Ад вайны пакутуюць не толькі людзі. Як выжываюць гадаванцы Кіеўскага заапарка
Расія заяўляе, што б'е па стратэгічна важных аб'ектах, пакідаючы без святла і цяпла мільёны ўкраінцаў. Але пакутуюць не толькі людзі. Дырэктар Кіеўскага заапарка Кірыл Транцін распавёў «The Insider», як выжываюць жывёлы, якія не могуць пры абвяшчэнні паветранай трывогі бегчы ў бамбасховішча і жыццё якіх залежыць ад генератараў і ліхтароў.
«Мы становімся экспертамі па выжыванні без вады і электрычнасці»
Кіеўскі заапарк з'яўляецца аб'ектам прыродна-запаведнага фонду Украіны агульнадзяржаўнага значэння. Як паведамляецца на сайце ўстановы, там утрымліваецца 2170 асобін жывёл каля 300 відаў. Мэты звярынца не толькі забаўляльныя: у заапарку таксама праводзіцца навукова-даследчая праца, накіраваная на паляпшэнне ўмоў утрымання жывёл, збор даных па біялогіі, паводзінах і рэабілітацыі жывёл, неабходных для захавання рэдкіх відаў у дзікай прыродзе і для развіцця прыкладной і фундаментальнай навукі.
Па словах Кірыла Транціна, жывёл Кіеўскага заапарка нікуды не перамяшчалі з 24 лютага.
«Навучаныя горкім вопытам першых месяцаў вайны, мы падрыхтаваліся да гэтых праблем — купілі генератары, замовілі і дрывяныя печы. Далей уцяплілі ўсе будынкі, нават набылі невялікі цеплавізар, каб правяраць уцечку цяпла са старых будынкаў. Ёсць запас дроў і невялікі запас паліва, кармоў на паўтара месяца наперад. Гатовыя да ўсяго самага горшага. Акрамя прамых траплянняў, але да гэтага ніяк не падрыхтавацца.
Жывёлы ўсе з пачатку верасня атрымалі дадатковыя рацыёны. Яны ў нас на зіму набіраюць 10% вагі. Мы іх добра адкормліваем, каб яны ўваходзілі ў зіму ў максімальна камфортнай форме. Плюс у нас 200 жывёл, якіх мы выратавалі і прытулілі за гэты перыяд».
Удары Расіі па Кіеве жывёлы адчулі на сабе. Па словах Транціна, «былі выбіты шыбы», але абышлося без страт. Аднак на стане гадаванцаў заапарка гэта ўсё роўна адбіваецца: напрыклад, у выніку абстрэлаў пеліканы знішчылі яйкі ў першы месяц — ад стрэсу, а самка лемура кінула малога, яго выкормлівалі сіламі заапарка. Выжыць дапамагаюць ахвяраванні ўкраінцаў і еўрапейскіх заапаркаў. У лютым-сакавіку людзі закрылі досыць буйную суму, за кошт чаго кіраўніцтва заапарка змагло плаціць за газ, святло, ваду і кармы.
«Калі вам на цэнтральны ўваход кідаюць скрынку, а там змяя — гэта экстрэмальны выпадак ці не? І што з ёй рабіць? Не, мы разумелі, што з ёй рабіць, і мы ўсіх ратавалі — і папугаяў, і чарапах, і малпаў. Калі ў вас спланаваны бюджэт свой, а вам яшчэ прыносяць 10% жывёл ад агульнай вашай жыўнасці, то вы гэта цягнеце, сціснуўшы зубы. Калі б не дапамога радавых людзей і еўрапейскіх заапаркаў, то мы б не выцягнулі сітуацыю».
Самая вялікая праблема — адсутнасць цяпла, асабліва яно важна для прыматаў, кажа Транцін. Нават зніжэнне тэмпературы паветра да + 10°C смяротна небяспечна. Выратаваць іх дапамогуць печы, якія неўзабаве прыбудуць у заапарк. Таксама былі перабоі са святлом. Жывёлы не хацелі есці ў цемры, не хацелі пераходзіць у вальеры для ўборкі.
«Мы купілі вулічныя ліхтары, а да іх ёсць невялікія сонечныя батарэі, цяпер гэтыя ліхтары ўсталёўваюцца ў памяшканнях, так што, калі няма святла, то ёсць незалежная крыніца асвятлення. Купілі 30 панэляў з убудаванай батарэяй, так што калі знікае святло, то гадзіны на чатыры ёсць панэлі з батарэямі. Мы становімся экспертамі па выжыванні без вады і электрычнасці. У нас задача ў тым, каб нашых гадаванцаў гэтая вайна не тычылася. Людзі могуць схавацца ў бамбасховішча, а жывёлам не патлумачыш, што нейкія ідыёты бамбяць горад і б'юць па вадзе і газе».
Місія вярнуць херсонскіх янотаў пакуль невыканальная
17 лістапада на сайце заапарка з'явілася навіна аб тым, што мясцовы янот Сеня «ледзь не падавіўся херсонскім кавуном, пачуўшы навіну аб выкрадзеным оркамі «браце» з заакутка Херсона».
Гаворка ідзе аб нашумелай сітуацыі вакол Херсонскага заакутка, адкуль уладальнік крымскага парку львоў «Тайган» Алег Зубкоў вывез жывёл: янотаў, ослікаў, ламу, паўлінаў і іншых. Сам Зубкоў паведаміў «The Insider», што эвакуяваў жывёл на выпадак абстрэлаў і магчымага ўдару па дамбе Кахоўскай ГЭС — у выпадку прарыву дамбы заапарк затопіць. Ён таксама заявіў, што гатовы па запыце Украіны вярнуць ёй вывезеных жывёл. Транцін адзначыў, што Кіеўскі заапарк гатовы забраць жывёл сабе, аднак весці перамовы з Зубковым ён не мае намеру.
«Мы б з задавальненнем узначалілі танкавую калону, але нас не пусцяць «аджаць» янота назад. Калі нашы ЗСУ назад яго забяруць, то мы з задавальненнем яго прытулім. Не забывайце пра тое, што вось гэты Херсонскі куток — гэта куток пры рэстаране, а не заакуток. У такіх умовах жывёлы наогул не павінны жыць. Да жывёл трэба ставіцца з павагай, так што калі ЗСУ іх забяруць, то я іх прытулю. У наступным годзе мы ўсё роўна плануем адкрыццё вялікай экспазіцыі для янотаў — выратаваных, якіх мы прытулілі. Зубкоў за хвост цягаў янота — поўны прыдурак. Для гэтага ёсць жа сетка. Мы з ім прынцыпова не супрацоўнічаем, бо для нас ён вораг і здраднік. Мы яго памятаем яшчэ па 2014 годзе».
Пераклад «НЧ»