Сезон на экватары, журналіст за кратамі

У вышэйшай лізе згуляна акурат 15 тураў, і з гэтай нагоды чэмпіянат сыходзіць на двухтыднёвы перапынак. Набліжаюцца еўракубкі, і тут — мы пра гэта ўжо распавядалі — беларускім клубам прыйдзецца амаль спрэс практыкавацца на выездзе.

Зборная Беларусі: сустрэнемся ў Казані? Фота pressball.by.

Зборная Беларусі: сустрэнемся ў Казані? Фота pressball.by.

Зборная маўкліва чакае вераснёўскага працягу адборачнага цыклу, аднак спакой і ёй толькі сніцца — міжнародная ізаляцыя таксама грукаецца ў плечы. А ў дадатак працягваюцца арышты спартыўных журналістаў, і дзе-нідзе адміністрацыйныя справы ператвараюцца ў крымінальныя.
Так бы мовіць, у беларускім футболе ідзе звычайнае жыццё пасярод «года народнага адзінства». На яго некаторых аспектах якраз і засяродзімся на гэтай ліпеньскай пераправе.

Зборная: сірата казанская?

Ледзьве мы абмеркавалі і неяк звыкліся з тым, што хатнія еўракубкавыя матчы беларускія клубы будуць змушаныя праводзіць на чужыне, як перакрытая паветраная прастора накрыла і зборную. Ну а што: хіба магло быць іначай? Усе ў Казань — і ты ў Казань. Нельга выключаць, што хутка там спатрэбіцца татарскі філіял Беларускай федэрацыі футбола. Бо вядома ж: менавіта ў сталіцы сяброўскага Татарстана атабарыцца дзеля гульняў Лігі канферэнцый і жодзінскае «Тарпеда». А там, можа, яшчэ хто пад’едзе, бо месца наўпрост на вачах робіцца намоленым. Дый і ў Казані кажуць, маўляў, будзем рады бачыць на нашай зямлі братніх беларускіх гасцей з іншаземных абласцей.
Пакуль справа тычыцца толькі дзвюх бліжэйшых сустрэч зборнай — 5 і 8 верасня. Але што гэта за сустрэчы! Найперш, з камандай Уэльса — той самай, у складзе якой гойсаюць па полі Гарэт Бэйл, Арон Рэмзі ды іншыя еўрапейскія зоркі. Але і тое будзе толькі разагрэвам, бо праз тры дні ў госці да беларусаў завітаюць зіхатлівыя бельгійцы — Рамэлу Лукаку, Кевін дэ Бройне, Эдэн Азар… Увогуле, там куды ні тыкні пальцам — патрапіш на сапраўдную футбольную славутасць. На чалавека, якога вось літаральна толькі што ты назіраў па тэлевізары падчас чэмпіянату Еўропы.
Тым славутасцям, канешне, беларусы летась ганебна прайгралі з гістарычна рэкордным лікам 0:8, але хіба гэта падстава, каб не паглядзець на чараўнікоў уласнымі вачыма? Вядома, не. Ва ўсе часы было так і толькі так: як прыязджае да нас каманда, насычаная селебрыці, бы велікодны пірог разынкамі, то айчынныя заўзятары адразу шыхтуюцца ў чаргу і размятаюць квіткі, гарантуючы аншлаг у Барысаве ці Мінску.
Гэтак было б і цяпер — але не будзе. Бо замест Барысава ці Мінска прымаць зорных візіцёраў давядзецца ў Казані. Як той казаў, попел знакамітага «Боінга» стукае ў нашых сэрцах. І аддаецца ў кішэнях БФФ, якая магла б добра зарабіць на продажы квіткоў і рэкламы, а цяпер, наадварот, рыхтуецца несці вялізныя выдаткі на арганізацыі дарагіх івентаў за мяжой. А гэта і арэнда стадыёна, і пражыванне зборнай цягам амаль што тыдня, і ТВ-прадакшн, які, меркавана, прыйдзецца замаўляць у мясцовых тэлевізійшчыкаў.
Для парадку, вядома, варта ўдакладніць: гэта яшчэ не стопрацэнтнае рашэнне — гуляць у Татарстане. Беларуская футбольная федэрацыя на гэты конт маўчыць, набраўшы ў рот вады. Аднак няма дыму без агню, і ў званы ўжо актыўна б’е расійская прэса — у прыватнасці, аўтарытэтнае татарстанскае выданне «БИЗНЕС. Online». Паводле калег, адміністрацыя казанскага стадыёна «Цэнтральны» (умяшчальнасць 25 тысяч) ужо выйшла на фінішную прамую ў перамовах з беларускім бокам, і згода вось-вось будзе дасягнутая. «Будзем старацца прыняць зборную Беларусі, братэрскай для нас краіны, у Казані. Гэта гонар для нас», — цытуюць расійскія рэпарцёры дырэктара арэны Ільгіза Фахрыева.
І ўжо каб закрыць тэму, дадамо, што матчы на «Цэнтральным» пройдуць пры пустых трыбунах. Такія правілы ў УЕФА на выпадак сустрэч на нейтральных палях. Гэта значыць, што і тамтэйшыя заўзятары не змогуць наведаць статусны футбол, хаця відавочна б хацелі — калі яшчэ пашчасціць пабачыць Цібо Куртуа альбо Аксэля Віцэля?

