Пекін-2022 як дэманстрацыя кітайскай усемагутнасці

Да старту зімовых Алімпійскіх гульняў менш за 200 дзён, а іх лёс да гэтага часу як у тумане. Адбудуцца ці не? Будзе байкот ці не? Калі будзе, то хто канкрэтна байкатуе? Да якіх наступстваў гэта прывядзе?..

3000_2.jpg


Усё праз тое, што прымае гульні-2022 Пекін, а да Кітая ў сусветнай супольнасці назапасілася занадта шмат пытанняў. Першае — уйгуры, другое — Тыбет, трэцяе — Тайвань, чацвёртае — Ганконг, пятае... Тут хоць бы па першым пункце за доўгія гады зрушыцца з мёртвай кропкі, каб пералічваць далей.
Але Кітай традыцыйна не прыслухоўваецца да галасоў звонку, таму ўсё гучней гучаць заклікі хоць бы не заахвочваць рэжым, давяраючы краіне такія буйныя спаборніцтвы, як Алімпіяда. «Давяраеце — значыць, не супраць прыгнёту уйгураў у Сіньцзяне», — таўруюць Міжнародны алімпійскі камітэт праваабаронцы. «Спорт па-за палітыкай», — паўтарае як мантру кіраўнік МАК Томас Бах і чакае, чым абернецца справа.
Падобна да таго, што далей за непрыемныя размовы справа ўсё-ткі не зойдзе. Паказальна прыструніць Кітай, адабраўшы Алімпіяду, — складанае рашэнне, багатае на сур'ёзныя наступствы. Гэта не Беларусь пазбавіць чэмпіянату свету па хакеі, пасля чаго — аніякіх непрыемнасцей, толькі пашана і павага за бескампраміснасць і прыхільнасць высокім ідэалам. У Сі Цзіньпіна ж заўсёды напагатове сіметрычны адказ Захаду: хочаце праявіць прынцыповасць — калі ласка, але гэта будзе каштаваць вам пэўную цану. І пакуль з усіх уцягнутых бакоў мала хто выказаў гатоўнасць яе заплаціць…

Арганізацыі па абароне правоў чалавека

Праваабаронцы — самыя гучныя і актыўныя праціўнікі пекінскіх Гульняў. У іх няма агульных інтарэсаў з Кітаем і няма неабходнасці выбудоўваць адносіны ў найбліжэйшай будучыні, таму яны абыходзяцца без эўфемізмаў, выказваючыся гранічна канкрэтна: пазбавіць, асудзіць, не мець спраў, пакуль не пакаюцца.
У лютым больш за 180 арганізацый па абароне правоў чалавека заклікалі байкатаваць Алімпіяду ў Пекіне. Адкрыты ліст пачынаўся так: «МАК не стаў нас слухаць у 2008-м, апраўдваючы сваё рашэнне [правесці летнія гульні ў Кітаі] тым, што гэта можа каталізаваць у краіне працэсы па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека.
Але, як эксперты і прадказвалі, ідэя з трэскам правалілася. Сітуацыя за гэтыя гады не проста не палепшылася, а пагоршылася. МАК, аказаўшыся цяпер у тым жа становішчы, адмаўляецца дзейнічаць, нягледзячы на відавочныя доказы генацыду».
Пад «пагаршэннем», падобна, у першую чаргу мелі на ўвазе ўціск уйгураў ў Сіньцзяне. Гэта не новая гісторыя, Сіньцзян быў далучаны да Кітая ў 1949 годзе, і з тых часоў карэннаму насельніцтву даводзілася нясоладка. Аднак у апошнія некалькі гадоў падрабязнасці ўсплылі і шакавалі многіх.
Сіньцзян — рэгіён таямнічы. Кітайскія ўлады імкнуцца не дапусціць адтуль уцечак інфармацыі, а многае з таго, што прасочваецца, — блакуюць. Таму нараджаецца шмат неправераных чутак, і не заўсёды зразумела, дзе праўда, а дзе выдумкі. Але пра сёе-тое можна гаварыць цалкам канкрэтна, і гэтага дастаткова, каб скласці ўяўленне аб праблеме.
Па-першае, за уйгурамі ў рэгіёне ўсталяванае татальнае сачэнне. Дапамагаюць у гэтым сучасныя сістэмы відэаназірання і, галоўнае, спецыяльнае мабільнае прыкладанне, якое перадае ў паліцыю даныя пра ўладальніка тэлефона і адсочвае інфармацыю, якая паступае на прыладу. Напісаў / адкрыў нешта з антыдзяржаўным кантэнтам — па цябе прыйдуць.
Па-другое, уйгуры пазбаўленыя свабоды перамяшчэння. Прычым праблемы ўзнікаюць нават з перамяшчэннем па тэрыторыі Кітая. Каб выехаць за межы рэгіёна, кожнаму патрэбны спецыяльны дазвол. Пра тое, што ўсе перамяшчэнні адсочваюцца, не варта і нагадваць.
Па-трэцяе, уйгураў масава змяшчаюць у «выхаваўчыя лагеры». Чым менавіта там займаюцца, пакрыта таямніцай, і гэтая атмасфера таямнічасці служыць падставай для спекуляцый. Праваабаронцы сцвярджаюць, што лагеры служаць для «прамывання мазгоў», кітайскія ўлады гавораць пра дапамогу карэннаму насельніцтву інтэгравацца ў грамадства. Маўляў, там вучаць мове, пісьменнасці, знаёмяць з культурай... У прынцыпе Кітай і не хавае, што канчатковая мэта — асіміляваць уйгураў. Аднак ужываныя метады прымушаюць уздрыгваць у магіле нават старога Оруэла.
Праваабарончыя арганізацыі настойваюць: у краіне, дзе практыкуюць падобнае, праводзіць Алімпіяду непрымальна. Тым не менш, іх сумарнай вагі недастаткова, каб істотна паўплываць на дыспазіцыю. Яны могуць заклікаць да байкоту, пісаць адкрытыя лісты, звяртацца да ўдзельнікаў, падымаць шум — і толькі. Тыя ж, у чыіх руках маюцца рэальныя рычагі, настроены значна больш умерана.

