Лёд пад нагамі маёра: ці забяруць у Беларусі хакейны чэмпіянат свету-2021?
Але галоўнае пытанне ў іншым. Што будзе ў бліжэйшай — і не
толькі — будучыні з самой Беларуссю. Як доўга працягнецца і чым
скончыцца самаадданы беларускі пратэст. Ад гэтага залежыць уся наша
нацыянальная перспектыва. І хакей — толькі частка яе, хаця і вельмі сімвалічная.
Вясной 2017 года Міжнародная хакейная федэрацыя (ІІХФ) вызначылася з месцам, дзе адбудзецца чэмпіянат свету–2021. Элітны спартыўны форум па выніках галасавання аддалі дзвюм еўрапейскім сталіцам — Мінску і Рызе.
Але баржомі піць яшчэ рана: праз тры з паловай гады пытанне зноў стала рубам. На фоне палітычных падзей у Беларусі замежжа патрабавальна загудзела — і заклікае пазбавіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі радасці вялікага хакею.
Ці магчымы перанос чэмпіянату ў іншую краіну? Ці рэальна здзейсніць такі паварот за паўгода да пачатку спаборніцтваў? Ці гатова ўвогуле ІІХФ на такі прэцэдэнт?..
Латвія не хоча
Здаецца, усё пачалося 13 жніўня, калі на хакейную тэму раптам загаварыў прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш. «Я мяркую, што падзеі ў Беларусі рэзка мяняюць сітуацыю, — заўважыў ён у эфіры мясцовага тэлебачання. — Зараз я не бачу, як мы — наша краіна — можам правесці чэмпіянат свету разам з Беларуссю».
Вядома, што за падзеі так непрыемна ўразілі латвійскага прэм’ера ў сярэдзіне апошняга летняга месяца. Па гарачых слядах пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі было асабліва неспакойна — і месцамі нават жудасна. Сілавікі з клінічнай жорсткасцю разганялі пратэсты, пакавалі дэманстрантаў у аўтазакі, а потым тыя траплялі на Акрэсціна, адкуль выходзілі ссінелыя, збітыя на горкі яблык.
Ад навінаў з Беларусі тады ўздрыгваў увесь свет, і не дзіва, што рэакцыя была адпаведная і шматвектарная. У тым ліку яна закранула і спорт наогул — і хакей, у прыватнасці.
Але ж шмат хто думаў: гэта толькі словы і пагрозы — далей іх справа не зрушыцца. Да вясны яшчэ колькі месяцаў, жарсці хутка ўлягуцца, зіма будзе доўгай — і ўсё спіша. Урэшце і ў 2014 годзе Захад заклікаў да нечага падобнага, але чэмпіянат свету так і прайшоў у беларускай сталіцы — у «Мінск-Арэне» і ў «Чыжоўка-Арэне». І ўсе засталіся задаволеныя. Уключаючы замежных заўзятараў, якіх панаехала тысячы і якія атрымалі прорву прыемных уражанняў. Асабліва, як памятаецца, ім спадабалася беларускае піва за 0,5 долара.
Зрэшты, усё цячэ і мяняецца — і цяпер сітуацыя прынцыпова іншая. Па-першае, шэсць гадоў таму людзей не збівалі на вуліцах, не затрымлівалі ў мірных ланцугах салідарнасці і не выпісвалі 15 сутак канвеерным метадам. Ішло плюс-мінус тыповае жыццё, да якога з 1994-га быў час прывыкнуць. Па-другое, пратэсты ў краіне зусім не здзімаюцца, як бы ў тым не пераконвала дзяржаўная прапаганда. У мінулую нядзелю, напрыклад, «здзімацца» зноў выйшлі больш за сто тысяч чалавек, што прыкметна знервавала сілавікоў — супраць дэманстрантаў яны нават выкацілі вадамёты. То-бок, супрацьстаянне працягваецца, палітычная абстаноўка застаецца хісткай, і хто яго ведае, што там будзе за бліжэйшым гістарычным паваротам.
Па-трэцяе, у 2014-м Мінск праводзіў чэмпіянат сам па сабе — без кампаньёнаў. А цяпер мы дзелім форум на дваіх з Рыгай, і адтуль усё гучыць і гучыць крытычная рыторыка.