Чэмпіянат: трапныя прагнозы

Чэмпіянат пакуль заякарыўся — то варта выказаць колькі думак і з гэтай нагоды. Зрэшты, што тут асабліва казаць? Толькі тое, што такога прадказальнага, аднастайнага і прамалінейнага сюжэту вышэйшая ліга даўно не ведала. Як мы напрарочылі яшчэ ўвесну — так яно ўсё і адбываецца.
«Шахцёр» абароніць чэмпіёнскі тытул — быў наш прагноз. І ён цалкам спраўджваецца. На гэты час салігорцы толькі аднойчы страцілі ачкі, калі згулялі ўнічыю з брэсцкім «Дынама». У астатнім — суцэльны хайвэй, хай-фай і хай-клас. Каманда больш за ўсіх забівае, менш за ўсіх прапускае, упэўнена перамагла прамых канкурэнтаў…
Так, наперадзе еўракубкі — гэта стрэс. Наперадзе — імаверныя страты некалькіх лідараў, на якіх паклалі вока замежныя працадаўцы. Але тыя ж падводныя камяні ляжаць і на шляху іншых айчынных топаў, таму, хутчэй за ўсё, залатыя медалі зноў нікуды не дзенуцца.
БАТЭ фінішуе на другім месцы — было такое прароцтва. І яно таксама збываецца. Няпростыя часы перажывае барысаўскі клуб, але на тое, каб дыхаць у патыліцу «Шахцёру», пораху дастаткова. Настолькі, што назад можна не азірацца — нават нецікава, як там маюцца чыста намінальныя пераследнікі.
Казалі мы, што трэцім будзе мінскае «Дынама», і вось тут складаней. Не таму, што мінчан саміх калбасіць, хаця і з гэтай прычыны таксама. Папросту і брэсцкі «Рух» рухаецца па дыстанцыі няблага, і раптам выраслі медальныя хацелкі ў «Гомеля»… Ну добра: будзем назіраць — тут анонсы яшчэ лёгка могуць збыцца.
Ну і зусім лаканічна — калі ж спадарства хоча яшчэ прагнозаў, то трымайце адразу два. У другой частцы сезона прадбачым адчувальныя цяжкасці з фінансаваннем у цэлым шэрагу клубаў, і паступовы сыход ад нашых родных ніў гульцоў-легіянераў. Чаму — пытанне не да футболу, а да нацыянальнай эканомікі, і залішніх тлумачэнняў гэты тэзіс не патрабуе. Куды памалу дрэйфуе жыццё, туды ж цягнецца і ўсялякая іншая індустрыя.

