663-ці дзень вайны. Камандзір «Азова» прагназуе ваенны канфлікт на гады

Сабралі апошнія звесткі з расійска-ўкраінскай вайны.

Фота: t.me/V_Zelenskiy_official

Фота: t.me/V_Zelenskiy_official

Сітуацыя на фронце вельмі напружаная, за мінулыя суткі адбылося 105 баявых сутыкненняў. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба УСУ.

На купянскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 5 нападаў акупантаў у раёнах Сінькоўкі і на ўсход ад Петрапаўлаўкі Харкаўскай вобласці.

На ліманскім кірунку УСУ адбілі 10 нападаў паблізу Макееўкі Луганскай вобласці і на ўсход ад Тэрнаў, Спорнага Данецкай вобласці.

На бахмуцкім кірунку вельмі горача — украінскія абаронцы адбілі 21 атаку праціўніка каля Багданаўкі, Кляшчыеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці. Як адзначаюць у Генштабе, сілы абароны Украіны працягваюць наносіць ворагу страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.

На аўдзееўскім кірунку РФ не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку, аднак украінскія абаронцы трымаюць пазіцыі.

«Нашы воіны стойка трымаюць абарону, наносячы захопнікам значныя страты. Сілы абароны адбілі 11 нападаў праціўніка ў раёнах Аўдзееўкі і яшчэ 13 нападаў каля Севернага, Южнага, Тоненькага, Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці», — гаворыцца ў справаздачы Генштаба.

На мар'інскім кірунку сілы абароны стрымліваюць ворага недалёка ад Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе адбілі 13 нападаў.

На запарожскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі 17 нападаў праціўніка на захад ад Новапакроўкі і Рабоцінага Запарожскай вобласці.

У той жа час на мелітопальскім кірунку сілы абароны Украіны працягваюць актыўнымі дзеяннямі наносіць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту. На херсонскім кірунку ўкраінскія ваяры ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра, вядуць контрбатарэйную барацьбу, наносяць агнявое паражэнне па тылах праціўніка.


Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Украінскія сілы за мінулыя суткі спрабавалі прасунуцца на захадзе Запарожскай вобласці, у той жа час акупанты працягваюць ціск на пазіцыі ўкраінскіх байцоў на левабярэжжы Дняпра ў раёне Крынак. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Так, расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы здзяйснялі наземныя атакі на захадзе Запарожскай вобласці 18 снежня — паўночней Новапракопаўкі і каля Вербавага.

У той жа час украінскія сілы працягваюць утрымліваць пазіцыі на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, хоць расійцы нядаўна нязначна прасунуліся ў гэтым раёне.

«Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 18 снежня, паказваюць, што расійскія войскі нязначна прасунуліся ў Крынках... Расійскія ваенкары сцвярджалі, што пад Крынкамі працягваюцца баі, а паблізу населенага пункта расійскія войскі пачалі выкарыстоўваць бранятэхніку. На кадрах, апублікаваных 18 снежня, нібыта відаць, як украінскі беспілотнік наносіць удар па расійскім асноўным баявым танку Т-90 паблізу Крынак», — гаворыцца ў паведамленні.

У той жа час расійскія сілы працягваюць пакутаваць ад дрэннай контрбатарэйнай барацьбы, няякаснай сувязі і адсутнасці магчымасцей эвакуацыі, дадаюць эксперты.


Фота УСУ

Фота УСУ

Акупанты за мінулыя суткі працягвалі тэрарызаваць Украіну абстрэламі з артылерыі і дронавымі нападамі. Пра гэта таксама паведамляе Генеральны штаб УСУ.

«Уначы расійскія акупанты чарговым разам атакавалі Украіну, ужыўшы 2 БПЛА тыпу «Shahed-136/131». Супрацьпаветранай абаронай усе ўдарныя БПЛА знішчаны», — гаворыцца ў паведамленні.

Начная атака была здзейснена з раёна Прыморска-Ахтарск (РФ). Абодва «Шахеды» былі знішчаны ў Хмяльніцкай вобласці.

Раней паведамлялася, што пад атакай БПЛА быў Стараканстанцінаў.

Акрамя таго, за суткі расійцы нанеслі 1 ракетны і 6 авіяцыйных удараў, здзейснілі 62 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. У выніку расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва.

Пад артылерыйскім агнём апынуліся больш за 140 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей. Авіяцыйным ударам падвергнулася Новаміхайлаўка Данецкай вобласці.

У той жа час падраздзяленні ўкраінскіх ракетных войскаў падбілі два раёны дыстанцыйнага мініравання і 1 артылерыйскі сродак праціўніка. Таксама за мінулыя суткі сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны знішчана 1 кіраваная ракета Х-59.


Фота: t.me/polkazov

Фота: t.me/polkazov

Камандзір «Азова» Дзяніс «Рэдзіс» Пракапенка заявіў, што нявызначанасць і імавернасць таго, што баявыя дзеянні ў расійска-ўкраінскай вайне працягнуцца гадамі, цісне на цывільных і часам нават на матываваных вайскоўцаў.

Ён сцвярджае, што гэтая вайна надоўга, можа доўжыцца гадамі.

«Расія ніколі не адмовіцца ад сваіх геапалітычных мэт і не адпусціць Украіну са сваёй сферы ўплыву. Вайна будзе працягвацца, пакуль мы будзем здольныя весці супраціў. Любыя «перамір’і» або «дамоўленасці» будуць чарговым тайм-аўтам для ворага, з мэтай назапасіць рэсурсы для далейшага наступу. Таму наша здольнасць у крытычны момант мабілізаваць усе неабходныя рэсурсы і працаваць на мяжы чалавечых магчымасцей не павінна паступова перарастаць у абыякавасць і безыніцыятыўную стабільнасць», — напісаў ён у фэйсбуку.

Пракапенка лічыць, што многія людзі ва Украіне і за мяжой да гэтага часу адмаўляюцца ўспрымаць бязлітасную рэальнасць такой, якая яна ёсць.

«Некаторыя спрабуюць запэўніць сябе, што ўсё вось-вось скончыцца само па сабе. Хтосьці наадварот камянее ад адной думкі, што мір ва Украіне можа наступіць ледзь не праз дзесяцігоддзе», — дадаў вайсковец.

Ён заклікаў украінцаў, якія не ваююць, зрабіць усвядомлены выбар: узяць у рукі зброю, папоўніўшы шэрагі вайскоўцаў, або стаць для войска надзейным тылам, які працуе на падтрыманне абараназдольнасці краіны.

«Гэтая вайна надоўга. Яна можа доўжыцца гадамі. Ад нас залежыць, што менавіта мы робім кожны дзень, каб наблізіць нашу перамогу», — падсумаваў «Рэдзіс».