МАК

Міжнародны алімпійскі камітэт імкнецца наогул не ўвязвацца ў каляспартыўныя дыскусіі. Пазіцыя Баха і кампаніі простая, як апельсін: даваць ацэнкі складаным працэсам унутры Кітая — доля палітыкаў, а Алімпіяда — гэта пра спорт, яднанне, вялікае свята. Таму МАК аддае перавагу прыемным рэляцыям. Пекін бліскуча гатовы да Гульняў... На некаторых трасах у лютым чакаецца занадта цёплае надвор'е, але ўсё ў парадку: арганізатары гатовыя вырабіць штучнага снегу з лішкам... Лыжныя кластары ў Яньцыне і Чжанцзякоў далекаватыя ад Пекіна, але мясцовыя ўлады ўжо пра ўсё паклапаціліся, запусціўшы высакахуткасную чыгунку паміж пунктамі…
На пытанні пра парушэнні правоў чалавека ў Кітаі МАК адказвае з неахвотай, і яго лёгка зразумець. Алімпіяда — найважнейшая крыніца даходу арганізацыі. Бах вельмі зацікаўлены, каб усё прайшло на вышэйшым узроўні. Арэны і трасы павінны быць у выдатным стане, лагістыка — прадуманая, ТБ-карцінка — арганізаваная па апошнім слове тэхнікі.
Калі не задумвацца аб уйгурах або ганконгцах, Пекін — гэта гарантыя размаху і якасці арганізацыі спаборніцтваў. У Баха яшчэ перад вачыма фенаменальны поспех 2008-га, калі Кітай бліскуча правёў летнія Гульні на фоне міжнароднага прэсінгу з-за прыгнёту тыбетцаў. Тады праваабаронцы таксама заклікалі да байкоту, а многія краіны асуджалі кітайскую палітыку ў дачыненні да Тыбета, тым не менш Алімпіяда адбылася згодна з раскладам — і з помпай. Адзін феерверк на цырымоніі адкрыцця, захлёбваючыся, абмяркоўвалі тыдзень…
А што гатовая прапанаваць МАК сусветная супольнасць, якая заклікае пракінуць Пекін? Чаргі з жадаючых правесці Гульні сёння не назіраецца. Барацьбу за Алімпіяду-2022 Кітай да апошняга вёў з Казахстанам — таксама далёка не ўзорам для пераймання. Дзе была прагрэсіўная Еўропа? Швейцарыя, Польшча і Германія зняліся з прабегу на ранняй стадыі праз тое, што ідэю не падтрымала насельніцтва. У першых дзвюх краінах нават праводзілі рэферэндум. Швецыя спачатку ўпісалася ў гонку, а затым вырашыла, што Алімпіяда — гэта занадта дорага. Па тых жа прычынах знялася Нарвегія.
На Захадзе вар'яцкія марнаванні грошай без адчувальнай аддачы ўжо даўно не ў трэндзе, таму буйныя сусветныя форумы становяцца магчымасцю аўтарытарных дзяржаў прадэманстраваць сваю моц. Няма нічога дзіўнага ў тым, што Пекін стаў першым горадам, які прыме і летнія, і зімовыя Алімпійскія гульні (прычым на адрэзку ўсяго ў 14 гадоў!). Наадварот, да гэтага ўсё ішло. А МАК, напэўна, яшчэ і ўдзячны: выручылі. Дык з чаго б Баху станавіцца на бок праваабаронцаў?
І яшчэ рэмарка: калі забыць на хвіліну пра этычныя пытанни, менавіта аўтарытарныя рэжымы часцяком давалі новы штуршок Гульням. Сапраўды сусветнай падзеяй Алімпіяда стала з 1936-га, калі яе з размахам правяла гітлераўская Германія. Краіна ўклалася ў тыя Гульні, прыўнесла шмат навін, якія вызначылі сучасны фармат Алімпіяды. Скажам, дакументальны фільм «Алімпія» Рыфеншталь стаў на той момант прарывам і вызначыў кірунак спартыўнага рэпартажу на шмат гадоў наперад. Ці яшчэ: менавіта Гітлер упершыню ў сучасным свеце правёў эстафету алімпійскага агню…

