Арастовіч: Галоўныя ахвяры пуцінскага рэжыму — гэта народы Расіі і Беларусі

Самай вялікай памылкай Расіі было думаць, што рускамоўныя ўкраінцы сустрэнуць акупантаў з кветкамі, заявіў Аляксей Арастовіч падчас свайго візіту ў Літву

arastovicz_1.jpg

Дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч прыбыў у Літву, дзе 8 верасня адзначалі ўгодкі бітвы пад Воршай, і меў шэраг сустрэч з палітыкамі, у тым ліку і са Святланай Ціханоўскай.

 Аляксей Арастовіч заявіў, што самая вялікая памылка Расіі — «няправільная інтэрпрэтацыя таго, як нашы людзі ідэнтыфікуюць сябе. Яны лічаць, што руская культура, руская мова азначаюць саюз з Расіяй. Гэта не тое ж самае. Я рускамоўны ўкраінец, але я шмат гадоў змагаюся з рускімі. І яны не разумеюць палітычнай культуры Украіны», — цытуе Дэлфі словы Арастовіч на канферэнцыі з нагоды гадавіны бітвы пад Воршай.


Ён адзначыў, што самай вялікай памылкай рускіх захопнікаў было думаць, што рускамоўныя жыхары Украіны сустрэнуць іх з кветкамі. Арастовіч падкрэслівае, што еўрапейскія каштоўнасці ўкраінцы выбралі яшчэ 500 гадоў таму. «500 гадоў таму людзі выбралі еўрапейскую культуру і еўрапейскія каштоўнасці, як і цяпер. 500 гадоў таму мы аб'ядналі свае намаганні ў барацьбе супраць Масквы — такая ж сітуацыя цяпер. І я баюся, што такая ж сітуацыя можа працягвацца яшчэ 50 гадоў, таму што Расія ніколі не змяняецца, гэтыя людзі ніколі не мяняюцца», — падкрэсліў Арастовіч.

«На мой погляд, галоўныя ахвяры пуцінскага рэжыму — гэта народы Расіі і Беларусі. І ў гэтым праблема. (...) Я спадзяюся, што ў будучыні ў нас будзе свабодная Расія і свабодная Беларусь», — адзначыў украінскі палітык.