Амерыканскія сенатары падрыхтавалі рэзалюцыю аб санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў
Двухпартыйная група з 13 сенатараў прадставіла рэзалюцыю, якая заклікае ўвесці адрасныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за падаўленне мірных дэманстрацый у краіне.
У апублікаваным прэс-рэлізе сенатар-рэспубліканец ЗША Джым Рыш, які ўзначальвае Камітэт па міжнародных адносінах назваў «абуральна несправядлівым» гвалт у дачыненні да апазіцыі ў Беларусі, які працягваецца.
У тэксце рэзалюцыі гаворыцца, што прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, не былі «ні свабоднымі, ні сумленнымі», а іх афіцыйныя вынікі, агучаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй, названыя несапраўднымі.
Рэзалюцыя таксама патрабуе вызваліць усіх палітычных зняволеных і затрыманых мірных дэманстрантаў, у тым ліку тых, хто быў арыштаваны да выбараў.
Санкцыі плануецца каардынаваць з Еўрапейскім саюзам і іншымі міжнароднымі партнёрамі.
У тэксце таксама гаворыцца, што ўлады Беларусі паслядоўна абмяжоўваюць свабоду прэсы і арыштавалі дзясяткі журналістаў.
«Беларускія ўлады павінны спыніць жорсткія рэпрэсіі і вызваліць усіх тых, хто быў несправядліва арыштаваны або затрыманы пасля жнівеньскіх выбараў, — сказаў Рыш. — Двухпартыйная рэзалюцыя, якую мы прадстаўляем сёння, служыць яркім сімвалам таго, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі і яго права на свабоду сходаў, свабоду выказвання меркавання, свабодныя выбары і вяршэнства закона. Мы працягнем працаваць з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, каб дапамагчы беларускаму народу ў яго імкненні да лепшай будучыні».
Акрамя Рыша ў падрыхтоўцы рэзалюцыі ўдзельнічалі сенатары Боб Мэнэндэс, Крыс Мэрфі, Марка Рубіа, Дзік Дурбін, Ліндсі Грэм, Джын Шахін, Бэн Кардзін, Міт Ромні, Крыс Кунс, Рон Джонсан, Роб Портман і Цім Кэйн.
«На мяне зрабіла глыбокае ўражанне мужнасць народа Беларусі, і я заклікаю міжнародную супольнасць цалкам падтрымаць яго імкненне да свабоднай і дэмакратычнай будучыні, — сказаў Мэнэндес, самы высокапастаўлены дэмакрат у Камітэце па міжнародных адносінах. — У Лукашэнкі не засталося ні кроплі легітымнасці, і ён павінен сысці ў адстаўку. ЗША і нашыя партнёры ў Еўропе павінны неадкладна прыцягнуць яго і яго паслугачоў да адказнасці за злачынствы супраць народа Беларусі. Далейшае прамаруджванне толькі спрыяе таму, што рэжым яшчэ мацней трымаецца за ўладу».
Паводле Радыё Свабода