Кітай

Афіцыйны Пекін, зразумела, адхрышчваецца ад усіх абвінавачанняў. Уйгураў ніхто не ўціскае — наадварот, дзяржава забяспечвае ім квіток у новае жыццё. Навучае, дае магчымасць знайсці працу, прышчапляе мясцовыя культурныя каштоўнасці. А што да татальнай сістэмы кантролю, не забывайце: уйгуры — мусульмане, і частка іх падзяляе погляды на жыццё «Ісламскай дзяржавы». Уласна, кітайскія ўлады і актывізаваліся, калі уйгуры пачалі далучацца да тэрарыстычнай арганізацыі, а жорсткую сістэму кантролю паднеслі як неабходную прафілактыку экстрэмізму. Прычым шараговыя кітайцы ў цэлым з разуменнем ставяцца да такой палітыкі і падтрымліваюць яе.
У Кітаі цудоўна ўсведамляюць, што іслам, мова, традыцыі — перадумовы для сепаратысцкіх настрояў у самым буйным і самым аддаленым ад Пекіна рэгіёне. Мяккія прэвентыўныя меры былі прынятыя ўжо даўно: Сіньцзян паволі насычалі карэннымі кітайцамі, і сёння іх там пражывае нават больш, чым уйгураў. Але калі уйгуры праявілі сябе ў некалькіх тэрарыстычных акцыях, улады Кітая перайшлі ў наступ. На іх погляд, яны дзейнічаюць разумна і апраўдана, змагаючыся за тэрытарыяльную цэласнасць і спакой ўнутры краіны. Магчыма, нават шчыра не разумеюць, чаму да іх усе так прычапіліся.
«Некаторыя бакі паступаюць вельмі безадказна, спрабуючы сарваць, умяшацца і сабатаваць правядзенне Гульняў у Пекіне, прасоўваючы ўласныя палітычныя інтарэсы. Такія дзеянні ніколі не ўвянчаюцца поспехам і не будуць падтрыманыя міжнароднай супольнасцю», —нядаўна адказаў на пытанне пра байкот прэс-сакратар кітайскага МЗС Ван Венбін. З аднаго боку, звычайная адгаворка — што яму яшчэ было сказаць? З іншага — вельмі падобна, у Пекіне сапраўды лічаць, што ўся заваруха выключна з-за перацягвання палітычных канатаў. Ім цяжка ўявіць, што кагосьці хвалюе лёс уйгураў саміх па сабе.
Для Кітая Алімпіяда — не проста свята для балельшчыкаў. Гэта яшчэ і магчымасць прадэманстраваць уласную сілу. Глядзіце, мы арганізуем Гульні так, як не зможа ніхто з тых, хто крытыкуе Пекін! І гэта пры тым, што Кітай ні разу не спецыяліст у зімовых відах і дакладна не здзейсніць медальны фурор, як было ў 2008-м. У кітайцаў і першае золата на зімовых Алімпіядах здарылася толькі ў гэтым стагоддзі — у 2002 годзе ў канькабежным спорце. Аднак ужо зараз зразумела, што, з пункту гледжання арганізацыі, да Пекіна не ўзнікне ні аднаго пытання. Так не справіліся б ні Стакгольм, ні Осла. А можа, і Мюнхен не справіўся б.
У плане падрыхтоўкі спартсменаў Кітай таксама імкнецца адпавядаць высокім стандартам. Для працы са зборнай па біятлоне, дзе краіне-гаспадыні нічога не «свеціць», былі запрошаныя нарвежскія спецыялісты на чале з Оле-Эйнарам Б'ёрндаленам. З жаночай камандай, дарэчы, працуе беларуска Дар'я Домрачава. Да медалёў кітайцам, вядома, далёка, затое ўжо на мінулым Кубку свету гэтае супрацоўніцтва дало эфект: кітайцы выдалі свой найлепшы сезон у гісторыі. Хоць ёсць меркаванне, што зоркі былі запрошаныя ў Пекін не падцягнуць вынікі мясцовых спартсменаў, а падняць імідж краіны.
«Б'ёрндалену варта разумець, што яго стануць выкарыстоўваць для прыкрыцця таго факта, што Кітай направа і налева парушае правы чалавека. Калі прымаеш актыўны ўдзел у адмыванні праз спорт рэпутацыі таталітарнай дзяржавы, трэба ўсведамляць, які выбар робіш. Вы становіцеся часткай палітычнага праекта, накіраванага прадставіць кітайскія ўлады ў пазітыўным святле», — рэзка раскрытыкаваў гэтае супрацоўніцтва праваабаронца Ён Педэр Эгенес.
Б'ёрндален асабліва ўражаны не быў і дагэтуль працуе з кітайскай зборнай.

