574-ты дзень вайны: Складаная ноч, разбіты аэрадром у Крыме і масіраваны ракетны ўдар па Украіне

Налёт украінскіх беспілотнікаў на аэрадром «Сакі» ў акупаваным Крыме і расійскі масіраваны ракетны ўдар па Украіне — асноўныя падзеі вайны ва Украіне на гэты час.

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Аэрадром «Сакі» ў акупаваным Крыме быў пад маштабным абстрэлам

Уначы 21 верасня СБУ і ВМС правялі спецаперацыю ў Крыме — нанеслі беспілотнікамі магутны ўдар па аэрадроме Сакі. Пра гэта паведамляе шэраг украінскіх СМІ са спасылкай на крыніцы ў Службе бяспекі. 

Паводле іх звестак, спецслужбы выкарыстоўвалі беспілотнікі, якія перагрузілі расійскую СПА, а затым запусцілі ракеты «Нептун».

На аэрадроме знаходзілася па меншай меры 12 баявых самалётаў, у прыватнасці, Су-24 і Су-30, а таксама ПЗРК «Панцыр». Там жа размешчана база падрыхтоўкі аператараў БПЛА «Mojaher». Менавіта гэтыя беспілотнікі расіяне выкарыстоўваюць для каардынацыі ўласных авіяўдараў, а таксама як баявы ўдарны беспілотнік.

Паводле звестак крыніц, удары трапілі ў цэль і нанеслі сур'ёзныя пашкоджанні расійскай тэхніцы.

Мінабароны РФ таксама заявіла аб масавай атацы на Крым, аднак паведаміла, што сродкі СПА нібыта знішчылі 19 беспілотнікаў над паўвостравам. Акрамя таго, сродкі СПА нібыта знішчылі па адным БПЛА над Курскай і Белгародскай абласцямі, яшчэ два над Арлоўскай, дзе яны спрабавалі атакаваць аб'екты паліўна-энергетычнага комплексу.

Масіраваны ракетны ўдар па Украіне 

376897308_658787419767673_6204708647711173898_n.jpg

У чацвер, 21 верасня, Расія ўпершыню за шэсць месяцаў атакавала энергетычныя аб'екты Украіны. Пашкоджаны асобныя аб'екты ў заходнім і цэнтральным рэгіёнах краіны, паведаміла Укрэнерга. У прыватнасці, у выніку атакі былі частковыя абясточванні ў Ровенскай, Жытомірскай, Кіеўскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай абласцях.

Супрацьпаветраная абарона Украіны падчас маштабнай начной атакі знішчыла 36 з 43 крылатых ракет паветранага базіравання Х-101/Х-555/Х-55, паведамілі ва ўкраінскіх паветраных сілах. Пускі ажыццяўляліся з дзесяці самалётаў стратэгічнай авіяцыі Т-95МС з раёна на захад ад Энгельса. Ракеты запускалі ў некалькі хваль, у паветраную прастору Украіны яны ўваходзілі з розных напрамкаў, пастаянна змяняючы курс па маршруце. 

Глядзіце таксама

Акрамя таго, раніцай РФ нанесла ўдар зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300 па Харкаве.

У Кіеўскай вобласці ў выніку падзення абломкаў падчас начной атакі пацярпелі тры чалавекі, паведаміла АВА. Узніклі пажары на тэрыторыі некалькіх прадпрыемстваў, пашкоджаны будынак прафесійна-тэхнічнай навучальнай установы. Таксама зафіксавана падзенне абломкаў на тэрыторыі медыцынскай установы, без пацярпелых і пашкоджанняў. У некалькіх абшчынах пашкоджаны прыватныя дамы і аўтамабілі.

За мінулыя суткі расіяне абстралялі 13 населеных пунктаў Данецкай вобласці, паведамілі ў Нацпаліцыі. Два чалавекі загінулі ў Тарэцку, яшчэ два — у Паўночным, адзін ва Угледары. 

Уначы войскі РФ абстрэльвалі з «Граду» і цяжкай артылерыі Нікапаль, паранены тры чалавекі, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак. Пашкоджаны 11 прыватных дамоў, гаспадарчыя пабудовы, аўтамабілі, газаправоды і лініі электраперадач.

Па Ровенскай вобласці расіяне ўначы нанеслі некалькі ракетных удараў. Ёсць траплянні ў энергетычную і грамадзянскую інфраструктуру ў абласным цэнтры. У прыватнасці, пацярпела СТА і пяць аўтамабіляў. Частка Ровенскага раёна засталася без электраэнергіі, паведаміў кіраўнік АВА Віталь Коваль.