Журналістыка: першы палітвязень

Пра змрок, які сёлета агарнуў незалежную журналістыку, даўно вядома. Пазбаўленне акрэдытацыі, блакаванне сайтаў, вобшукі ў рэдакцыя, звальненні, затрыманні, адміністрацыйныя справы, крымінальныя справы… Сёння ў няволі пакутуюць некалькі дзясяткаў працаўнікоў медыя — і Беларусь спаўзае ўсё ніжэй у міжнародных рэйтынгах свабоды прэсы.
Спартыўная журналістыка да нядаўняга часу абыходзілася тут, як кажуць, малой крывёю. Максімум, што выпадаў на яе долю, гэта эпізадычныя адміністрацыйныя арышты. Так, «суткі» за плячыма маюць Сяргей Шчурко з «Прэсбола», Дзмітрый Руто з «Трыбуны», былыя тэлевізійшчыкі Уладзіслаў Татур і Яраслаў Пісарэнка… Можна было б з пэўным гумарам сказаць: не сядзеў — не беларус, але гумар неяк рэзка знік, калі стала вядома ўжо і пра крымінальны пераслед.
У гэтыя жорны патрапіў Аляксандр Івулін — youtube-блогер і прыкметны гонза-журналіст з той жа «Трыбуны». Спачатку ён зведаў тыповую адміністрацыйную «працэдуру» — затрыманне за нібыта БЧБ-сцяг на акне і 30 сутак арышту. Але на волю так і не выйшаў: наўздагон яму інкрымінавалі 342-ты артыкул КК, максімальнае пакаранне па якім — чатыры гады калоніі. У панядзелак хлопца прызналі палітвязнем.
Залішне казаць, што салідарнасць цяпер ляціць на адрас Аляксандра Івуліна трасіруючымі флюідамі. Яго падтрымліваюць калегі і актывісты Свабоднага аб’яднання спартоўцаў, яго прозвішча скандуюць заўзятары, у яго гонар ладзяць акцыі дыяспары. Усё гэта прадказальна — і так павінна быць, і так будзе надалей.
На жаль, прадказальнай сталася і рэакцыя футбольнай грамадскасці, дзеля якой самааддана працуе адзін з самых яркіх спартыўных журналістаў краіны. За рэдкімі выключэннямі, футбольная грамадскасць прамаўчала. Зрэшты, гэта — зусім іншая гісторыя. Занадта вядомая, каб яе пераказваць. І дастаткова красамоўная, каб вычарпальна разумець сутнасць сённяшняга беларускага футбола і існасць яго палахлівых філісцёраў.
ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ. 15 ТУР
2.07. МІНСК — СМАРГОНЬ — 2:2 (120; Алісейка, 2, Муніру, 72 — Задзі, 43, Муніру, 46+, аўтагол).3.07. СЛУЦК — СПАДАРОЖНІК (Рэчыца) — 3:2 (776; Альфрэд, 37, Клачкоў, 70, Вяргейчык, 92+ — Фядзянін, 18, Канцадайлаў, 60).ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — ІСЛАЧ (Мінскі раён) — 1:1 (100; Мірошнікаў, 22 — Р. Лісаковіч, 76).ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — НЁМАН (Гродно) — 1:1 (810; Кляньё, 23 — Забелін, 92+).4.07. ВІЦЕБСК — БАТЭ (Барысаў) — 0:0 (4780).ДЫНАМА (Мінск) — СЛАВІЯ (Мазыр) — 4:0 (1323; Пуціла, 11, Мбенг, 42, 62, 66).ДЫНАМА (Брэст) — РУХ (Брэст) — 1:1 (6116; Беленькі, 79 — Грачыха, 32).ГОМЕЛЬ — ШАХЦЁР (Салігорск) — матч перанесены на нявызначаны тэрмін.

fut.png

16.07. Слуцк — БАТЭ, Дынама Бр. — Спадарожнік, Тарпеда-БелАЗ — Дынама Мн. 17.07. Смаргонь — Энергетык-БДУ, Гомель — Рух. 18.07. Славія — Іслач, Віцебск — Нёман. Матч Мінск — Шахцёр перанесены на нявызначаны тэрмін.