796-ты дзень вайны. Расіяне прыцягваюць да зборкі БПЛА беларускую моладзь?
Сітуацыя на фронце ва Украіне — напружаная. Інтэнсіўнасць расійскіх атак узрасла удвая, украінскія вайскоўцы вымушаны адыходзіць на падрыхтаваныя лініі абароны. Тым не менш, сітуацыя не выглядае катастрофай. А ў Мінску праходзіць форум моладзі з вельмі падазронымі ўдзельнікамі.
Украінскія вайскоўцы адбілі 55 атак праціўніка на Аўдзееўскім кірунку, утрымалі пазіцыі і адбілі штурмы акупацыйных войскаў на Херсонскім кірунку, піша Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 красавіка. Усяго за мінулыя суткі адбылося 131 баявое сутыкненне.
Расійскія войскі атакуюць Украіну на Бахмуцкім, Новапаўлаўскім і Аўдзееўскім кірунках. На Бахмуцкім кірунку было адбіта 29 атак, на Новапаўлаўскім — 15 атак. У Ліманскім кірунку расійцы правялі 18 атак.
На Купянскім кірунку УСУ адбілі 6 атак, на Арэхаўскім кірунку 4 атакі і 5 атак — на Херсонскім кірунку.
Галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны Аляксандр Сырскі паведаміў, што сітуацыя на фронце абвастрылася, а Расія актыўна атакуе па ўсёй лініі фронту, на некаторых кірунках — мае тактычныя поспехі.
Сырскі паведаміў, што ўкраінскія войскі выведзеныя з Бердзічаў (на паўночны захад ад Аўдзееўкі) і Сямёнаўкі (на захад ад Аўдзееўкі) на неадзначаныя лініі абароны на захад, а таксама сышлі з Новаміхайлаўкі (на паўднёвы захад ад Данецка) на фоне баявых дзеянняў, якія працягваюцца ў гэтым раёне.
Генерал адзначыў, што адбываецца дынамічная змена становішча, асобныя пазіцыі пераходзяць «з рук у рукі» некалькі разоў на працягу сутак, што спараджае неадназначнае разуменне сітуацыі.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што расійскія сілы не дамагліся адносна хуткіх тактычных поспехаў на захад ад Ачарэціна, Салаўёва, Бердзічаў і Сямёнаўкі пасля вываду ўкраінскіх сіл з тактычных пазіцый у гэтым раёне. Гэта сведчыць пра тое, што УСУ захоўваюць магчымасці запавольваць прасоўванне РФ.
Наступная лінія абароны ў гэтым раёне знаходзіцца на некаторай адлегласці ад той лініі, якую акупанты атакуюць з моманту захопу Аўдзееўкі ў сярэдзіне лютага.
Прыбыццё на фронт свежых украінскіх брыгад, якія аднавілі баяздольнасць, пра што паведамляў галоўнакамандуючы УСУ Сырскі, імаверна, дазволіць украінскім сілам запаволіць тактычныя поспехі Расіі і, магчыма, стабілізаваць фронт, гаворыцца ў справаздачы.
У Інстытуце лічаць, што прыбыццё ўкраінскіх падмацаванняў і дадатковай тэхнікі прымусіць расійскае камандаванне альбо прызнаць, што больш шырокае або больш глыбокае пранікненне ў найбліжэйшай будучыні малаверагодна, альбо накіраваць у гэты раён дадатковыя рэзервы для працягу дасягнення тактычных поспехаў.
Пры гэтым прыцягненне дадатковых рэзерваў на гэты кірунак будзе азначаць для расійцаў рызыку недасягнення поспеху ў раёне Часава Яру або ў падрыхтоўцы летняга буйнамаштабнага наступу.
* * *
* * *
Таксама ў Інстытуце вывучэння вайны мяркуюць, што расійскія войскі спрабуюць выкарыстоўваць пагрозу наступу на Харкаў, каб расцягнуць украінскія сілы на больш шырокую лінію фронту на ўсходзе Украіны перад пачаткам свайго летняга наступу.