381579319_658796553100093_5227642272484966018_n.jpg

У Чаркасах колькасць параненых у выніку начнога ракетнага ўдару ўзрасла да дзесяці чалавек, выратавальная аперацыя працягваецца, паведамілі ў МУС. Паводле звестак МУС, у Чаркасах у выніку ракетнага ўдару разбураны будынак гатэля. Узнік пажар, адбылося ўзгаранне гандлёвых павільёнаў на рынку. Пацярпелі сем чалавек і дзесяць эвакуіраваны, з-пад завалаў выратаваны адзін чалавек.

Уначы расіяне абстралялі жылыя кварталы Херсона, трапілі ў будынак інтэрната. Пакуль вядома пра двух загінулых, яшчэ пяць чалавек пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін. За мінулыя суткі ў вобласці ў выніку расійскіх абстрэлаў паранены два чалавекі.

Раніцай расіяне зноў абстралялі Херсон, патрапілі ў адзін са шматкватэрных дамоў, адзін чалавек загінуў, паведаміла АВА.

  • Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 21 верасня: асабовага складу — каля 274 470 (+490) чалавек.
376882971_658755933104155_1955164946024287491_n.jpg

За мінулыя суткі на фронце адбылося 23 баявыя сутыкненні, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. На бахмуцкім напрамку сілы абароны Украіны адбілі атакі РФ у раёнах на захад ад Зайцава, на паўночны ўсход і на ўсход ад Андрэеўкі Данецкай вобласці. УСУ працягваюць штурмаваць у раёне на поўдзень ад Бахмута, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.

На мар'інскім кірунку войска РФ беспаспяхова спрабавала наступаць у раёне Мар'інкі Данецкай вобласці. На аўдзееўскім і шахцёрскім кірунках сілы абароны Украіны трымаюць абарону на занятых рубяжах. На мелітопальскім кірунку ўкраінскія сілы працягваюць наступ, таксама адбілі атакі ворага ў раёне Рабоціна Запарожскай вобласці.

У лякарні Марыупаля паступіла вялікая колькасць параненых расійскіх вайскоўцаў, таму стацыянары спынілі прыём хворых цывільных. Пра гэта распавёў дарадца мэра горада Пётр Андрушчанка. Паводле яго слоў, людзей «напампоўваюць таблеткамі, абязбольвальнымі і адпраўляюць дадому». Таму ўзровень смяротнасці ў Марыупалі застаецца вельмі высокім: штотыдзень з-за такога «лячэння» гіне ад 300 да 400 марыупальцаў.

  • Вучэнні ў Беларусі: ёсць пэўная небяспека?

Беларускія ўзброеныя сілы правядуць з 22 па 26 верасня вучэнні ў Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях з улікам «сучасных падыходаў да ўжывання войскаў» і «на аснове досведу сучасных узброеных канфліктаў», паведамілі ў Мінабароны краіны.

Камандуючы Аб'яднанымі сіламі УСУ Сяргей Наеў заявіў, што гэтыя вучэнні не ствараюць ваеннай пагрозы, «але ёсць пэўная небяспека, таму мы ўзмацняем пільнасць і рыхтуем нашы сілы да адэкватнага рэагавання — гэта звычайная ваенная практыка».

Глядзіце таксама

  • Бельгія вывучае магчымасць перадачы Украіне F-16

Прэм'ер Бельгіі Аляксандр дэ Кро заявіў, што ягоная краіна разглядае магчымасць пастаўкі Украіне сваіх знішчальнікаў F-16. 

Пра гэта дэ Кро заявіў у сераду бельгійскай тэлерадыёкампаніі VRT, выступаючы ў кулуарах Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.

«Мы звярнуліся ў Мінабароны з просьбай праверыць, ці цалкам вычарпаны тэрмін службы нашых самалётаў», — сказаў Дэ Кро.

Прэм'ер Бельгіі растлумачыў, што самалёты не абавязкова могуць выкарыстоўвацца для выканання баявых задач. «Можа здарыцца так, што Украіна будзе выкарыстоўваць бельгійскія самалёты толькі для трэніровак. Тады патрабаванні будуць іншымі».

ВПС Бельгіі маюць на ўзбраенні 45 такіх самалётаў, і на працягу наступных 5-6 гадоў усе яны дасягнуць канца свайго тэрміну эксплуатацыі. З наступнага года ВПС Бельгіі пачнуць атрымліваць ад чатырох да пяці новых знішчальнікаў F-35 у год, паступова яны заменяць F-16.