553-ці дзень вайны. Украіна атакавала аэрапорт у Пскове, пашкоджаныя чатыры самалёты

У ноч на 30 жніўня дроны атакавалі аэрапорт Пскова (за 700 кіламетраў ад Украіны). У выніку адбыўся буйны пажар, пашкоджаныя чатыры ваенна-транспартныя самалёты Іл-76.

Выбухі ў Пскове. Фота з сацсетак

Выбухі ў Пскове. Фота з сацсетак

Міжнародны аэрапорт Пскова «Крыжы» падвергнуўся нападу беспілотнікаў у ноч на 30 жніўня, паведаміў губернатар Пскоўскай вобласці Міхаіл Вядзернікаў. Паводле яго, расійскія вайскоўцы адбівалі атаку беспілотнікаў. «З пачатку інцыдэнту асабіста знаходжуся на месцы. Паводле папярэдняй інфармацыі ахвяр няма. Маштаб разбурэнняў удакладняецца», — заявіў кіраўнік рэгіёну.

Паводле папярэдніх звестак, чатыры ваенна-транспартныя самалёты Іл-76 атрымалі пашкоджанні падчас атакі на аэрапорт. Характар пашкоджанняў невядомы. У аэрапорце Пскова дыслакуецца 334-ты ваенна-транспартны полк, узброены самалётамі Іл-76.


Адзін з дронаў, паводле папярэдняй інфармацыі, трапіў у палівазаправачны комплекс на тэрыторыі аэрапорта, пасля чаго пачаўся буйны пажар. Каля гадзіны ночы з'явіліся паведамленні, што пажар ліквідаваны.

Неба над Псковам, вобласцю і бліжэйшымі рэгіёнамі цалкам было закрыта для палётаў самалётаў.

Паведамляецца, што мэтай атакі таксама магла стаць нафтабаза, размешчаная ў раёне аэрапорта. Паводле іншай версіі, удар маглі нанесці па Чарохінскай ваеннай базе, дзе дыслакуецца 104-ты дэсантна-штурмавы полк, які ўдзельнічаў у акупацыі Бучы ў 2022 годзе.


Выбух у Бранску. Скрыншот відэа

Выбух у Бранску. Скрыншот відэа

Ноччу атакам беспілотнікаў падвергліся і іншыя расійскія рэгіёны. У прыватнасці, паведамлялася пра выбухі і працу СПА у Тульскай, Бранскай, Арлоўскай, Калужскай абласцях, а таксама ў Разані. У маскоўскіх аэрапортах зноў уводзілі спецыяльны план абароны, што звычайна бывает пры пагрозе налётаў БПЛА.

Не абыйшлося і без атакі на Крым. Як паведаміў ноччу прызначаны Крамлём кіраўнік акупаванага Севастопаля Міхаіл Разважаеў, у Севастопальскай бухце сілы СПА «адбіваюць атакі варожых беспілотнікаў з мора».

Мяркуючы па ўсім, значных разбурэнняў расійская інфраструктуры, акрамя Пскова, не адбылося, але мінулая ноч, бадай, адна з самых неспакойных для РФ ад пачатку поўнамаштабнай вайны.


Ілюстрацыйны здымак unian.net

Ілюстрацыйны здымак unian.net

Тым часам у ноч на 30 жніўня расійцы таксама атакавалі Украіну з дапамогай дронаў. Так, на Кіеў была здзейсненая такая масіраваная паветраная атака, якой не было ўжо даўно.

«Начная паветраная атака. Такога магутнага нападу Кіеў не адчуваў з вясны. Вораг здзейсніў масіраваную, камбінаваную атаку з выкарыстаннем беспілотнікаў і ракет», — паведамілі ў адміністрацыі горада.

Адзначаецца, што спачатку акупанты ўжылі ўдарныя БПЛА, папярэдне, Shahed. Некалькі груп дронаў накіроўваліся на сталіцу з розных напрамкаў. Аднак ужо неўзабаве на Кіеў паляцелі ракеты, запушчаныя з бартоў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС.

«У цэлым, сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны было знішчана больш за 20 варожых цэляў (дакладная колькасць, а таксама тып ракет і БПЛА афіцыйна апублікуюць паветраныя сілы). У сталіцы зафіксавана падзенне абломкаў у некалькіх раёнах. На жаль, загінулі людзі. У Шаўчэнкаўскім раёне, на тэрыторыі прадпрыемства кавалкі рашысцкіх ракет забілі двух чалавек, яшчэ адзін атрымаў пашкоджанні. Таксама, у выніку падзення рэшткаў ракет паўсталі разбурэнні і пажары ў Шаўчэнкаўскім і Дарніцкім раёнах», — дадалі ў адміністрацыі.

Як выявілася, у абодвух раёнах абломкі ўпалі тэрыторыі нежылой забудовы. Ратавальнікі ліквідавалі пажары, якія ўзніклі на месцы падзення.

Пазней у адміністрацыі ўдакладнілі, што ў выніку падзення абломкаў у розных раёнах Кіева загінулі два чалавекі, а яшчэ тры — атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Пацярпелым аказана медыцынская дапамога, двое параненых шпіталізаваныя.

Загінулымі аказаліся два ахоўнікі прадпрыемства. Гэта былі маладыя хлопцы — 26 і 36 гадоў.

Акрамя Кіева, расійцы атакавалі з паветра таксама Кіеўскую і Жытомірскую вобласці. Загінулых і значных разбурэнняў няма.

Агулам за ноч было зафіксавана 44 расійскіх паветраных атак па Украіне, 43 з іх былі адбітыя сіламі і сродкамі СПА. Пра гэта паведамілі Паветраныя сілы Украін. «Знішчаныя ўсе 28 крылатых ракет і 15 з 16 ўдарных БПЛА», — сказана ў паведамленні. 

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Што да сітуацыі на фронце, то за мінулыя суткі паміж бакамі адбыліся 35 баявых сутыкненняў.

Расійцы спрабавалі наступаць на двух кірунках—Бахмуцкім і Ліманскім, але пацярпелі правалы, паведаміў Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны ў ранішняй зводцы.

«На Ліманскім кірунку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах Наваягораўкі і Белагораўкі Луганскай вобласці. На Бахмуцкім кірунку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах Багданаўкі, Курдзюмаўкі і Азаранаўкі Данецкай вобласці», — адзначаецца ў паведамленні.

У Генштабе дадалі, што ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць наступ захопнікаў каля Мар'інкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці (Мар'інскі кірунак).

Акрамя таго, адзначаецца, што не спыняецца контрнаступ УСУ — украінскія вайскоўцы працягваюць рухацца наперад на Мелітопальскім напрамку, змагаюцца з артылерыяй праціўніка і замацоўваюцца на тых рубяжах, якіх дамагліся.