тыдні расійскія войскі адкарэктавалі сваю тактыку ўдараў на вялікія адлегласці, верагодна, у рамках спробы нанесці значны ўрон, і для запалохвання ўкраінскіх грамадзян. Украінскія крыніцы і нямецкае выданне BILD у канцы сакавіка і ў пачатку красавіка 2025 года паведамілі, што расійскія войскі перакідваюць беспілотнікі далёкага радыусу дзеяння на вялікай вышыні ў некалькіх кіламетрах ад буйных украінскіх гарадоў і іншых мэтаў, перш чым нанесці сінхронныя ўдары некалькімі беспілотнікамі.
Украінскія крыніцы таксама паведамілі, што расійскія войскі выкарыстоўваюць беспілотнікі «Шахед» у шчыльным парадку, каб знішчыць украінскія сістэмы супрацьпаветранай абароны, і што расійскія войскі засяроджваюць групу з 10-15 беспілотнікаў за межамі горада, перш чым нанесці ўдар па горадзе.
«Войска РФ раней запускала беспілотнікі далёкага радыусу дзеяння “Шахед” серыямі хваляў супраць розных мэтаў кожную ноч, і гэтыя паведамленні аб выкарыстанні беспілотнікаў у больш шчыльных фармацыях сведчаць, што расійскія войскі мяркуюць, што гэтая новая тактыка будзе больш эфектыўна душыць украінскую супрацьпаветраную абарону», — адзначае ISW.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у суботу, што перамовы аб спыненні вайны ва Украіне, на ягоную думку, ідуць добра, але «ёсць момант, калі вы проста павінны альбо дзейнічаць, альбо замаўчаць», піша Reuters.
Выданне не паленавалася зазірнуць у Оксфардскі слоўнік: фраза «put up or shut up», якую ўжыў Трамп, кажа пра тое, што хтосьці павінен альбо прыняць меры, каб зрабіць тое, пра што ён казаў, альбо перастаць казаць пра гэта.
Выданне адзначае, што Трамп даў гэты каментар журналістам праз дзень пасля таго, як ён выказаў расчараванне Расіяй і заклікаў яе «рухацца» да заключэння мірнага пагаднення.
У пятніцу пасланнік Трампа Стыў Уіткаф правёў перамовы з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным аб «аспектах украінскага ўрэгулявання». Перамовы адбыліся ў той час, калі амерыкана-расійскі дыялог, накіраваны на дасягненне дамоўленасці аб спыненні агню напярэдадні магчымага мірнага пагаднення аб спыненні вайны, падобна, зайшоў у тупік з-за рознагалоссяў адносна ўмоў для поўнага спынення баявых дзеянняў.
«Трамп прадэманстраваў прыкметы страты цярпення і загаварыў аб увядзенні другасных санкцый супраць краін, якія купляюць расійскую нафту, калі ён адчуе, што Масква зацягвае з укладаннем пагаднення», — адзначае Reuters.
* * *
Прэзідэнт Дональд Трамп падоўжыў на год рэжым надзвычайнага становішча ў ЗША, уведзенага яшчэ Джо Байдэнам з-за шкоднасных знешнепалітычных дзеянняў РФ.
«Падаўжэнне дзеяння надзвычайнага становішча ў сувязі з названымі шкоднымі замежнапалітычнымі дзеяннямі ўрада Расійскай Федэрацыі», — сказана ў загалоўку дакумента.
Рэжым надзвычайнага становішча быў уведзены яшчэ папярэднім прэзідэнтам Джо Байдэнам у красавіку 2021 года, і накіраваны на блакаванне ўласнасці РФ і ўвядзенні санкцый.
* * *
Будучы канцлер Германіі Фрыдрых Мерц заявіў, што Украіна зможа стаць сябрам ЕС або NATO — але толькі пасля заканчэння вайны.
Ён адзначыў у інтэрв'ю Handelsblatt, што абяцанне далучыцца да Еўрапейскага Саюза дзейснае, як і перспектыва далучэння да NATO. Але краіна, якая знаходзіцца ў стане вайны, не можа стаць чальцом NATO або Еўрапейскага Саюза.
«Каб абедзве гэтыя падзеі адбыліся, вайна павінна спачатку скончыцца», — заявіў Мерц.