485-ты дзень вайны ва Украіне: асноўнае на гэты час
У Херсоне раніцай расіяне прыцэльным агнём ударылі па камунальным транспартным прадпрыемстве — два чалавекі загінулі. ЕС зацвердзіў 11-ты пакет санкцый.
У Херсоне расіяне білі па цывільных работніках, якія забяспечваюць жыццядзейнасць горада. Два чалавекі загінулі, яшчэ чацвёра параненыя. Пра гэта паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін.
«Чарговы расійскі тэракт... у Херсоне акупацыйныя войскі прыцэльным агнём ударылі па камунальным транспартным прадпрыемстве… На жаль, 55-гадовы мужчына загінуў на месцы. Яшчэ пяцёра яго калег — параненыя, іх шпіталізавалі ў медустановы», — напісаў Пракудзін.
Праз некалькі хвілін ён дадаў, што стала вядома пра смерць 43-гадовага работніка.
«Лекары спрабавалі выратаваць яго жыццё, аднак траўмы аказаліся занадта цяжкімі. Мужчына памёр у медустанове...» — адзначыў кіраўнік АВА.
У Херсонскай вобласці ўзмацніліся расійскія абстрэлы. Пасля ўдару па Чангарскім мосце расіяне атакавалі раён Антонаўскага моста, распавяла спікер АК “Південь” Наталля Гумянюк: «Цяпер яны вяртаюцца на свае пазіцыі, пачынаюць абстрэльваць мацней, тэрарызуюць правы бераг. У прыватнасці, ноччу ўжылі тактычную авіяцыю, некалькі нетыповым спосабам ударылі ў раён Антонаўскага моста — там, дзе яны раней не бамбілі. Цяпер такая сабе помста за Чангар».
Гумянюк дадала, што не ўсюды глеба дазваляе акупантам вярнуцца на пазіцыі, але на некаторых участках яны выкарыстоўваюць у тым ліку прыватныя двары і другія паверхі дамоў для размяшчэння агнявых пазіцый.
Уначы расіяне нанеслі ўдар па Украіне з самалётаў стратэгічнай авіяцыі, гэтым разам атака была накіраваная на вайсковы аэрадром у Хмяльніцкай вобласці. Усе 13 крылатых ракет Х-101 / Х-555 былі знішчаныя супрацьпаветранай абаронай, большасць у Хмяльніцкай вобласці, паведаміла камандаванне Паветраных сіл Украіны. Пускі здзяйсняліся каля паўночы з Каспійскага мора з чатырох бамбавікоў Ту-95МС. Акрамя таго, сілы СПА знішчылі выведвальны БПЛА неўстаноўленага тыпу.
Расія нарасціла вытворчасць ракет “Калібр” і Х-101 прыкладна ў 3-4 разы ў параўнанні з даваенным узроўнем.
Цяпер яна вырабляе каля 30-40 такіх ракет у месяц. Што тычыцца “Кінжалаў”, то іх вырабляюць да шасці адзінак.Пра гэта паведаміў у інтэрв'ю украінскай РБК прадстаўнік ГУР Мінабароны Вадзім Скібіцкі.
Таксама Скібіцкі прагназуе, што ўдары па аб'ектах крытычнай інфраструктуры Украіны будуць працягвацца, нягледзячы на тое, што РФ пачала эканоміць ракетнае ўзбраенне. На сённяшні дзень ракеты, якія вырабляюцца Расіяй, адразу ідуць у войскі для далейшага прымянення.
Прадстаўнік ГУР лічыць, што ў бліжэйшыя 2-3 месяцы будуць ісці актыўныя баявыя дзеянні як наступальнага, так і абарончага характару. І толькі пасля гэтага можна будзе прагназаваць магчымы характар дзеянняў РФ ужо на асенне-зімовую кампанію.
- У Запарожскай вобласці ў выніку расійскіх абстрэлаў за мінулыя суткі загінулі два чалавекі — у Малой Такмачцы і Гуляйполі.
- У Херсонскай вобласці сем чалавек атрымалі раненні.
- У Данецкай вобласці загінуў адзінчалавек у Часавым Яры.
На Купянскім і Ліманскім кірунках сілы абароны Украіны спынілі наступ ворага, паведаміла Ганна Маляр.
Украінскія зенітчыкі збілі яшчэ адзін расійскі верталёт Ка-52 у Данецкай вобласці, паведаміла камандаванне паветраных сіл.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 23 чэрвеня: асабовага складу — каля 223 330 (+680) чалавек.
Сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю на Мелітопальскім і Бярдзянскім кірунках, паведаміў украінскі Генштаб. На напрамках Новаданілаўка-Рабоціна і Малая Такмачка — Новафедараўка мелі частковы поспех, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах. Армія РФ засяродзіла асноўныя намаганні на абароне на Арэхаўскім кірунку, прымяняе рэзервы, спрабавала аднавіць страчанае становішча.
Сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў на Ліманскім, Аўдзееўскім і Марыінскім кірунках.
Асабліва цяжкія баі:
- на Ліманскім кірунку — у раёне населенага пункта Белагораўка Луганскай вобласці;
- на Аўдзееўскім кірунку — у раёнах населеных пунктаў Паўночнае і Аўдзееўка Данецкай вобласці;
- на Мар'інскім кірунку — у раёнах населеных пунктаў Мар'інка і перамога Данецкай вобласці.
Войска РФ засяроджвае асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — за дзень адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.