Другі раз яна прагучала ў верасні. Прычым, пачакаўшы-паглядзеўшы, нашы латвійскія контрагенты выказаліся яшчэ больш катэгарычна. Урад Латвіі накіраваў ІІХФ адкрыты ліст, у якім адзначыў і фальсіфікацыі на выбарах, і гвалт сілавікоў, і рэпрэсіі беларускай улады ў адносінах да грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ. Зрабіўшы выснову, што «такія дзеянні несумяшчальныя з каштоўнасцямі ІІХФ», латвійскі бок, па сутнасці, абвясціў Міжнароднай федэрацыі ўльтыматум: «У сувязі з гэтым урад Латвіі заклікае перадаць статус галоўнага арганізатара чэмпіянату якой-небудзь іншай краіне. Калі ж сітуацыя з правамі і свабодамі чалавека ў Беларусі не зменіцца і адпаведныя рашэнні з боку ІІХФ не будуць прыняты, урад Латвійскай Рэспублікі можа адазваць свае гарантыі ў якасці краіны — арганізатара турніра».
Так, тут трэба падкрэсліць важную бюракратычную дэталь. Прамы партнёр Беларусі ў праекце сумеснага чэмпіянату — не ўрад Латвіі, а Латвійская федэрацыя хакею. Грамадская арганізацыя, якая падпарадкоўваецца ІІХФ. І яна пакуль не адмаўляецца ад ідэі супольнага турніру. Як, зразумела, і федэрацыя беларуская, якая не стамляецца трансляваць знешняму свету заспакаяльны меседж: маўляў, усё ідзе згодна з планам, мы ў пастаянным кантакце з Рыгай, праца кіпіць, а спорт па-за палітыкай.
Аднак калі латвійскія ўлады не адступяцца, то працэс лёгка зойдзе ў ступар. Бо галоўнае ў арганізацыя такога маштабнага мерапрыемства — гэта фінансавыя і адміністрацыйныя гарантыі. А іх дае не федэрацыя, а менавіта кіраўніцтва краіны.
А для яго, кіраўніцтва, кропка незвароту ўжо фактычна пройдзеная. Уключаць заднюю, адмаўляцца ад агучаных дэкларацый — гэта яўная электаральная небяспека. Бо грамадская думка Латвіі пераважна на баку адмовы ад хакейнага супрацоўніцтва з Беларуссю, і з гэтым трэба лічыцца.
ІІХФ чэша рэпу
Штаб-кватэра Міжнароднай хакейнай федэрацыі месціцца ў Цюрыху, і кіруе там 70-гадовы швейцарац Рэнэ Фазэл. Цікава, што сваю пасаду ён заняў у 1994 годзе — у той жа час, як у Беларусі да ўлады прыйшоў Лукашэнка. Не дзіўна, што яны даўно знаёмыя і маюць добрыя стасункі. І даўно вядома, што ІІХФ вельмі кансерватыўная арганізацыя, мала здольная да рэзкіх рухаў і праяваў прынцыповасці.
Аднак рашэнне прымаць менавіта ў Цюрыху, і той пакуль дзейнічае надзвычай асцярожна. Напэўна, спадзяецца, што палітычная сітуацыя ў Мінску ўлагодзіцца сама сабой, але нешта рабіць і хаця б выказвацца пра чэмпіянат–2021 яна патрабуе ўжо цяпер.
Робіць ІІХФ пакуль толькі сімвалічныя крокі. У сярэдзіне верасня была створана экспертная група, якая да лістапада будзе маніторыць падзеі ў Беларусі і потым сфармулюе нейкія высновы. Выказваецца Фазэл таксама максімальна неканкрэтна. Хаця як сказаць… Мяркуйце самі.
«Вельмі складаная сітуацыя, — распавёў журналістам 70-гадовы функцыянер. — Мы сутыкнуліся з палітычным ціскам, які ставіць пад сур’зны сумнеў правядзенне чэмпіянату свету ў Мінску і Рызе...» Ці вось гэта: «Трывожна бачыць тое, што адбываецца ў Беларусі, — у краіне, дзе выдатна прайшоў чэмпіянат–2014. Прама цяпер, калі б турнір павінен быў прайсці ў гэтым месяцы, правесці яго было б немагчыма…» І яшчэ: «Здароўе і бяспека людзей — гэта самае галоўнае. Улічваючы палітычную сітуацыю і рызыку, мы павінны старанна прааналізаваць пытанне правядзення ЧС–2021. На гэта патрэбны час».
