Паралімпіец Аляксандр Ігнатовіч: «Я паглядзеў на сваю краіну па-новаму»
«Я спартсмен, а ў спартсмена павінна быць цвёрдая грамадзянская пазіцыя», — гаворыць паралімпіец Аляксандр Ігнатовіч. Ён адным з першых падпісаў ліст «Свабоднага аб’яднання спартсменаў» супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту. У інтэрв’ю «Новаму Часу» Аляксандр распавёў пра тое, з якімі праблемамі сутыкнуўся ў спорце і ў жыцці.
Ракавая траўма і шлях у спорт
З Аляксандрам Ігнатовічам мы сустракаемся каля аднаго з цэнтраў настольнага тэніса ў Мінску, дзе малады чалавек трэніруецца. У свае 30 з невялікім ён — майстар спорту па футзале, настольным тэнісе, васьміразовы чэмпіён Беларусі і шматразовы чэмпіён і прызёр міжнародных спаборніцтваў, дзесяціразовы чэмпіён Беларусі і ўдзельнік чэмпіянату Еўропы-2019 па настольным тэнісе. Вывучыўся на праграміста, працуе менеджарам па продажы камп’ютарнай тэхнікі, мае каханую жонку і дзяцей, водзіць машыну. А яшчэ ў Аляксандра інваліднасць.
Мой суразмоўца нарадзіўся ў сям’і ваеннага ў Магдэбургу, потым бацьку накіравалі служыць ва Узбекістан. Хлопец з самага дзяцінства быў актыўным, і, калі яму было тры гады, гэта адыграла паваротную ролю ў яго жыцці: ён трапіў пад матацыкл. Аляксандр атрымаў чэрапна-мазгавую і спіннамазгавую траўмы, і дактары не давалі аніякіх добрых прагнозаў, хлопец не мог нават сядзець без дапамогі падушак. Але паступова ён стаў адчуваць сябе лепш. Сашу хацелі адправіць на рэабілітацыю ў Маскву, але тут разваліўся Савецкі Саюз, і бацьку хлопца перавялі на радзіму ў Беларусь.
Доўгі час дактары з года ў год проста перапісвалі дыягназ Аляксандра. Але, пасталеўшы, ён захацеў разабрацца ў сваёй праблеме. Выявілася, што ў маладога чалавека ёсць пустоты ў нервавым спінальным канале і гэта перашкаджае яму цалкам аднавіцца пасля траўмы. Гэтая з’ява называецца сірынгамелія, вылечыць яе немагчыма і трэба рэгулярна кантраляваць, ці не павялічваюцца пустоты.
У спорт Аляксандр прыйшоў услед за старэйшым братам. Пачалося ўсё з гандбола. Потым — футзал, настольны тэніс, плаванне…
— Мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў плаванні, але на той момант я плаваць яшчэ не ўмеў. Мяне спрабавалі вучыць, але нічога не атрымлівалася. І неяк у сёмым класе мы пайшлі з сябрамі на рэчку. Мяне стала зносіць плынню, і водарасці пачалі чапляцца за ногі. Я набраў паветра, лёг на ваду і стаў грэбсці рукамі — і ў мяне атрымалася праплыць! — апавядае Аляксандр.
Пайшоў у каледж, бо там была секцыя па настольным тэнісе
З 1 да 11 класа Аляксандр жыў у гарадскім пасёлку Рось. Пасля школы паступіў вучыцца ў радыётэхнічны каледж у Мінску.
— Я ўсё жыццё марыў быць эканамістам, але зразумеў, што інжынерна-тэхнічная адукацыя больш запатрабаваная, і я пайшоў на праграміста, — прызнаецца Аляксандр.
Адметна, што каледж ён выбіраў паводле наяўнасці там секцыі настольнага тэніса.
— Я прыходжу ў каледж, запытваюся пра тэнісны стол. Мне кажуць, што ён быў, але яго даўно ўжо спісалі. Але я пайшоў да загадчыцы — і цягам месяца каледж набыў два тэнісныя сталы, і ў нас з’явіліся трэніроўкі.
Але з плаваннем тым часам усё чамусьці заглухла. Жывучы ў Росі, Аляксандр выступаў на спаборніцтвах за Гродна. Аднойчы паехаў на чэмпіянат Беларусі і, да свайго здзіўлення, выйграў яго. Потым стаў плаваць на разрад кандыдата ў майстры спорту. Але пасля пераезду ў Мінск маладога чалавека перасталі запрашаць на спаборніцтвы па плаванні.
— Гэта крыўдна, бо ўсе крычаць, што трэба развіваць спорт, павінна быць матывацыя, каб людзі з інваліднасцю маглі ім займацца, а тут абразаецца колькасць удзельнікаў. Апошнія шэсць гадоў я не плаваю, хоць кажуць, што будуць запрашаць, — зазначае Аляксандр.
