532-гі дзень вайны. Украіна ўзломвае абарону расіян і сочыць за «Вагнерам» у Беларусі

Калі вы думалі, што ПВК «Вагнер» у Беларусі — гэта «проста так», дык не. У выніку гэтага размяшчэння наша краіна трапіла ў поле зроку ўкраінскай выведкі і контрвыведкі. Гэта яшчэ адзін фактар эскалацыі паміж Беларуссю і Украінай, які можа спрыяць уцягванню Беларусі ў вайну.

Фота: GettyImages

Фота: GettyImages

Украіна і Расія спрабуюць атакаваць

Украінскія абаронцы працягваюць ціснуць на ворага ў Запарожскай вобласці і маюць лакальныя поспехі. Аднак акупанты спрабуюць прарваць абарону УСУ на ўсходзе, паведаміў спікер Генеральнага штаба УСУ Андрэй Кавалёў у эфіры тэлемарафону.

Сілы абароны Украіны працягваюць наступальныя аперацыі на трох кірунках фронту — бахмуцкім, мелітопальскім і бярдзянскім. У напрамку Ураджайнага, Прытульнага і Вербавай у Запарожскай вобласці абаронцы мелі частковы поспех.

Расійскія войскі ў сваю чаргу вялі наступальныя дзеянні ў Данецкай вобласці: у раёне Новакалінавага, Аўдзееўкі, Паўночнага, Мар'інкі, Новаміхайлаўкі і Старамаёрскага, якое нядаўна вызвалілі УСУ. Атакі былі беспаспяховымі.

«Вораг нясе значныя страты ў асабовым складзе, узбраенні і тэхніцы. Адначасова праціўнік працягвае аказваць магутнае супраціўленне. Ажыццяўляе перамяшчэнне падраздзяленняў і войскаў, актыўна прымяняе свае рэзервы», — сказаў спікер Генштаба.

На бахмуцкім кірунку ўкраінскія ваяры працягваюць атакаваць на поўдзень ад Бахмута. «Таксама сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў на купянскім і ліманскім кірунках. Расійскія акупанты вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Сінькоўкі Харкаўскай вобласці. Здзейснілі беспаспяховыя спробы аднавіць страчанае становішча ў ваколіцах Кляшчыеўкі і ў раёне Зайцавага. Ідуць цяжкія баі», — дадаў Кавалёў.

На валынскім і палескім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен.

УСУ: страты расійцаў істотна павялічыліся

Як паведамляе Генштаб УСУ, у расійцаў істотна павялічылася колькасць загінулых і параненых на сватаўска-крамянным кірунку Луганскай вобласці: за першы тыдзень жніўня блізу 500 параненых акупантаў былі адпраўлены ў Белгарад. Таксама, паводле інфармацыі Генштаба УСУ, расійскія акупанты, каб схаваць свае страты, адпраўляюць целы загінулых у Растоў-на-Доне.

Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны адзначае, што на штурмы ўкраінскіх пазіцый адпраўляюць няправільна падрыхтаваны і ўкамплектаваны асабовы склад са зняволеных і мабілізаваных. Толькі пасля поспеху падобнага штурму камандаванне можа прымяніць кадравых вайскоўцаў.

«Такія метады выкарыстоўваюцца ўздоўж практычна ўсёй лініі фронту. Ваеннае кіраўніцтва ворага не лічыцца з вялікімі стратамі, бо на восень плануецца новая хваля мабілізацыі ў РФ», — адзначылі ў ЦНС.

366711523_636231632023252_5130479282511576163_n.jpg

Украіна мацае расійскую абарону

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што УСУ правялі рэйд на левы бераг Дняпра ў Херсонскай вобласці і, верагодна, прарвалі там абарону ўглыб на 800 метраў.

Некалькі расійскіх ваенных блогераў паведамілі, што ўкраінскія сілы высадзілі дэсант з сямі кацераў, кожны з якіх перавозіў каля шасці-сямі чалавек, на ўсходнім беразе Дняпра ў раёне населенага пункта Казачыя Лагеры і прарвалі там абарону ўглыб да 800 метраў.

Адзін з гэтых «ваенкараў» адзначыў, што нядаўна расійскае камандаванне перадыслацыравала адтуль «падрыхтаваную групоўку» расійскіх дэсантнікаў (ПДВ) у Запарожскую вобласць і замяніла іх мабілізаванымі байцамі нявызначанага падраздзялення, тым самым паслабіўшы расійскую абарону ў гэтым раёне.

Расійскі кіраўнік Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда, на думку аналітыкаў, сказіў інфармацыю аб украінскім дэсанце і заявіў, што агонь расійскай артылерыі перашкодзіў высадцы дэсанту. Тым не менш, большасць вядомых расійскіх ваенных блогераў сцвярджалі, што УСУ ўдалося выкарыстаць тактычную нечаканасць і высадзіцца на ўсходнім беразе, перш чым расійцы адкрылі па іх агонь. Такім чынам Сальда, верагодна, спрабаваў мэтанакіравана зменшыць дасягненні УСУ ў гэтым рэгіёне.

На картах NASA Fire Information for Resource Management System (FIRMS) за апошнія 24 гадзіны відаць, што паблізу Казачых Лагераў ёсць успышкі пажараў, што кажа аб актыўным артылерыйскім агні.