Матывацыя ІІХФ у цэлым празрыстая — выйграць час, які яшчэ ёсць. Паглядзець, як будуць развівацца падзеі, і не рабіць рашучых крокаў. Праўда, праз два месяцы пасля выбараў палітычны спакой беларусам, як кажуць, толькі сніцца. Пратэсты на вуліцах упарта працягваюцца, а ў дадатак, што важна, дзяржава актыўна сварыцца з суседзямі. Асабліва па лініі дыпламатычных адносін, дзе адзываюцца паслы, скарачаюцца штаты дыппрадстаўніцтваў, па-ранейшаму гучаць канспіралагічныя страшылкі пра знешняе ўмяшанне, каардынатараў з ЕС ды ўсялякае іншае разгойдванне чоўна замежнымі лялькаводамі.
Ясная справа, што на карысць сумеснага мінска-рыжскага чэмпіянату такая халодная вайна не ідзе. І ў Цурыху гэта добра бачаць.
Дык што будзе?
Жыццё — штука складаная і мнагамерная, і, канешне, нельга выключаць, што Мінск і Рыга неяк зноў зблізяцца і зліюцца ў экстазе, каб усё-ткі рэалізаваць ідэю ЧС–2021 на дваіх. Да траўня часу хапае, і хто яго ведае, як яшчэ ператасуецца калода. Таму гэты варыянт адкідваць не будзем.
Аднак пакуль справа ідзе да таго, што пасля пэўнага дэдлайну ІІХФ давядзецца склікаць пазачарговы кангрэс і выбіраць адно з двух — аддаваць перавагу Мінску ці Рызе. Два шляхі — і ў кожнага свае недахопы.
Латвія ўласнымі сіламі правесці чэмпіянат не зможа. Для гэтага патрэбна мець два элітныя лядовыя палацы, а там ёсць толькі адзін. Значыць, замест Беларусі нашы балтыйскія суседзі павінны знайсці іншага кампаньёна. Пытанне складанае, але вырашальнае. І ў Рызе нефармальна ўжо агучваюць, што падцягнуць можна, напрыклад, Хельсінкі. Паміж латвійскай і фінскай сталіцамі ўсяго 400 кіламетраў па паветры — гэта бліжэй, чым нават паміж Рыгай і Мінскам. Трохі далей шведскі Стакгольм — праўда, праз мора. Лагістыка складваецца — справа за адпаведнымі дамоўленасцямі.
Мінск без памагатых турнір пацягне лёгка — ёсць і «Мінск-Арэна», і «Чыжоўка». Дый дзяржава дзеля такога геапалітычнага банкету расшчодрыцца на грошы, каб уцерці нос заходнім дэмакратам. Але выдаткі тут іншага кшталту, і адмахнуцца ад іх Цюрыху будзе цяжка. Чэмпіянат тады стане надзвычай «палітычным», і вялікае пытанне, які розгалас гэта атрымае ў хакейным свеце. Вось і Еўрапарламент выступае супраць таго, каб вясной будучага года ў Беларусі гулялі сусветныя лядовыя зоркі.
Нарэшце, і самі зоркі — чэшскія, фінскія, амерыканскія ці канадскія — таксама невядома, як адрэагуюць на канчатковы выбар на карысць Мінска. На Захадзе грамадзянскую пазіцыю можна выказваць беспакарана, і за байкот аднаго асобна ўзятага турніру ніхто цябе не звольніць і не пазбавіць кантракта. Дастаткова прыгадаць, як адмовіўся ехаць у Беларусь сапернік мінскага «Дынама» па КХЛ фінскі «Ёкерыт». І як ён за гэта атрымаў шмат рэспектаў ад заўзятараў розных краін, уключаючы нашу.
Замежныя аматары хакея, дарэчы, таксама ў Мінск могуць не заспяшацца. У грамадзянскіх учынках яны нават больш адчайныя, чым спартсмены. І што ж за чэмпіянат тады атрымаецца? Гледачы не даехалі і не зрабілі касу. Сапернікі таксама прыбылі не ў лепшым выглядзе — і не забяспечылі спартыўны ўзровень. Такі хакей нам патрэбны?
Але самае галоўнае крыецца ў іншым. Што будзе ў бліжэйшай — і не толькі — будучыні з самой Беларуссю. Як доўга працягнецца і чым скончыцца самаадданы беларускі пратэст. Ад гэтага залежыць уся наша нацыянальная перспектыва.
І хакей — толькі частка яе, хаця і вельмі сімвалічная.