664-ты дзень вайны ва Украіне. Расія на фронце сутыкаецца з дэфіцытам
Баявыя дзеянні ва Украіне, нягледзячы на халады, працягваюцца. Расія здзейсніла «нязначныя прасоўванні» на некаторых участках фронту, але войскі агрэсара сутыкаюцца з дэфіцытам боепрыпасаў і тэхнікі. Украінскае войска сыходзіць у абарону, а дзе-нідзе і мае поспехі.
Сілы абароны Украіны працягваюць мерапрыемствы па пашырэнні плацдарма на херсонскім кірунку, у той жа час расійцы здзейснілі 8 спроб штурмавых дзеянняў, каб выбіць украінскія войскі з занятых пазіцый, але атрымалі адпор і адышлі, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ па стане на раніцу 20 снежня.
«Улічваючы недастатковую колькасць боепрыпасаў уласнай вытворчасці, расійскія акупацыйныя войскі вымушаны выкарыстоўваць артылерыйскія і мінамётныя зарады нізкай якасці, якія пастаўляюцца з Паўночнай Карэі. З-за нездавальняючага стану такіх боепрыпасаў фіксуюцца асобныя выпадкі іх разрыву прама ў ствалах гармат і мінамётаў, што прыводзіць да страт узбраення і асабовага складу захопнікаў. У прыватнасці, такія выпадкі зафіксаваны ў групоўцы войскаў «Днепр», дзе камандуючым з'яўляецца генерал Цяплінскі», — паведамляе Генштаб Украіны.
Складанай застаецца абстаноўка на бахмуцкім, аўдзееўскім і мар'інскім напрамках — там расійскія войскі вядуць актыўныя штурмавыя дзеянні. На бахмуцкім напрамку ўкраінскія войскі адбілі 12 атак праціўніка, на аўдзееўскім — 35, на мар'інскім — 13.
Усяго за мінулыя суткі адбылося 87 баявых сутыкненняў.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійскія войскі здзейснілі нязначныя пацверджаныя прасоўванні на чатырох кірунках: на паўночны ўсход ад Купянска, на поўнач ад Бахмута, паблізу Аўдзееўкі і на паўднёвы захад ад горада Данецк.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 18 снежня, паказваюць, што расійская лінія фронту ў раёне мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей размешчана далей на ўсход ад Новапракопаўкі (непасрэдна на поўдзень ад Рабоціна), чым меркавалася раней. Гэта прасоўванне, верагодна, не з'яўляецца вынікам расійскай контратакі і наўрад ці было зроблена за апошнія 24 гадзіны. Магчыма, украінскія сілы адышлі на больш прыдатныя для абароны пазіцыі бліжэй да Рабоціна.
Расійскія і ўкраінскія войскі вядуць пазіцыйныя баі на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці. Паведамляецца, што ўкраінскія войскі захавалі свае пазіцыі ў Крынках на ўсходнім беразе, нягледзячы на контратакі Расіі ў гэтым раёне.
* * *
* * *
Расійцы ў ноч на 20 снежня атакавалі Украіну ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed» з акупаванага Крыма. Усяго зафіксаваны пускі 19 «Шахедаў», 18 з якіх знішчаны, паведамляюць паветраныя сілы УСУ.
Таксама РФ нанесла ўдар дзвюма зенітнымі кіраванымі ракетамі з ЗРК С-300 з Белгародскай вобласці РФ па Харкаўскай вобласці. Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што ракеты трапілі каля жылых дамоў і грамадзянскіх аб'ектаў у адным з самых пацярпелых раёнаў горада.
«Начныя ракетныя ўдары прыйшліся па тэрыторыі аднаго з транспартных дэпо, дзе і так ад варожых абстрэлаў жывога месца няма. Гэта чыста грамадзянскі аб'ект», — удакладніў мэр. Інфармацыі аб пацярпелых няма.
* * *
У цяперашні час абаронна-прамысловы комплекс Расіі дазваляе вырабляць ракет больш, чым да шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года. Аднак назапашваць такое ўзбраенне краіна-агрэсар не можа з-за сваіх пастаянных паветраных удараў, заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў.
З яго слоў, у Расіі фіксуецца прасоўванне ў плане вытворчасці беспілотнікаў. Таксама павялічылася ракетная вытворчасць. «Так, гэта больш, чым да поўнамаштабнага ўварвання... Але ўсё яшчэ вельмі недастаткова для папаўнення іх выдаткаў у выніку масіраваных ракетных удараў супраць Украіны», — распавёў Юсаў.
* * *
Расійскія войскі адчуваюць дэфіцыт вайсковай тэхнікі для эвакуацыі параненых жаўнераў, якія вялі баявыя дзеянні на левым беразе Херсонскай вобласці, гаворыцца ў справаздачы ISW.
Аналітыкі інстытута адзначаюць, што УСУ і расійскія войскі падчас баёў у Херсонскай вобласці эфектыўна выкарыстоўваюць ударныя беспілотнікі. Таксама паведамляецца, што падраздзяленні арміі РФ, якія вядуць баявыя дзеянні на левым беразе Дняпра, працягваюць сутыкацца з недахопам тэхнікі, неабходнай для эвакуацыі параненых у тыл.