Паводле звестак украінскай выведкі, Расія назапашвае войскі на Харкаўскім кірунку і праводзіць перагрупоўку. Украіна са свайго боку ўзмацняе самыя небяспечныя ўчасткі на гэтым кірунку. У ISW адзначаюць, што гэта не кажа пра непазбежнасць расійскай наступальнай аперацыі на Харкаў. Няздольнасць расійскіх брыгад захапіць Сінькоўку ў Харкаўскай вобласці, нягледзячы на неаднаразовыя масіраваныя пяхотныя і механізаваныя атакі на працягу шматмесячнага наступу, ставіць пад сумнеў іх баяздольнасць, а таксама баяздольнасць Паўночнай групоўкі войскаў РФ у цэлым, лічаць у ISW.
«ISW працягвае лічыць, што патэнцыйны будучы расійскі наступ з мэтай захопу Харкава будзе надзвычай амбіцыйным прадпрыемствам, якое створыць сур'ёзныя праблемы для расійскіх сіл, асабліва з улікам таго, што расійскія сілы сутыкнуцца з лепш абсталяванымі ўкраінскімі сіламі пасля прыбыцця вайсковай дапамогі ЗША», — гаворыцца ў справаздачы.
Разам з тым, расійскія акупанты могуць выкарыстоўваць пагрозу наступу на Харкаў, каб расцягнуць украінскія сілы на больш шырокую лінію фронту на ўсходзе Украіны перад пачаткам свайго летняга наступу.
* * *
У Беларусі пачаўся моладзевы форум па БпЛА, на якім расійцы спрабуюць «максімальна прыцягнуць маладых беларусаў да распрацоўкі і вытворчасці» дронаў для сваіх узброеных сіл. Пра гэта ў нядзелю, 28 красавіка, паведаміў Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны.
Міжнародны маладзёжны форум па распрацоўцы БпЛА праходзіць у Беларускім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. У Мінск прыехала прадстаўнічая дэлегацыя ад Казанскага тэхнічнага даследчага ўніверсітэта, якая займаецца распрацоўкай баявых БпЛА ў РФ. «На форуме былі заўважаныя прадстаўнікі тэрарыстычнай арганізацыі ПВК “Вагнер”. Задачай форуму з'яўляецца максімальна прыцягнуць маладых беларусаў да распрацоўкі і вытворчасці БпЛА для УС РФ», — паказваюць у арганізацыі.
Куратарамі форуму з'яўляюцца дзяржсакратар «Саюзнай дзяржавы» Дзмітрый Мезенцаў і пасол РФ у РБ Барыс Грызлоў.
* * *
Брытанская выведка мяркуе, што чарговае скасаванне Расіяй традыцыйнага шэсця «Несмяротны полк» на 9 траўня можа сведчыць і пра асцярогі надзвычайных сітуацый, і таго, што масавыя мерапрыемствы могуць стаць месцам праявы незадаволенасці праз вайну ва Украіне.
Выведка адзначае, што Расія скасавала маршы «Несмяротнага палка». Акрамя таго, у пяці абласцях Расіі — Бранскай, Пскоўскай, Белгарадскай, Разанскай і Курскай — адмянілі таксама парады да 9 траўня, верагодна, з-за боязі атак украінскіх беспілотнікаў.
«Гэта ўжо другі год, калі адмяняюць марш “Несмяротны полк” і з меркаванняў бяспекі згортваюць парады да Дня Перамогі. Сёлета Дню Перамогі папярэднічае інаўгурацыя Пуціна, якая адбудзецца 7 траўня. На разлік расійскага кіраўніцтва таксама маглі паўплываць патэнцыял для пратэстаў і выказвання незадаволенасці вайной супраць Украіны», — адзначаюць у аглядзе.
У 2023 годзе пасля адмены ў Расіі акцыі «Несмяротны полк» брытанская выведка звязала гэта з нежаданнем падкрэсліваць маштабы страт у вайне ва Украіне.