«Выступаеш дрэнна — вінаваты ты. Добра — дзяржава ставіць сабе птушачку»
Затое ў каледжы ў яго жыцці з’явіўся футбол. Каманда, у якой гуляў Аляксандр, ездзіла на чэмпіянаты рэспублікі, на спаборніцтвы ў Расію і ва Украіну. Супернічаць даводзілася нават з паралімпійскімі чэмпіёнамі Алімпіяды ў Сіднэі.
— Увесь час нас кармілі сняданкамі, што ў Беларусі з’явіцца федэрацыя паралімпійскага футбола, каб можна было ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету з магчымасцю атрымаць ліцэнзію на Паралімпійскія гульні. Але аднойчы два нашыя трэнеры не сышліся ў меркаваннях і вырашылі падзяліцца. Бо адзін разглядаў спорт як спосаб рэабілітацыі дзяцей, а ў нас была мэта на вынік. З гэтага часу ў наш бок пасыпаліся пагрозы і абвінавачанні.
У выніку каманду выключылі са спаборніцтваў.
Са спартыўнымі праблемамі Аляксандр сутыкнуўся не толькі ў футболе, але і ў настольным тэнісе.
— У нас ёсць толькі чэмпіянат рэспублікі, і ён абсалютна не рэйтынгавы. Ты не можаш зразумець, на якім узроўні гуляюць спартсмены за мяжой. Так, у нас адкрыты чэмпіянат, і на яго рэгулярна прыязджаюць літоўцы. Але гэта не той узровень, каб зразумець, да чаго трэба імкнуцца.
Неўзабаве Аляксандру надакучыла спадзявацца на некага, і ў 2019 годзе ён на краўдфандынгу сабраў грошы на паездку на чэмпіянат Еўропы ў шведскі Хельсінгборг — узнос туды каштуе 1200 еўра.
— Людзі дапамаглі сабраць мне грошы, я паехаў з трэнерам і яшчэ з адной дзяўчынай з Брэста. І нам пастаянна тэлефанавалі з федэрацыі спорта, хаця яны не ўклалі ні капейкі, і запытваліся: «Ну, як спартсмены?» І такая сітуацыя заўжды: калі ты выступаеш дрэнна, то вінаваты ты альбо трэнер. А калі добра, то дзяржава адразу ставіць сабе «птушачку», бо гэта нашы трэнеры і спартсмены і мы прыклалі для гэтага ўсе намаганні.
Аляксандр распавядае, што падчас чэмпіянатаў рэспублікі ў Раўбічах ці Стайках пражыванне даводзіцца выбіваць праз скандал.
— Калі чэмпіянат праходзіць на адлегласці ад Мінска і кожны дзень даводзіцца ездзіць туды-назад — дзе канкурэнтныя магчымасці для спартсменаў? Нехта ў гэты час адпачывае, а ты едзеш дадому. І калі заўтра спаборніцтвы пачынаюцца а 9-ай раніцы, ты думаеш, як табе ўстаць а 5-ай, каб даехаць туды.
Паводле слоў суразмоўцы, прызавыя налічэнні за першае месца на чэмпіянаце рэспублікі цяпер складаюць 50 рублёў. Аляксандр кажа, што эквівалент гэтай жа суме спартсмены атрымлівалі яшчэ ў 2002 годзе.
— А сёлета я даведаўся, што на чэмпіянаце рэспублікі па плаванні нават не плацілі прызавыя за першае месца, — гаворыць паралімпіец.
За працу і правы кіроўцы давялося змагацца
Аляксандр Ігнатовіч зазначае, што яму не даводзілася сутыкацца са стэрэатыпным стаўленнем да магчымасці чалавека з інваліднасцю займацца спортам. Часцей гэта выклікала захапленне, асабліва падчас спаборніцтваў са здаровымі людзьмі.
А вось з чым былі перашкоды, дык гэта з пошукам працы. Пасля вучобы ў каледжы Аляксандр планаваў па размеркаванні працаваць на «Інтэграле». Але на камісіі па размеркаванні яму заявілі, што месцаў няма і яго ўзяць не могуць. Як высветлілася, прычынай адмовы стала інваліднасць. Тады Аляксандр запатрабаваў вольнае працаўладкаванне і стаў шукаць працу ў камп’ютарных фірмах. Для гэтага давялося прайсці праз мноства сумоўяў.
— Нікога не хвалявалі мой узровень ведаў і магчымасці, усе глядзелі на мяне як на вокладку для сваёй кампаніі. Нават выпрабаваўчы тэрмін ніхто не прапаноўваў.