Захад

Урады развітых краін крытыкуюць кітайскі рэжым безумоўна і сістэмна. Вялікабрытанія заклікала да байкоту Гульняў, Канада і Аўстралія падтрымалі, Нарвегія не супраць, ЗША... Адміністрацыя Трампа спачатку была за поўны байкот, потым — толькі за дыпламатычны. Цяпер да ўлады прыйшоў Байдэн, і пазіцыя ЗША стала яшчэ менш выразнай.
Афіцыйна ад удзелу ў Алімпіядзе на дадзены момант не адмовілася ні адна краіна.
І, падобна, наўрад ці хтосьці рызыкне адмовіцца: занадта страшныя наступствы дрэнных адносін з Кітаем. Тая ж Аўстралія сёлета ўжо спазнала, што бывае, калі афіцыйны Пекін табой незадаволены. Хлоп — і ў момант перакрыты імпарт аўстралійскага вугалю ў Кітай. Кітайскі бок нешта прамармытаў пра цяжкі год і спад вытворчасці. Усе астатнія палічылі гэта навучаннем за тое, што Канбера рэгулярна падыгрывае ЗША ў «гандлёвай вайне». Што ні кажы, экспарцёр аказаўся ў нязручным становішчы і з вялізнымі стратамі.
Гэта самы яскравы прыклад таго, як краіна з другой эканомікай свету разбіраецца з любымі знешнепалітычнымі праблемамі. Сусветныя брэнды накшталт «Nike» або «H&M» асудзілі палітыку Кітая ў дачыненні да уйгураў — кітайцы пачалі байкатаваць тавары гэтых марак. Захад пагражае байкотам — Пекін палохае эканамічнымі санкцыямі. І ўсім зразумела, што на самой справе страшней.
Прычым Кітай не бляфуе, а адразу прадпрымае крокі. Свежы, але ўжо класічны прыклад са спорту: пагроза разрыву паўтарамільярднай ТБ-здзелкі з НБА праз аднаго-адзінага твіта генменеджара «Х'юстана» Дэрыла Моры ў падтрымку пратэстоўцаў у Ганконгу. Неяк замялі, але! Ад «Х'юстана» адмовіліся ўсе кітайскія спонсары (ад Шанхайскага банка «SPDB» да вытворцы спартыўнай экіпіроўкі «Li-Ning»). Выставачныя матчы клуба на тэрыторыі Кітая былі адмененыя. І клуб, і Ліга папрасілі прабачэння перад Кітаем, а Моры, які заварыў кашу, атрымаў штраф, а пазней нават пакінуў пасаду (праўда, неадкладна быў запрошаны ў «Бостан» і цяпер працягвае працаваць у Лізе). Пасля такога кітайскага папярэджання наўрад ці нехта, хто мае дачыненне да НБА, захоча ў бліжэйшыя гады заікнуцца пра Ганконг, уйгураў або Тыбет.
У адказ на прэтэнзіі Пекін не шалее, не істэрыць — проста наглядна дэманструе, чым гэта аукнецца. Крытыкуеце? Тады будзьце гатовыя пазбавіцца здзелкі на паўтара мільярда, а таксама свайго самага буйнога знешняга рынку. Байкатуеце? Добра, але мы закрыем парты для вашага вугалю. Такія нітачкі ў Кітая прызапашаныя амаль для кожнага крытыка. Таму зараз і ідуць размовы максімум пра дыпламатычны байкот.
Але наўрад ці кітайцы моцна засмуцяцца, калі на Алімпіяду не даедуць некалькі дзясяткаў афіцыйных асоб. Гэткі кампраміс: Захад зробіць выгляд, што паставіў Пекін на месца, Пекін гэтага нават не заўважыць.

