Ці будуць медалі? Моманты ісціны для беларускіх спартсменаў на Алімпіядзе

Як сачыць за спаборніцтвамі ў Пекіне, не марнуючы час?

1_526.jpg


Сёння ў сталіцы Кітая афіцыйна пачынаюцца 24-я зімовыя Алімпійскія гульні. Каляндар спаборніцтваў насычаны літаральна як бочка з селядцом, і недасвечанаму заўзятару лёгка заблытацца, з’ехаць з глузду недзе паміж скелетонам і кёрлінгам. «НЧ» паклапаціўся, каб гэтага не здарылася, каб вы ўбачылі галоўнае з удзелам беларускіх атлетаў.
Мы склалі адмысловы дапаможнік — вылучылі ў алімпійскім графіку ключавыя даты, якія могуць стаць знамянальнымі для айчыннага спорту. А могуць і не стаць, бо вы ж усё самі разумееце. Алімпіяда — штука надзвычай непрадказальная.
Сем відаў спорту, 19 дысцыплін, 91 краіна, 109 камплектаў медалёў — такі мудрагелісты лічбавы код Гульняў-2022. І ўжо вядома, што пачэсны пасад між народамі Беларусі ў Пекіне заняць будзе складана. На тым стаіць калектыўная спартыўная аналітыка, якая бачыць вынікі беларусаў у калідоры ад нуля (ёсць і такія ацэнкі) да трох-чатырох узнагарод.
Нічога сенсацыйнага ў тым няма. Пасля заканчэння кар'еры зорнай біятланісткі Дар’і Домрачавай, якая ўласнымі намаганнямі магла заваяваць на адной Алімпіядзе тры залатыя медалі, фанфары ў беларускім зімовым спорце адчувальна пацішэлі. А тут яшчэ на вачах згасае і вечна паспяховы фрыстайл — прывітанне тым харошым людзям, што засунулі ў доўгую шуфляду трэнера Мікалая Казеку і таленавітую Аляксандру Раманоўскую. І прывітанне агульнаму скепсісу, які цалкам заканамерны.
Зрэшты, нагоды для вясёлкавых прагнозаў адшукваюцца таксама лёгка. Найперш, вядома, у біятлоне, дзе паспяхова страляць-бегаць навучылася новае пакаленне. Гэта і Дзінара Алімбекава, і Ганна Сола, і Антон Смольскі. На этапах Кубка свету яны спраўна патраплялі на прызавыя месцы, то і ў Пекіне шанцы таксама маюць. У фрыстайле нейкая імавернасць на медаль таксама існуе, і звязаная яна, у першую чаргу, з чэмпіёнкай Пхенчхана-2018 Ганнай Гуськовай. Аднак трэба прызнаць, што праз шэраг траўм і іншыя абставіны лідарка беларускіх «снежных акрабатаў» сёння не ўваходзіць у спіс безагаворачных фаварытаў.

Ганна Сола

Ганна Сола

Беларусь дэлегавала ў Пекін амаль тры дзясяткі спартсменаў. Плюс, вядома, чыноўнікі, функцыянеры, трэнеры і персанал, мінус кіраўнік НАК Віктар Лукашэнка, які перабывае пад санкцыямі… Атрымліваецца даволі прадстаўнічая дэлегацыя, хаця нават афіцыйная прэса адзначае, што сярод удзельнікаў хапае «турыстаў».
29 беларускіх атлетаў будуць спаборнічаць у шасці дысцыплінах: біятлон, фрыстайл, канькі, фігурнае катанне, лыжы і горныя лыжы.
Лыжы і фігурнае з медальных разлікаў выкрэсліваем адразу — гэта будуць акурат турыстычныя практыкаванні. Канькі таксама выносім за дужкі, хіба толькі з больш стрыманай рыторыкай — на знак павагі да старанняў Марыны Зуевай і Ігната Галавацюка. Застаецца тое, з чаго пачалі — біятлон і фрыстайл.
То цяпер якраз зазірнём і ў каляндар.

Фрыстайл: 13 камплектаў узнагарод, але «беларускія» толькі тры

Змагацца за медалі ў Пекіне фрыстайлісты будуць амаль усю дарогу — ажно да 19 лютага, перадапошняга дня Гульняў. Але тут важна падсвяціць асаблівасці гэтага тэхналагічнага віда спорту.
Фрыстайл — гэта зусім не толькі скачкі ў вышыню з лыжамі ды піруэтамі, што даўно спасціглі беларускія спартсмены. Гэты яшчэ цэлы шэраг практыкаванняў, назвы якія мала пра што скажуць шараговаму заўзятару. Могул, біг-эйр, слоўпстайл, хафпайп, скі-крос… Праз гэта, часта штучнае, мноства дысцыплін зімовыя Гульні часам крытыкуюць — маўляў, сквапны МАК нацягвае саву на глобус, прыдумляючы ўсё новыя спаборніцтвы дзеля павышэння прыбыткаў. Аднак як ёсць, так ёсць — не будзеш жа ты праводзіць Алімпіяду толькі за кошт хакея, лыжаў і біятлону.

