741-шы дзень вайны. Яшчэ адзін расійскі карабель пайшоў па вядомым маршруце
Украінскія разведчыкі патапілі расійскі карабель «Сяргей Котаў». Інфармацыю пацвердзілі ў ГУР Украіны.
У Галоўным упраўленні разведкі Мінабароны Украіны афіцыйна пацвердзілі, што знішчылі расійскі карабель «Сяргей Котаў».
«У ноч на 5 сакавіка 2024 года спецпадраздзяленне ГУР МА Украіны «Group 13» атакавала патрульны карабель Чарнаморскага флоту РФ «Сяргей Котаў». Місія адбылася ў супрацоўніцтве з ваенна-марскімі сіламі УСУ і пры падтрымцы Міністэрства лічбавай трансфармацыі Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што ў выніку ўдару марскімі дронамі MAGURA V5 расійскі карабель праекта 22160 «Сяргей Котаў» атрымаў пашкоджанні кармы, правага і левага бартоў.
«Вогненнае паражэнне» карабля адбылося ў тэрытарыяльных водах Украіны, недалёка ад Керчанскага праліва. Кошт патопленага карабля складае блізу 65 мільёнаў долараў», — дадалі ў ГУР.
Раней паведамлялася, што ў Крыме чулі серыю выбухаў. Пазней стала вядома, што прычына — атака марскіх дронаў, і што мэтай стаў патрульны катэр «Сяргей Котаў». У сетку прасачылася відэа моманту ўдару, «Сяргей Котаў» пайшоў на дно.
У Расіі заявілі аб дронавай атацы на нафтабазу АТ «Белгараднафтапрадукт» у вёсцы Доўгае Белгарадскай вобласці.
«Паводле нашай інфармацыі, усё здарылася ў 08:50 раніцы. Зараз на тэрыторыі пажар — гараць два рэзервуары. Апошні раз аб'ект атакавалі 15 лютага. Сур'ёзных пашкоджанняў тады не было», — піша расійскі тэлеграм-канал Mash.
Тэлеграм-канал 112 апублікаваў фота, адзначыўшы, што гарыць адзін рэзервуар: «У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў. На месца ідзе пажарны цягнік».
Расійскія ўлады пацвердзілі атаку на інфраструктурны аб'ект у Белгародскай вобласці. Пра пажар заявіў губернатар Вячаслаў Гладкоў.
А ў МНС РФ зрабілі справаздачу, што ў Белгародскай вобласці пасля выбуху «пашкоджаны адзін рэзервуар», і што пагрозы распаўсюджання агню няма.
Расійскія акупанты ў ноч на аўторак 5 сакавіка атакавалі Украіну 22 ударнымі беспілотнікамі тыпу Shahed, і большасць з іх былі ліквідаваныя. Ужо вядома, што ёсць «прылёты».
Украінскія вайскоўцы ліквідавалі 18 «Шахедаў», паведамілі Паветраныя сілы УСУ. Адзначаецца, што расійцы запускалі беспілотнікі з Крыма, а ліквідаваныя паветраныя цэлі былі над Адэскай вобласцю.
«Да адбіцця паветранага нападу прыцягнутыя зенітныя ракетныя падраздзяленні паветраных сіл, мабільныя агнявыя групы Сіл абароны Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.
Украінскі бок удакладніў, што праціўнікі паўтарылі злачынную тактыку манеўраў над жылымі і прамысловымі раёнамі Адэсы і прыгарада, што стварала рэальную пагрозу для мірных жыхароў, адначасова ўскладняючы працу сілам СПА.
«На жаль, не ўдалося пазбегнуць трапленняў. У Адэскім раёне пашкоджаныя будынкі рэкрэацыйнага аб'екта. Адбылося ўзгаранне, але пажар быў аператыўна ліквідаваны. Аздараўленчая ўстанова не функцыянуе з пачатку поўнамаштабнага ўварвання», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама ў рэкрэацыйнай зоне зафіксаванае пашкоджанне прыватнага дома з прычалам і гаспадарчымі пабудовамі. Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма.