Расійскія вайскоўцы выкарыстоўваюць украінскіх грамадзян як жывы шчыт. Так, у Краменную прыбыло падраздзяленне рускіх салдат у складзе больш за 300 чалавек — яны раскватараваныя малымі групамі ў прыватных дамах сярод мясцовага насельніцтва.
Вучэнні, каб быць падрыхтаванымі на выпадак тэракту на АЭС
У сувязі з магчымым тэрактам Расіі на Запарожскай АЭС з сённяшняга дня ва Украіне разгорнутая праца штабоў, у якіх будуць прысутнічаць энергетыкі, прадстаўнікі ДСНС, паліцыя, медыкі, паведаміў кіраўнік МУС Ігар Кліменка. Паводле яго, радыеактыўны фон, які, магчыма, паўстане пасля тэракту, будзе захоўвацца прыкладна суткі. Ён будзе паменшаны на 80% менавіта на працягу адных сутак, адзначыў міністр.
Да гэтага часу, калі не будзе эвакуацыйных мер, кожны павінен зачыніцца ў сваім памяшканні, закрыць вентыляцыю, выключыць кандыцыянеры. Таксама трэба ўшчыльніць ўсе адтуліны, якія ёсць у дамах або кватэрах, вільготнай тканінай або скотчам. Таксама ў найбліжэйшыя дні будуць праведзеныя вучэнні з перакрыццем дарог, разгортваннем санітарных блокпастоў. Кіраўнік МУС адзначыў, што ўсё абсталяванне для вымярэння радыяцыі, якое ёсць ва Украіны, гатовае да выкарыстання.
Расія скарыстала дэльфінаў — брытанская выведка
Брытанская выведка паведамляе, што Расія павялічыла колькасць трэніраваных дэльфінаў для абароны флоту ў Севастопалі. На апошніх спадарожнікавых здымках відаць удвая больш загонаў для афалінаў, чым некалькі тыдняў таму. Расійскія вайскоўцы выкарыстоўваюць трэніраваных жывёл для розных задач. Хутчэй за ўсё, жывёлы, якія знаходзяцца ў гавані Севастопаля, прызначаныя для процідзеяння дайверам.
ЕС зацвердзіў 11-ты пакет санкцый
Сёння, 23 чэрвеня, Еўрасаюз афіцыйна зацвердзіў 11-ы пакет санкцый супраць Расіі. У ім уведзены механізм, які прадугледжвае забарону на экспарт шэрагу тавараў і тэхналогій у трэція краіны для прадухілення іх рээкспарту ў РФ.
Акрамя таго, пашыраны спіс тавараў і тэхналогій, забароненых да транзіту праз Расію, уведзеныя новыя санкцыі супраць СМІ, у тым ліку забарона на вяшчанне яшчэ пяці каналаў. Таксама канчаткова забаронены імпарт расійскай нафты па Паўночнай галінцы Дружбы, імпарт нафты з Казахстана па гэтай галінцы працягнецца.
Пашыраная забарона на экспарт у Расію аўтамабіляў класа люкс, а таксама на ўсе электра- і гібрыдныя аўтамабілі, у тым ліку былыя ў карыстанні.
Baykar будзе рабіць беспілотнікі ва Украіне з 2025 года
Турэцкая кампанія Baykar разлічвае пачаць вытворчасць баявых БПЛА Bayraktar TB2 і Bayraktar Akinci ва Украіне ў 2025 годзе. Пра гэта паведаміў гендырэктар Халук Байрактар. Паводле яго, будаўнічыя працы ідуць у адпаведнасці з планам.
Ізраіль на дасць зброю Украіне, каб яна не трапіла ў Сірыю і Іран
Ізраіль не будзе перадаваць Украіне зброю, бо яна можа трапіць у Іран і быць выкарыстаная супраць самога Ізраіля, заявіў прэм'ер Біньямін Нетаньяху ў інтэрв'ю The Jerusalem Post. Заходнія супрацьтанкавыя сістэмы, што былі перададзеныя Украіне, ужо сустракаюцца ля межаў Ізраілю.
«Я думаю, што Ізраіль знаходзіцца ў асаблівай сітуацыі, адрознай ад, скажам, Польшчы, Германіі, Францыі або любой з заходніх краін, якія дапамагаюць Украіне. Па-першае, у нас цесная вайсковая мяжа з Расіяй. Нашы пілоты ляцяць побач з расійскімі пілотамі ў небе Сірыі. І я лічу важным, каб мы захоўвалі нашу свабоду дзеянняў супраць спробаў Ірана заняць ваенную пазіцыю на нашай паўночнай мяжы», — растлумачыў Нетаньяху.
Нафтагаз падаў у суд ЗША пазоў, каб спагнаць з Расіі 5 мільярдаў долараў
Украінскі Нафтагаз падаў у суд ЗША пазоў супраць Расіі з мэтай спагнаць 5 млрд долараў за страчаныя актывы ў Крыме. Гаворка ідзе аб кампенсацыі, якую кампаніі ў красавіку гэтага года прысудзіў арбітражны суд у Гаазе. У Нафтагазе тады заявілі, што калі расійскія ўлады адмовяцца добраахвотна выконваць пастанову суда, то пачнецца працэс прымусовага выканання пастановы на тэрыторыі краін, дзе ёсць актывы РФ.
Паводле korrespondent.net, suspilne.media, сацсетак, украінскай службы РБК