Адзначаецца, што да канца дня расійскія «ваенкары» пачалі заяўляць, што сілы абароны Украіны пакінулі левы бераг Дняпра. Таму ў ISW ацэньваюць гэта як «абмежаваны рэйд», а не паўнавартасны прарыў лініі абароны.

Абстрэлы ў абодва бакі, дроны зноў пад Масквой

З вечара 8 жніўня расійскія акупанты тройчы абстрэльвалі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці, загінуў 18-гадовы хлопец, яшчэ трое мужчын атрымалі траўмы і раненні.

Таксама расійцы здзейснілі 12 абстрэлаў Сумскай вобласці, зафіксавана 76 выбухаў, абстраляна 11 населеных пунктаў у 7 абшчынах.

За суткі па Херсоншчыне расійскія войскі выпусцілі 365 снарадаў, паведаміў кіраўнік Херсонскай вобласці Аляксандр Пракудзін.«За мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 66 абстрэлаў, выпусціўшы 365 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, «Градаў», танкаў, БПЛА і авіяцыі. Расійскія вайскоўцы патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці. Праз расійскую агрэсію два чалавекі атрымалі раненні», — гаворыцца ў паведамленні Пракудзіна.

За мінулыя суткі, 8 жніўня, расійскія войскі нанеслі 87 удараў па 21 населеным пункце Запарожскай вобласці, паведаміў кіраўнік Запарожскай вобласці Юрый Малашка. У выніку ўдару ворага па Арэхаве раненні атрымаў 63-гадовы мужчына. Паступіла 35 паведамленняў аб разбурэнні жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў і аб'ектаў інфраструктуры.

Губернатар Бранскай вобласці РФАляксандр Багамаз паведаміў увечары 8 жніўня, што пад абстрэл трапіў пасёлак Белая Бярозка. У населеным пункце пашкоджаны адміністрацыйны будынак, прамысловае прадпрыемства і жылыя дамы.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што ўначы 9 жніўня расійскія сілы СПА нібыта збілі ў ваколіцах сталіцы РФ два беспілотнікі. «Была спроба пралёту на горад двух баявых беспілотнікаў. Абодва збіты СПА. Адзін — у раёне Дамадзедава, другі — у раёне Мінскай шашы», — сказаў мэр Масквы. Ён адзначыў, што пакуль няма інфармацыі аб пацярпелых у выніку падзення абломкаў, на месцы працуюць экстранныя службы.

«Вагнер» у Беларусі

Мяцеж наймітаў ПВК «Вагнер» на чале з Яўгенам Прыгожыным у Расіі быў узгоднены з Уладзімірам Пуціным. Такое меркаванне выказаў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў у эфіры тэлемарафону.

«Сёння ўжо можна сказаць, што гэта была спецаперацыя, узгодненая з Пуціным для выяўлення тых генералаў, якія былі не зусім настроеныя ў дачыненні да Пуціна і да ягонага атачэння», — заявіў Данілаў.

Паводле яго, ужо ёсць разуменне таго, колькі генералаў было задзейнічана ў падрыхтоўцы бунту. Данілаў заявіў, што цяпер частка з іх знаходзіцца за кратамі і адхілена ад сваіх абавязкаў. «Колькасць людзей, якія ўжо разумеюць, куды іх завёў Пуцін, з кожным днём становіцца ўсё большай і большай», — падкрэсліў ён.

Сакратар РНБА мяркуе, што найбліжэйшым часам «рознагалоссі» ў Расіі будуць набіраць абароты.

Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны заявіў, што на аэрадроме «Зябраўка» ў Беларусі створаць новы лагер для «вагнераўцаў». Яны могуць імітаваць падрыўную дзейнасць паблізу Чарнігаўскай вобласці.

У ЦНС тлумачаць, што ў той жа час захоўваецца высокая верагоднасць прымянення ПВК «Вагнер» для імітацыі дзейнасці ў рамках падтрымкі інфармацыйнай аперацыі РФ і Беларусі па ціску на краіны насельніцтва Еўропы. Мэта такой кампаніі — прымусіць краіны Еўропы памяншаць падтрымку Украіны.

На першасным этапе ў рамках такой інфармацыйнай аперацыі адбываецца імітацыя разгортвання лагераў ПВК «Вагнер» і ўкід у інфармацыйнае поле наратываў, што найміты гатовыя ісці на ЕС.

NATO назірае за ўсёй ваеннай дзейнасцю ў Беларусі, аднак Альянс пакуль не бачыць прамой або ўскоснай пагрозы з боку баевікоў расійскай ПВК «Вагнер», заявіла прадстаўніца NATO Аана Лангеску ў інтэрв'ю РАР.

«Мы не бачым прамой або апасродкаванай ваеннай пагрозы з боку наймітаў «Вагнера» для нашых саюзнікаў, але мы застаёмся пільнымі», — сказала яна.

Цяпер NATO значна ўзмацніла абаронную прысутнасць ва ўсходняй частцы Паўночнаатлантычнага саюза. Гэта адказ на агрэсію Расіі, і NATO «працягвае рабіць усё неабходнае для стрымлівання любой пагрозы і абароны кожнага сантыметра тэрыторыі Альянсу». 

Паводле ўкраінскіх СМІ