Спорт па нядзелях. Памёр легендарны беларускі футбаліст, гандбольны флагман жудасна распачаў Лігу чэмпіёнаў

Надышла нядзеля — слушная прыкмета, што на «НЧ» можна пачытаць пра спорт. Падзей на тыдні хапала ўсялякіх — добрых і кепскіх, сумных і вясёлых — самыя-самыя мы абагульняем у традыцыйным дайджэсце. То, як кажуць youtube-блогеры — пагналі.

5_348.webp

Гандбалісты «Мяшкова» тройчы прайгралі на старце Лігі чэмпіёнаў

Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова — нядаўна ён быў перайменаваны ў больш лаканічнае «Мяшкоў» — без перабольшанняў гонар беларускага ручнога мяча. Клуб-флагман, клуб-гегемон, шматразовы чэмпіён краіны, да якога супернікам як да Месяца. Фактычна прыватны, што характэрна, праект, які існуе за кошт расійскіх грошай газпрамаўскага паходжання. Прыклад рацыянальнага выкарыстання гэтых сродкаў і ўзор разважлівай стратэгіі-тактыкі развіцця.

Карацей, з якога боку ні паглядзі — добрая гандбольная гаспадарка, якая квітнее і прыносіць плён.

Аднаго пакуль бракуе мяшкоўцам. Святая ідэя фікс — поспех у Лізе чэмпіёнаў — дагэтуль застаецца марнай. У кожны новы розыгрыш брэсцкія гандбалісты ўваходзяць з вялікім надзеямі і старанна пераліцаваным ростэрам — уваходзяць, каб ужо гэтым разам навесці шоргату ў Еўропе, але… Усё аніяк не атрымліваецца.

А цяпер — не атрымліваецца ад слова «зусім». Альбо — ад слова «катастрофа».

1_477.jpg

Тры гульні ўжо правялі беларускія чэмпіёны ў галоўным клубным турніры Еўропы, і аніразу не засталіся задаволенымі. Тры паразы, нуль ачкоў і апошняе месца ў групе. Як казаў вослік Іа з вядомага мульціка, душараздзіральнае відовішча.

Спачатку «Мяшкоў» саступіў нямецкаму «Кілю» — 30:33. Потым не знайшоў аргументаў супраць македонскага «Вардара» — 27:35. Нарэшце — у чацвер — спасаваў перад венгерскім «Пікам» — 25:28. Як бачым, і гэта асабліва прыкра, ва ўсіх матчах супернікі перамаглі з камфортным лікам, то-бок годнага супраціву ад брэсцкіх гульцоў, па вялікім рахунку, не адчулі. 

Тут, канечне, просяцца на язык катэгарычныя высновы. Маўляў, вось ужо і ў гандболе беларусы неканкурэнтназдольныя — пасля футбола, хакея і гэтак далей. І высновы гэтыя, цалкам магчыма, будуць слушныя. Але ж пакуль спяшацца не будзем. Цяпер Ліга чэмпіёнаў сышла да двухтыднёвы перапынак. Хто ведае, можа, у брэсцкай гандбольнай кансерваторыі яшчэ здолеюць нешта падправіць, і мячы пачнуць трапна залятаць у чужыя вароты. У спорце так здараецца. Праўда, у спорце беларускім — не сказаць, каб надта рэгулярна.

Пайшоў з жыцця аўтар культавага гола ў вароты галандцаў

2_442.jpg

«Прыйшоў дадому шчаслівы, смяяўся. А потым узяў і ўпаў», — гэта словы жонкі Сяргея Герасімца, які заўчасна памёр 26 верасня ва ўзросце 55 гадоў.

Гэтая смерць агаломшыла заўзятараў, бо, па-першае, узрост, па-другое, здароўе, па-трэцяе — рэпутацыя аднаго з самых паважаных футбалістаў у гісторыі суверэннай Беларусі.

