805-ты дзень вайны. Расія нанесла масіраваны ўдар па Украіне
Расія выпусціла па Украіне 55 ракет і 21 беспілотнік. А NATO збіраецца прапісаць у дэкларацыі адмову ад адпраўкі войскаў ва Украіну.
Расійскія войскі атакавалі аб'екты энергетыкі Украіны
У ноч на 8 траўня расейскія войскі атакавалі аб'екты энергетыкі ў шасці абласцях Украіны, паведамляе ўкраінскае міністэрства энергетыкі.
Пад удар трапілі аб'екты генерацыі і перадачы электраэнергіі ў Палтаўскай, Кіраваградскай, Запарожскай, Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Вінніцкай абласцях.
Мінабароны Расіі сцвярджае, што ў адказ на спробы Украіны «нанесці ўрон аб'ектам расійскай энергетыкі» УС РФ нанеслі групавы ўдар па аб'ектах энергетыкі і прадпрыемствам ваенна-прамысловага комплексу Украіны.
«Мэты ўдару дасягнуты. Усе прызначаныя аб'екты ўражаны. У выніку ўдару істотна зніжаны магчымасці Украіны па выпуску прадукцыі ваеннага прызначэння, а таксама перакідцы да лініі баявога судотыку заходняга ўзбраення і ваеннай тэхнікі », — гаворыцца ў паведамленні.
УСУ: Расія выпусціла па Украіне 55 ракет і 21 беспілотнік
Камандуючы Паветраных сіл УСУ Мікалай Алешчук заявіў, што ўначы войска РФ атакавала Украіну 55 ракетамі розных тыпаў і 21 беспілотнікам.
Паводле яго даных, сілы СПА знішчылі 33 крылатыя ракеты X-101/X-555, чатыры крылатыя ракеты «Калібр», дзве кіруемыя авіяцыйныя ракеты X-59/Х-69 і 20 дронаў «Шахед».
Фатаграфію наступстваў аднаго з удараў публікуе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Галоўнае пра масіраваны ўдары па Украіне
У Кіеўскай вобласці ў выніку падзення абломкаў ракет пашкоджаны 13 будынкаў, два чалавекі пацярпелі.
У Львоўскай вобласці расійскія войскі атакавалі два аб'екты энергетычнай інфраструктуры, заявіў начальнік ваеннай адміністрацыі рэгіёна Максім Казіцкі. Паводле яго слоў, каля пяці раніцы расійскія крылатыя ракеты трапілі ў аб'ект генерацыі энергіі ў Краснаградскім раёне, адбылося два ўзгаранні. Акрамя таго, з-за траплення расійскай ракеты пацярпеў аб'ект энергетычнай інфраструктуры ў Стрыйскім раёне.
У Кіраваградскай вобласці ў выніку ракетнай атакі пашкоджаны аб'ект крытычнай інфраструктуры ў Александрыйскім раёне, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Андрэй Райковіч.
У Палтаўскай вобласці зафіксавалі трапленне ў аб'ект энергетычнай інфраструктуры ў Палтаўскім раёне, заявіў кіраўнік ваеннай адміністрацыі рэгіёну Філіп Пронін.
У выніку расійскага абстрэлу Херсона пашкоджана крытычная інфраструктура, паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Горад часткова застаўся без святла. Пацярпела таксама чыгуначная інфраструктура, пашкоджаны пуці.
NATO збіраецца прапісаць у дэкларацыі адмову ад адпраўкі войскаў ва Украіну
У дэкларацыі, якая будзе прынята на саміце НАТА ў ліпені, плануюць прама прапісаць адмову ад адпраўкі войскаў для ўдзелу ў вайне ва Украіне, піша Corriere della Sera са спасылкай на ўжо складзены праект выніковай заявы.