317-ы дзень змагання Украіны супраць Расіі. Прапанова перамір'я і працяг вайны
Генштаб Украіны агучыў новыя прыкладныя страты расійскага войска на раніцу 6 студзеня — больш за 110 тысяч забітымі. Лінія фронту ва Украіне складае 3800 кіламетраў, актыўныя баі ідуць на 1500 кіламетрах.
Раніцай пад абстрэлы расійскіх войскаў трапіў Краматорск
Войскі РФ абстрэльваюць Краматорск Данецкай вобласці. Мясцовых жыхароў заклікаюць знаходзіцца ў хованках. Пра гэта паведамляцца ў Facebook мэра горада Аляксандра Ганчарэнкі: «Краматорск пад абстрэлам. Сядзіце ва укрыццях», — напісаў ён.
Войска РФ зноў абстраляла Данецкую вобласць: ёсць загінулы і параненыя
Расійскія войскі за мінулыя суткі абстралялі некалькі населеных пунктаў Данецкай вобласці. З-за абстрэлаў загінуў жыхар Бахмута. Пра гэта паведамляе кіраўнік Данецкай вобласці Павел Кірыленка: «За 5 студзеня расіяне забілі 1 мірнага жыхара Данецкай вобласці — у Бахмуце. Яшчэ 3 чалавекі ў вобласці атрымалі раненні (адзін — у Бахмуте, яшчэ двое — у Часавым Яры)».
Усяго з пачатку поўнамаштабнай вайны ў Данецкай вобласці з-за расійскай агрэсіі загінулі 1290 чалавек, яшчэ 2816 атрымалі раненні. Гэтыя лічбы пазначаныя без уліку ахвяр у Марыупалі і Валнавасе.
РФ ноччу двойчы ўдарыла па Нікапальскім раёне
Уначы 6 студзеня расійскія акупанты двойчы білі па Нікапальскім раёне ў Днепрапятроўскай вобласці. Ужывалася цяжкая артылерыя. Пра гэта паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка. З дзясятак снарадаў прыляцелі ў дзве грамады — Марганецкую і Краснагрыгор'еўскую. Загінулых і пацярпелых няма. У выніку атакі пашкоджаныя тры прыватных дамоў, газаправод і лінія электраперадач. Знішчаны гаспадарчы будынак.
Астатнія раёны правялі ноч пад сігнал паветранай трывогі.
Генштаб Украіны ў ранішняй зводцы паведамляе:
Асноўныя намаганні расійскай арміі засяроджваюцца на спробах усталяваць кантроль над Данецкай вобласцю, вядуцца наступальныя дзеянні на Бахмуцкім і Ліманскім кірунках. РФ спрабуе палепшыць тактычнае становішча на Купянскім і Аўдзееўскім кірунках, — але поспеху не мае.
За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі РФ у раёнах населеных пунктаў Стэльмахоўка, Макееўка і Плошчанка Луганскай вобласці і Спорнае, Саледар, Чырвоная Гара, Бахмут, Кляшчыеўка, Курдзюмаўка, Першамайскае, Мар'інка і Пабеда Данецкай вобласці.
У Кахоўцы Херсонскай вобласці захопнікі спрабуюць забараніць зварот украінскай грыўні, праводзяць рэйды па гандлёвых кропках і пагражаюць адабраць не толькі наяўныя, але і тавар, у тым выпадку, калі знойдуць украінскія грошы.
З 1 студзеня ў Данецку супрацоўнікі так званых “ваенных камісарыятаў” прыступілі да збору інфармацыі аб грамадзянах 2006 года нараджэння для пастаноўкі на ваенны ўлік. У Старабельску Луганскай вобласці праціўнік зрабіў больш жорсткім адміністрацыйны і контрвыведніцкі рэжымы. Захопнікі правяраюць мабільныя тэлефоны мясцовых жыхароў, асаблівая ўвага надаецца тым, у каго ў спісах ёсць нумары абанентаў украінскіх аператараў сувязі.
Украіна за год вайны паднялася ў рэйтынгу самых моцных армій свету з 22-га на 15-е месца паводле даных міжнароднай кампаніі Global Firepower, якая штогод складае рэйтынг лепшых армій свету. Цікава, што расія захавала другое месца ў рэйтынгу.
Падчас новай хвалі мабілізацыі Крэмль мае намер прызваць у войска каля 500 тысяч чалавек, у прыватнасці даўжнікоў іпатэкі і неплацельшчыкаў аліментаў. Эксперты прагназуюць, што афіцыйна ўлады РФ не будуць абвяшчаць прызыву, але ён будзе мець больш шырокі маштаб, і позвы могуць пачаць уручаць нават на працы.
Прыгожын хоча ўзяць пад кантроль здабычу солі і гіпсу з шахт, якія знаходзяцца ў ваколіцах Бахмута, піша Reuters са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Белага дома. У прыватнасці, у адміністрацыі Байдэна ёсць інфармацыя, што «апантанасць» захопам Бахмута абумоўленая фінансавымі меркаваннямі.