Ганна Гуськова

Ганна Гуськова

Класічны падвід фрыстайлу — тыя самыя скачкі — называецца акрабатыкай. І менавіта тут у Беларусі поспехі, традыцыі, гісторыя. Менавіта тут прынцыповая грамадзянская пазіцыя, бо зборная фрыстайлістаў, бадай, была найбольш адзінай і паслядоўнай падчас палітычных падзей 2020-га. І тут атлеты цяпер разыграюць толькі тры камплекты ўзнагарод. У мужчын, жанчын і ў змяшаным камандным варыянце (тры чалавекі рознага гендару).
Час акрабатыкі ў Пекіне — з 10 да 16 лютага. Калі цікава, не забудзьцеся ўключыць тэлевізар.
Удзельнікі: Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік, Павел Дзік, Макар Мітрафанаў, Ганна Гуськова, Анастасія Адрыянава, Ганна Дзяруга.
Каляндар: 10 лютага — змяшаная камандная акрабатыка; 13 лютага — жанчыны (кваліфікацыя); 14 лютага — жанчыны (фінал); 15 лютага — мужчыны (кваліфікацыя); 16 лютага — мужчыны (фінал).

Біятлон: 11 камплектаў узнагарод, велізарная канкурэнцыя

Барацьба за медалі ў біятлоне расцягнецца з 5 да 19 лютага — суцэльны алімпійскі нон-стоп, і паўсюль там будуць беларускія ўдзельнікі. Бадай, гэта самая важкая адметнасць Гульняў, бо ў хакеі нашы суайчыннікі годных вынікаў даўно не дасягаюць і ў Алімпіядах не ўдзельнічаюць.
Біятлон жа трымаецца на маршы, хаця, вядома, магло быць і лепш. Так ці інакш, але від медалеёмісты, і якраз на яго ўскладаюць надзеі не толькі зацятыя заўзятары, але і чыноўнікі, якім пасля Пекіна справаздачыцца аб дасягненнях. Летнюю Алімпіяду ў Токіа беларусы правалілі, паказаўшы найгоршы вынік у гісторыі, плюс патрапілі ў сусветны скандал з лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай. Як будзе ў лютым у Пекіне — паглядзім.
«Паглядзім» у біятлоне скрозь — і ў «індывідуалках», і ў спрынтах, і ў масс-стартах і ў пераследаванні. Асабліва дынамічнае відовішча — зразумела, эстафета, дзе часам здараюцца амаль што галівудскія сюжэты.
Удзельнікі: Дзінара Алімбекава, Алена Кручынкіна, Ірына Лешчанка, Аліна Пільчук, Ганна Сола, Максім Варабей, Раман Ялётнаў, Дзмітрый Лазоўскі, Мікіта Лабастаў, Антон Смольскі.
Каляндар: 5 лютага — змяшаная эстафета; 7 лютага — жанчыны, індывідуальная гонка; 8 лютага — мужчыны, індывідуальная гонка; 11 лютага — жанчыны, спрынт; 12 лютага — мужчыны, спрынт; 13 лютага — жанчыны, гонка пераследавання, мужчыны, гонка пераследавання; 15 лютага — мужчыны, эстафета; 16 лютага — жанчыны, эстафета; 18 лютага — мужчыны, масавы старт; 19 лютага — жанчыны, масавы старт.
Такім чынам: першы дзень, калі беларусы будуць прэтэндаваць на медалі, ужо заўтра — 5 лютага: змяшаная эстафета ў біятланістаў. А далей час будзе толькі прыспешвацца ў калейдаскопе падзей. Хіба толькі кавід таму можа перашкодзіць, бо вунь і сярод беларусаў ужо ёсць пацярпелыя: біятланістку Алену Кручынкіну адправілі на каранцін.
Аднак увогуле выглядае, кітайцы навучыліся паспяхова купаваць ліпучы амікрон. І, уласна кажучы, Гульні трэці дзень як набіраюць хаду, стартаваўшы ў сераду ранішнімі кваліфікацыямі.
Жанчыны ўжо ў хакей гуляюць.
Фота «Reuters», cctvplus.com.