Расія працягвае тэрарызаваць грамадзянскае насельніцтва і падвяргаць яго небяспецы падчас нападаў «Шахедамі», паведаміла начальніца аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк у эфіры тэлемарафона.
«Адэская вобласць гэтай ноччу пакутавала ад магутнай дронавай атакі, 18 дронаў былі знішчаныя сіламі СПА. На жаль, не ўдалося пазбегнуць трапленняў. На гэты раз вораг выкарыстаў такую ж падступную тактыку, калі дроны манеўравалі паміж жылымі і прамысловымі кварталамі горада-мільённіках», — сказала Гумянюк.
Яна дадала, што ў выніку атакі РФ ёсць трапленне ў аб'ект інфраструктуры, пашкоджаная прыватная ўласнасць.
«Вораг таксама манеўраваў у раёне прыгарада Адэсы. Улічваючы тое, што там шмат аб'ектаў прыпартавой інфраструктуры, пагражалі і з гэтага кірунку. У рэшце рэшт, трапленне адбылося ў аб'ект рэкрэацыйнай інфраструктуры, там разбурана некалькі будынкаў, узнік пажар, але на шчасце, з-за таго, што аб'ект з пачатку поўнамаштабнага ўварвання не выкарыстоўваецца, людзі не пацярпелі. Зрэшты, ударная хваля пашкодзіла і прыватную ўласнасць», — заявіла Гумянюк.
Украіне вядома, дзе размешчаныя пускавыя пляцоўкі «Шахедаў». Большасць запускаў РФ праводзіць з тэрыторыі Крыма, часам таксама выкарыстоўваюць усходняе ўзбярэжжа Азоўскага мора.
«Гэтым разам дроны накіроўваліся з Крыма і выкарыстоўвалі для свайго падарожжа акваторыю Чорнага мора. Дзе такія пляцоўкі існуюць — мы інфармацыяй валодаем. Таксама мы ўсведамляем, што вораг арганізуе магутную СПА гэтых аб'ектаў, паколькі разумее, што гэта асноўны спосаб тэрору для яго. Бо ракетныя атакі амаль згорнутыя, іх выкарыстанне для яго абцяжарана з-за нашага ціску на яго авіяцыю. Паляванне вядзецца, а сезон «бавоўны» ў Крыме ніхто не адмяняў», — падсумавала Гумянюк.
Урад РФ знайшоў спосаб схаваць рэальныя страты за першы год поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Як паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW), расійскія ўлады з гэтай мэтай схавалі звесткі аб атрымальніках паслуг сацыяльнай падтрымкі ў 2022 годзе. Апазіцыйнае выданне «Вёрстка» заявіла, што гэта таксама можа быць звязана з тым, каб схаваць няздольнасць урада РФ выплаціць абяцаную сацыяльную дапамогу ўразлівым слаям насельніцтва.
Частка схаваных даных змяшчае інфармацыю, якая можа выявіць маштабы страт ва Украіне, напрыклад паказчыкі аб «удовах вайскоўцаў, якія загінулі пры праходжанні вайсковай службы» і «грамадзян, якія атрымалі раненні, кантузіі, траўмы і калецтвы пры выкананні абавязкаў вайсковай службы».
Аналітыкі ISW мяркуюць, што статыстыку схавалі, каб прадухіліць сацыяльную незадаволенасць, якая ўзнікла вакол паведамленняў пра страты расійцаў ва Украіне. Гэтай інфармацыяй падзяліліся толькі ў 2023 і 2024 гадах, калі лінія Крамля адносна страт Расіі некалькі кансалідавалася, каб ліквідаваць сацыяльны шок.
Верагодна, Крэмль таксама схаваў даныя сацыяльных
службаў за 2022 год, каб схаваць свае праблемы з прадастаўленнем абяцаных мер
сацыяльнай падтрымкі розным асобам, асабліва тым, хто пацярпеў ад першага года
вайны.