Спартсмены

Яшчэ адзін бок усёй гэтай гісторыі — непасрэдна ўдзельнікі Гульняў. Яны мала думаюць пра уйгураў і тыбетцаў, затое выразна ўсведамляюць іншае: усё іх жыццё завостранае на тое, каб раз на чатыры гады кінуць далей і скокнуць вышэй. Прапусціць адну Алімпіяду — гэта восем гадоў без галоўнага турніру ў кар'еры. У некаторых — у фігурыстак, напрыклад, — кар'ера значна карацей, можна страціць момант і наогул ні разу не пабачыць Гульні. У 2018-м 15-гадовая расіянка Загітава была алімпійскай чэмпіёнкай і галоўнай зоркай сусветнага фігурнага катання, а сёння вядзе лядовыя шоу, не вытрымаўшы канкурэнцыі з больш маладымі.
Ёсць і больш прыземленыя моманты: рэкламныя кантракты, прызавыя, стыпендыі. Калі прапусціць Гульні, усяго гэтага можна пазбавіцца. Таму ва ўсіх краінах абсалютная большасць спартсменаў хоча выступіць на Алімпіядзе. Нават у ЗША, здавалася б, сатканых з дэмакратычных каштоўнасцей.
На мэтанакіраваную крытыку кітайскага рэжыму вырашаюцца не многія. Адным з тых, хто найбольш выразна сфармуляваў думку, стаў шведскі біятланіст Себасцьян Самуэльсан: «Хацеў бы паехаць у іншае месца. Не думаю, што чэмпіянаты свету і Алімпійскія гульні варта праводзіць у такіх краінах. Я стараюся паўплываць на сітуацыю, як магу, але часам адчуваю, што гэта ўсяго толькі маленькі я супраць астатняга свету. Адзінае, што магу, — гаварыць тое, што думаю, і спадзявацца, што нешта зменіцца. Мы бачым ва ўсіх відах спорту, што такія спаборніцтвы выкарыстоўваюцца ў мэтах прапаганды. Хацелася б ад гэтага сысці».
У падобным ключы выказаліся знакамітыя нарвежцы Ёханэс Бо і Ёханэс Клебо. Але нават у іх не гучыць выразнага намеру байкатаваць Алімпіяду. «Не хацеў бы...», «Не думаю...», «Стараюся, як магу...». Ніхто не хоча выступіць з неабдуманай заявай, пасля якой потым давядзецца прасіць прабачэння перад Кітаем. Тым больш ніхто не хоча ваяваць у адзіночку, а калектыўнае меркаванне ўсюды, паводле ўсіх прыкмет, аднолькавае: трэба ехаць.
Гісторыя алімпійскіх байкотаў
Мельбурн-1956. Выступіўшы супраць уводу савецкіх войск у Венгрыю, Нідэрланды, Іспанія і Швейцарыя абвясцілі, што не выступяць на мельбурнскіх Гульнях разам з СССР. Таксама зняўся Егіпет, пакрыўджаны на нападкі Вялікабрытаніі, Францыі і Ізраіля, разам з Іракам, Ліванам і Камбоджай, якія падтрымалі яго. А літаральна за два тыдні да цырымоніі адкрыцця абвясціў пра байкот Кітай, якому не спадабалася, што арганізатары запрасілі да ўдзелу Тайвань.