Узрост не крытычны — жыць ды жыць. На здароўе Сяргей таксама ніколі не скардзіўся. Працаваў на аматарскім узроўні трэнерам, гуляў за ветэранаў, гадаваў дзяцей і пачуваўся бадзёра. А годную рэпутацыю ён зарабіў даўно — яшчэ ў тыя часы, калі самааддана гуляў за зборную. І ўвайшоў у летапіс не толькі як носьбіт каларытнай знешнасці, але і як аўтар знакамітага і пераможнага гола ў вароты зборнай Галандыі ў мінскім матчы 1995 года. Аўтар, можна сказаць, першай значнай перамогі беларускага футбола суверэннай пары.

У Герасімца цікавы лёс — зрэшты, тыповы для спартсмена савецкага гатунку. Нарадзіўся ў 1965 годзе ў Кіеве і, натуральна, марыў аб выступе за мясцовае «Дынама». Мара не здзейснілася, але «Дынама» яму на шляху патрапілася — мінскае, дзе этнічны ўкраінец хутка выйшаў на заўважныя ролі. Потым Саюз Савецкіх разваліўся, і Сяргей паспеў пакінуць глыбокі след яшчэ і ў расійскім «Зеніце» з Пецярбурга.

У Піцеры пасля сканчэння кар’еры і застаўся жыць, перавёзшы туды знойдзеную ў Мінску жонку Таццяну — вядоўцу спартыўных навін на беларускім тэлебачанні. Аднак, з’ехаўшы ў Расію, ён так і застаўся гульцом зборнай Беларусі — сутыкнуўшыся з выбарам на пачатку 90-х, аддаў перавагу нашай краіне. І ніколі аб тым не пашкадаваў.

Яго непарыўная сувязь з другой радзімай яскрава праявілася на тле паслявыбарных палітычных падзей. Сяргей Герасімец актыўна выступіў супраць гвалту і за перамены, і сваёй непрыхаванай грамадзянскай пазіцыяй не здівіў — бо ніколі ўласнага меркавання не хаваў.

Сяргей Герасімец быў пахаваны ў пятніцу, 1 кастрычніка, на Смаленскіх праваслаўных могілках у Санкт-Пецярбургу.

Былыя футбалісты і трэнер чэмпіяната Беларусі разрываюць Лігу чэмпіёнаў

У 2020 годзе гвінеец Мома Янсане гуляў за «Іслач» з Мінскага раёна. Гуляў добра, забіваў шмат, але ж надоўга ў нашых квітнеючых мясцінах не затрымаўся.

У тым жа мінулым годзе ўзбек Джасурбек Яхшыбоеў паспеў засвяціцца ў мінскім «Энергетыку» і ў салігорскім «Шахцёры». Таксама нападаючы, таксама таленавіты — і таксама хутка з Беларусі з’ехаў.

Украінскі трэнер Юрый Вернідуб летась узначальваў «Шахцёр» і, уласна кажучы, будаваў пераможныя планы, хацеў падняць салігорскі клуб на новую вышыню. Аднак не: пасля шэрагу няўдач на ім паставілі крыж, другога шанцу не далі, і адбылася адстаўка, на якія так багатая сучасная гісторыя калійнай каманды.

І што б думалі? Гэтыя трое аб’ядналіся ў даволі нечаканым месцы — у Прыднястроўі, дзе месціцца тамтэйшы клуб з лірычнай назвай «Шэрыф». І адразу грымнулі так магутна, што слава аб малдаўскай каманде пайшла па ўсёй Еўропе.

3_396.jpg

«Шэрыф» — самы казачны кейс сёлетняй Лігі чэмпіёнаў. Прынамсі, пакуль — па выніках двух тураў групавога раунда. Гэта нейкая фантастыка, але менавіта тыраспальцы цяпер узначальваюць табліцу групы «D». Пры тым, што супернікі там скрозь касмічныя — мадрыдскі «Рэал», італьянскі «Інтэр» і данецкі «Шахцёр». Меркавалася, што шэрыфаўцы стануць хлопчыкамі для біцця ў такой зорнай кампаніі, а яны — разам з былымі «беларусамі» Вернідубам, Яхшыбоевым і Янсане — пачалі біць самі. Спачатку пабілі «Шахцёр» дома 2:0, а потым прымудрыліся адолець «Рэал» з лікам 2:1 на яго тэрыторыі — на славутым мадрыдскім стадыёне «Санцьяга Бэрнабэу». Адзін з галоў, што адметна, забіў леташні мінскі «энергетык» Яхшыбоеў.

