515-ты дзень вайны. Начны ўдар па Адэсе: ахвяры сярод жыхароў, разбураныя гістарычныя будынкі
Расія чарговы раз за тыдзень атакавала Адэсу. Падчас ракетнай атакі ноччу 23 ліпеня армія РФ ударыла па Адэскай вобласці як мінімум пяццю відамі ракет: «Калібры», «Оніксы», Х-22 і Іскандэр-к, а таксама ўжыла балістычныя Іскандэр-М.
Сіламі супрацьпаветранай абароны знішчана 9 з 19 запушчаных ракет.
Цяпер вядома прынамсі пра 22 чалавек, якія атрымалі раненні падчас начной атакі, чацвёра з якіх – дзеці. На жаль, адзін чалавек загінуў.
Разбураны два помніка архітэктуры. У Доме навукоўцаў выбітыя амаль усе вітражы і пашкоджана старадаўняя мэбля.
У Праабражэнскім саборы Украінскай Праваслаўнай Царквы акрамя значных пашкоджанняў будынка пацярпелі праваслаўныя святыні: з-пад завалаў дасталі Каспяроўскі абраз Божай Маці, якая з'яўляецца заступніцай Адэсы.
Як паведаміла начальніца прэс-цэнтра сіл аховы і абароны поўдня Наталля Гумянюк, руская армія атакавала партовую інфраструктуру Адэсы, але з-за хібнасці ракет тыпу Х-22 пашкоджанняў таксама атрымалі аб'екты, размешчаныя ў суседніх раёнах непадалёк.
Яна адзначыла, што паўднёвыя рэгіёны будуць заставацца пад прыцэлам расейскай арміі, бо такім чынам яны спрабуюць, паводле яе слоў, дасягнуць перагляду “збожжавага пагаднення” на расейскіх умовах.
"Ракеты супраць мірных гарадоў, супраць жылых дамоў, сабора... Ніякага апраўдання расійскаму злу быць не можа. Як заўсёды, гэта зло прайграе. І ў Адэсе абавязкова будзе адказ расейскім тэрарыстам. Яны будуць адчуваць гэты адказ", — сказаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Сітуацыя на Запарожскай АЭС
Акупанты на ЗАЭС з дапамогай тэрору спрабуюць пераадолець супраціў украінскіх супрацоўнікаў, паведамляе Генштаб УСУ.
Работнікі ЗАЭС не выходзяць на працу, сабатуюць выкананне рашэнняў акупантаў. У адказ тыя запалохваюць, пагражаюць, шантажуюць і нават збіваюць украінскіх спецыялістаў, адбіраюць наяўныя грошы, сродкі з картак, адбіраюць тэлефоны.
За час вайны расіяне забілі ва Украіне 496 дзяцей
Больш за 1568 дзяцей пацярпелі ва Украіне ў выніку поўнамаштабнай узброенай агрэсіі РФ.
Па стане на раніцу 23 ліпеня 2023 года паводле афіцыйнай інфармацыі ювенальных пракурораў 496 дзяцей загінулі і больш за 1072 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.
Больш за ўсё пацярпела дзяцей у Данецкай вобласці — 476, Харкаўскай — 297, Кіеўскай — 129, Херсонскай — 116, Запарожскай — 97, Мікалаеўскай — 89, Днепрапятроўскай — 83, Чарнігаўскай —71, Луганскай — 67.