Манрэаль-1976. Гульні праігнаравалі 26 афрыканскіх краін, уключаючы Егіпет, Марока, Алжыр, Туніс, Кенію, Эфіопію. Такім чынам яны выступілі супраць рэгбійнага матча Новай Зеландыі і Паўднёвай Афрыкі. На той момант ПАР знаходзілася ў міжнародным ігноры праз палітыку апартэіду, а МАК апраўдваўся перад краінамі, якія выказалі пратэст, тым, што рэгбі — від не алімпійскі. Прагучала непераканаўча. Таксама прапусцілі Алімпіяду Тайвань, якому не дазволілі называцца зборнай Кітая, і Кітай, які абурыўся тым, што Тайвань наогул разглядалі як удзельніка Гульняў.
Масква-1980. У пік халоднай вайны ЗША вырашылі байкатаваць маскоўскую Алімпіяду праз увод савецкіх войск у Афганістан. Да іх далучыліся яшчэ 28 краін, уключаючы ФРГ, Аргенціну, Канаду, Кітай, Егіпет, Японію, Турцыю. Для іх амерыканцы зладзілі ўласныя спаборніцтвы ў Філадэльфіі — «Liberty Bell Classic». З іншага боку, у алімпійскую сям'ю вярнуліся афрыканскія краіны, якія прапускалі Манрэаль-1976, так што колькасна маскоўскія Гульні пацярпелі не так, як маглі б.
Лос-Анджэлес-1984. Усяго праз чатыры гады СССР знайшоў сіметрычны адказ ЗША. Разам з Савецкім Саюзам гульні праігнараваў амаль увесь сацыялістычны лагер: Балгарыя, ГДР, Чэхаславакія, Венгрыя, Польшча, В'етнам, Паўночная Карэя, Куба... Для іх на тэрыторыі дзевяці сацкраін быў арганізаваны альтэрнатыўны турнір «Дружба-84». А на іншы кантынент паляцелі толькі Румынія, Югаславія і Кітай. Што цікава, па ўласных палітычных меркаваннях у Лос-Анджэлес не адправіліся яшчэ тры зборныя — Албаніі, Ірана і Лівіі.
Сеул-1988. Паўночная Карэя праігнаравала Алімпіяду ў Паўднёвай. Прычым абедзве краіны маглі падзяліць гульні, калі б паўднёвакарэйцы падтрымалі прапанову Кім Ір Сэна перанесці частку спаборніцтваў у КНДР. Але Сеул адмовіўся, Кім Ір Сэн пакрыўдзіўся і самаўхіліўся. Яго парыў падтрымалі Албанія, Куба, Нікарагуа і Эфіопія.
Сіднэй-2000. Афганістан не тое каб байкатаваў Алімпіяду — яго ўдзел аказаўся проста немагчымым, пры ўсім жаданні. Талібан забараніў у краіне спорт, расфармаваў НАК і праігнараваў запрашэнне МАК.