ЗША раней абвінавачвалі расійскіх наймітаў у эксплуатацыі прыродных рэсурсаў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Малі, Судане і іншых краінах для фінансавання вайны ва Украіне. Масква адмаўляе гэтыя абвінавачванні як «антырасійскую істэрыю».
Паводле звестак ЗША, з атрада Вагнера, які налічвае амаль 50 тысяч наймітаў, больш за 4100 былі забітыя і звыш 10 тысяч параненыя. У тым ліку пад Бахмутам з канца лістапада па пачатак снежня загінулі больш за 1000 наймітаў.
Вайна ў Украіне знаходзіцца ў крытычнай кропцы, заявіў Байдэн: «Цяпер вайна ва Украіне знаходзіцца ў крытычнай кропцы. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы ўкраінцам супрацьстаяць расійскай агрэсіі». Паводле яго слоў, Расія не спрабуе тармазіць, дзеянні што прымаюцца ёю цяпер — такія ж варварскія, як і год таму.
Наступны пакет брытанскай вайсковай дапамогі Украінеможа ўключаць танкі, паведаміў кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі. Ён дадаў, што Лондан працуе над гэтым пытаннем разам з саюзнікамі.
У ААН лічаць, што ніякае часовае перамір'е ва Украіне «не заменіць справядлівага міру згодна са Статутам ААН і міжнародным правам». Пра гэта заявіў спікер генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык. У той жа час, паводле яго слоў, генеральны сакратар ААН Антоніу Гутерыш вітае любое перамір'е ва Украіне: «Магчымасць перспектывы гэтага святога перыяду са спыненнем усіх баявых дзеянняў заўсёды вітаецца генеральным сакратаром».
Старшыня Еўрарады Шарль Мішэль назваў абвяшчэнне аднабаковага спынення агню Пуціным такім жа «фальшывым і крывадушным», як «незаконная і гратэскавая анексія і рэферэндумы, якія суправаджаюць яе». «Вывад расійскіх войскаў — адзіны сур'ёзны варыянт аднаўлення міру і бяспекі», — заявіў ён.
Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце звярнуўся на рускай мове да грамадзян РФ. Ён нагадаў, што, згодна з украінскай формулай міру, вывядзенне расійскіх акупацыйных войскаў з тэрыторыі Украіны з'яўляецца «гарантаваным і надзейным спосабам спыніць агонь, чалавечыя страты і наогул вайну». У прыватнасці, Расіі прапаноўвалася пачаць выкананне формулы міру з вываду яе войскаў менавіта на Раство.
«Цяпер яны хочуць выкарыстоўваць Раство як прыкрыццё, каб хоць ненадоўга спыніць прасоўванне нашых хлопцаў на Данбасе і падагнаць бліжэй да нашых пазіцый тэхніку, боепрыпасы і мабілізаваных. Што гэта дасць? Толькі чарговае павелічэнне стратаў. Усе ў свеце ведаюць, як Крэмль выкарыстоўвае перадышкі на вайне, каб прадоўжыць вайну з новай сілай», — заявіў украінскі прэзідэнт.
«Скончыць вайну — гэта скончыць агрэсію вашай дзяржавы. Нават калі вашы ракеты і дроны не б'юць па нашых гарадах, тэрор на акупаваных тэрыторыях працягваецца. Ніякіх перадышак вы ўкраінцам не даяце. Людзей катуюць, б'юць токам, гвалцяць. Гэта працягваецца кожны дзень, пакуль вашы салдаты на нашай зямлі. І вайна скончыцца тады, калі вашы салдаты ці самі сыдуць, ці мы іх выганім. Так што хай забіраюць унітазы — яны ім спатрэбяцца ў дарозе — і вяртаюцца да сябе. За нашу мяжу. Ад 1991 года», — дадаў Зяленскі.
Кіраўнік МЗС Украіны Кулеба нагадаў, што Зяленскі прапанаваў выразную формулу міру з дзесяці крокаў, але Расія праігнаравала яе і замест гэтага абстрэльвала Херсон напярэдадні Раства, а на Новы год наносіла масіраваныя ўдары ракетамі і беспілотнікамі. «Іх цяперашняе «аднабаковае спыненне агню» нельга і не варта ўспрымаць сур'ёзна», — падкрэсліў Кулеба.
Зяленскі таксама заявіў у вячэрнім відэазвароце, што Расіі не ўдасца «схаваць у цішыні» яе падрыхтоўку да новай хвалі агрэсіі супраць Украіны і ўсёй Еўропы: «Свет будзе ведаць ва ўсіх дэталях, як і калі агрэсар рыхтуе новую эскалацыю ў гэтай вайне. І кожны новы мабілізацыйны крок Расіі будзе вядомы свету яшчэ да таго, як яна яго ажыццявіць. Мы гэта забяспечым». Таксама украінскі прэзідэнт пацвердзіў рашэнне Байдэна і Шольца даць «яшчэ адну батарэю Patriot і магутную бронетэхніку».
Харватыя заявіла пра гатоўнасць быць лідарам у намаганнях, неабходных для ачысткі украінскай зямлі ад расійскіх мін і снарадаў, якія не разарваліся. Гэта адна з жыццёва важных задач для Украіны і ўсіх еўрапейцаў, заявіў Зяленскі.