Цяпер у Малдове, канечне, футбольны бум. Дарослыя і дзеці захапляюцца першакласным відовішчам і ганарацца сваімі футбалістамі. А ў Беларусі ім маўкліва зайдросцяць.

У гэтым месцы патрэбна нейкая мараль — то сфармулюем яе коратка. Дзясятак гадоў таму вось так жа ў ЛЧ феерыў барысаўскі БАТЭ. І перамагаў у тым ліку гэты самы «Шэрыф» — дарэчы, без асаблівых складанасцяў. Аднак прайшоў час — і дзе той БАТЭ, і дзе гэты «Шэрыф»…

І яшчэ. Зразумела, што малдаўскі клуб цягнуць наперад найперш легіянеры — іх там вельмі шмат і на іх там не нарадуюцца. У Беларусі ж афіцыйныя ўлады лічаць, што ад празмернай колькасці замежнікаў наш футбол вельмі пакутуе — і збіраюцца зноў паменшыць ліміты. Ну, хай — мусіць, ім лепш бачна. А ўвесь футбольны свет, які ідзе па шляху адмены лімітаў, мабыць, памыляецца.

У Беларускай федэрацыі футбола могуць быць праблемы

Магчыма, аднойчы гэтая тэма стане мэйнстрымам, але прама зараз тут толькі анонс. Хай сабе і надта інтрыгуючы.

Фонд спартыўнай салідарнасці сабраў матэрыялы і на іх грунце падрыхтаваў вялікі даклад аб тым, як БФФ парушае рэгламенты ФІФА, УЕФА і свой уласны статут. Неўзабаве, як кажуць аўтары, інфармацыя будзе апублікаваная ў адным з найбуйнейшых еўрапейскіх выданняў.

4_375.jpg

Што там за звесткі? Заяўленая палітра надзвычайна багатая, загінайце пальцы. А) Татальнае ўмяшанне дзяржавы ў працу БФФ; б) удзел БФФ у палітычнай прапагандзе; в) умяшанне кіраўніцтва Мінспорту і БФФ у працу судзейскага корпуса; г) адміністрацыйнае ўздзеянне на судзейскі корпус з мэтай атрымання неабходных вынікаў у канкрэтных матчах, што вяло да скажэння турнірнай табліцы; д) рэпрэсіўныя меры ў адносінах да «нелаяльных» арбітраў і спецыялістаў беларускага футбола; е) пакрывальніцтва ўдзельнікаў дамоўных матчаў і недастатковае прыняцце мер па «дагаварняках», якія з'яўляюцца сістэмнымі ў беларускім футболе; ж) сістэмныя парушэнні ўласнага статута, а таксама рэгламентаў ФІФА і УЕФА, судзейскай канвенцыі і іншых дакументаў; з) карупцыя ў судзейскім корпусе (хабар, подкупы).

Калі падсумаваць, то вынікае: гэта роўна тыя аспекты дзейнасці, за якія любая нацыянальная федэрацыя падлягае санкцыям з боку ФІФА і УЕФА. Ці, калі казаць больш правільна, кіраўніцтва гэтай федэрацыі, якое ў Цюрыху і Ньёне, могуць наўпрост дыскваліфікаваць.

Аўтары расследавання падкрэсліваюць, што іх інфармацыя «змяшчае шэраг доказаў, у тым ліку адпаведныя дакументальныя пацверджанні, шматлікія сведчанні, а таксама экспертныя заключэнні. Усе сведкі і ўдзельнікі гатовыя да ўзаемадзеяння з медыя і афіцэрамі футбольных саюзаў».

Гучыць, безумоўна, шматабяцальна, аднак зноў жа — пакуль гэта толькі цізер. Пачакаем поўнай версіі і паводле яе зробім высновы.

Фота ГК «Мяшкоў-Брэст», «Бизнес-Онлайн», ФК «Шэрыф», pressball.by, сацсеткі.