За час пошука працы Аляксандр паспеў атрымаць правы кіроўцы. Гэта таксама далося не так проста: тады, у 2010 годзе, бліжэйшым да Мінска месцам, дзе людзей з інваліднасцю вучылі кіраваць машынай, была Вілейка. Прыйшоўшы па медыцынскую даведку, Аляксандр пачуў: у вас чэрапна-мазгавая траўма, вы не можаце кіраваць аўтамабілем. Для таго, каб атрымаць даведку, хлопец мусіў цягам пяці дзён прадаставіць вынікі МРТ, якія б засведчылі адваротнае. І ён гэта зрабіў.
Прыехаўшы ў Вілейку, ён са здзіўленнем убачыў, што з групы ў 20 чалавек 13 былі з Мінска, хоць яму казалі, што ў сталіцы групы не набіраюць, бо гэта незапатрабавана.
Паколькі ў Аляксандра праблемы з нагамі, яму выдалі дазвол на ручное кіраванне. Але калі адна нага здаровая і дазваляе ездзіць на аўтамаце, то гэта можна рабіць. Таму ў аўташколе Аляксандр вучыўся на аўтамабілі не з ручным кіраваннем, а з камібінаваным.
Аляксандр набыў машыну і за 10 гадоў аб’ехаў на ёй мноства краін, але на медкамісіях яму ўвесь час пярэчаць, што ён не можа ездзіць на машыне з каробкай-аўтамат. Цяпер у яго дакументах кіроўцы пазначана мадыфікаванае ручное кіраванне.
«Я паглядзеў на сваю краіну па-новаму»
— Я спартсмен, а ў спартсмена павінна быць цвёрдая грамадзянская пазіцыя, — тлумачыць Аляксандр свой подпіс пад лістом «Свабоднага аб’яднання спартсменаў».
Але яго прыклад падтрымалі няшмат спартсменаў-паралімпійцаў, хаця Аляксандр кажа, што яны ў большасці падзяляюць яго пазіцыю, бо цяперашні ўзровень развіцця спорту і пенсіі іх не задавальняюць. Але яны маўчаць, бо баяцца страціць працу.
— Людзі з інваліднасцю баяцца, бо для іх гэта адзіны варыянт зарабіць, і, калі іх выганяць, ім не будзе куды падацца. Сярод майго атачэння ёсць чалавек, які заўсёды крытыкаваў адсутнасць развіцця і стаўленне да людзей з інваліднасцю, але ён знайшоў працу ў сябе ў горадзе ў структуры спорту і падпісаў праўладны ліст.
Аляксандр разумее, што праблема — ва ўсёй сістэме. Рэгрэс ён назірае паўсюль, не толькі ў спорце, у якім ён ужо 20 гадоў, хаця гэты прыклад для яго найбольш яскравы. Паводле яго слоў, Паралімпійскі камітэт ніяк не дапамагае яму, усе яго дасягненні — вынік уласнай працы і ўкладанняў.
Апошнім часам праз каронавірус трэніроўкі давялося абмежаваць, і Аляксандр звярнуўся ў Фонд спартыўнай салідарнасці з просьбай знайсці магчымасці, каб ён мог падтрымліваць сваю фізічную форму. Фонд падарыў Аляксандру прафесійны тэнісны стол. Цяпер спартсмен можа трэніравацца дома і мае намер атрымаць ліцэнзію на Паралімпійскія гульні — у складзе зборнай Беларусі ці пад нейтральным сцягам.
— Мая мэта — паказаць уладам у Паралімпійскім камітэце і Міністэрстве спорта, што яны катэгарычна не маюць рацыі ў тым, якую палітыку праводзіць па развіцці спорту ў краіне. Нашы спартсмены могуць дамагчыся большага, калі ўкладваць у іх крыху больш любові, разумення і фінансавання.
Запытваюся, ці не было ў Аляксандра жадання памяняць умовы на больш спрыяльныя для спартыўнага развіцця і пераехаць у іншую краіну.
— У мяне былі такія думкі, калі я быў адзін, у мяне не было сям’і, — прызнаецца ён. — Але пасля жніўня 2020 года, калі суседзі пачалі пазнаваць адно аднаго і вітацца, у мяне расплюшчыліся вочы. Я паглядзеў на сваю краіну па-новаму.
Калі я круціўся ў паралімпійскай супольнасці, мне заўжды здавалася, што здаровыя спартсмены, якія маюць пэўныя рэгаліі, стаяць на іншым баку барыкад і ніколі мы з імі не будзем нароўных. Але насамрэч усё не так. Гэта такія ж самыя людзі, мы пасябравалі, у мяне шмат знаёмых сярод іх. Яны, як і ўсе беларусы, неверагодныя. І калі мы разам будзем працягваць у тым жа рэчышчы, у нас усё абавязкова атрымаецца.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева